Спытайце ў «Праменя»

На сувязі - рэдакцыя Нумары

У рэдакцыю звярнулася грамадзянка В. з просьбай дапамагчы вырашыць пытанне, якое яе хвалюе. «У 2007 годзе мая дачка заключыла шлюб з грамадзянінам Н. Пазней Н. зарэгістраваўся ў маім жылым доме як член сям’і і стаў там пражываць. У 2014 годзе мая дачка скасавала шлюб, аднак ён высяляцца з майго дома і зняцца з рэгістрацыйнага ўліку адмаўляецца. Ці магу я выселіць і зняць з рэгістрацыйнага ўліку майго былога зяця?»

На гэтае пытанне дае адказ адвакат юрыдычнай кансультацыі Стаўбцоўскага раёна Т. БЫЧАК:

– Калі ваш былы зяць адмаўляецца ў добраахвотным парадку зняцца з уліку рэгістрацыі, то адзіны выхад – звярнуцца ў суд. У адпаведнасці з п. 3 арт. 1 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь Н. з’яўляецца былым членам сям’і, ён страціў статус уласніка жылога памяшкання ў выніку скасавання шлюбу. Згодна з п. 5 арт. 157 Жыллёвага кодэкса Н., як былы член сям’і ўласніка жылога памяшкання, страчвае права валодаць і карыстацца гэтым жылым памяшканнем. Таму вам неабходна звярнуцца ў суд з заявай аб высяленні Н. з дома, які належыць вам. У адпаведнасці з абз. 5 ч. 1 п. 37 Палажэння аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы прабывання, зацверджанага указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.09.2007 № 413 «Аб удасканальванні сістэмы ўліку па месцы жыхарства і месцы прабывання», зняцце грамадзян з рэгістрацыйнага ўліку праводзіцца органам рэгістрацыі ў выпадку высялення з займаемага жылога памяшкання. На падставе рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу, калі Н. будзе з вашага дома выселены, то будзе зняты і з рэгістрацыйнага ўліку.

***

На пытанне нашых чытачоў: хто мае права на сямейны капітал, дзе і як яго аформіць, а таксама хто і якім чынам можа патраціць грашовыя сродкі, адказвае адвакат раённай юрыдычнай кансультацыі Ксенія Цвірка.

– У адпаведнасці з законам права на сямейны капітал маюць грамадзяне пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, якія нарадзіліся ў перыяд з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года. Пры гэтым траім дзецям у сям’і не павінна быць больш за 18 гадоў. Рэалізаваць права на назначэнне сямейнага капіталу можна на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння, усынаўлення (удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. Сямейны капітал назначаецца толькі адзін раз.

Першае, што трэба зрабіць сям’і, якая мае права на сямейны капітал, – звярнуцца з заявай у выканкам па месцы жыхарства і прад’явіць неабходныя дакументы. Паведамленне аб прынятым рашэнні павінна быць выслана па пошце заяўніку на працягу пяці дзён. Само рашэнне даецца ў выканкаме асабіста.

Для залічэння сродкаў сямейнага капіталу грамадзяніну, якому ён назначаны, неабходна адкрыць дэпазітны рахунак «Сямейны капітал» у аддзяленні  ААТ «ААБ Беларусбанк» па месцы назначэння сямейнага капіталу і падаць патрэбныя дакументы. Зрабіць гэта неабходна не пазней як за шэсць месяцаў з даты прыняцця рашэння. У выпадку, калі грамадзянін, якому назначаны сямейны капітал, не мае магчымасці звярнуцца для яго адкрыцця, дэпазітны рахунак можа быць адкрыты на аднаго з членаў сям’і. 

Права распараджацца сродкамі сямейнага капіталу маюць усе члены сям’і. Узнікае яно пасля 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, яго ўсынаўлення або ўдачарэння. Толькі неабходна будзе зноў звярнуцца з заявай у выканаўчы камітэт. А рэалізаваць права на зварот для распараджэння сродкамі сямейнага капіталу грамадзяне могуць на працягу трох гадоў пасля таго, як дзіцяці споўнілася 18 гадоў. Распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу са згоды членаў сям’і можа ажыццяўляць адзін з членаў сям’і. Таму, перш чым звярнуцца ў мясцовы выканаўчы або распарадчы орган, членам сям’і неабходна вызначыць, хто будзе распараджацца сродкамі. Згода на прадастаўленне права распараджацца ўсімі сродкамі сямейнага капіталу аднаму члену сям’і завяраецца натарыяльна. Калі да такой згоды не прыйшлі, то заява аб распараджэнні сродкамі падаецца адным з паўналетніх членаў сям’і або законным прадстаўніком непаўналетняга члена сям’і, і сямейны капітал размяркоўваецца паміж усімі членамі сям’і пароўну. У такім выпадку ўсе члены сям’і павінны звярнуцца ў ААБ «Беларусбанк» для адкрыцця спецыяльнага асобнага дэпазітнага рахунку «Сямейны капітал» на сваё імя з залічэннем на яго грашовых сродкаў сваёй долі.

Сродкі сямейнага капіталу не наследуюцца, вызваляюцца ад падатку з фізічных асоб, на іх не можа быць накладзена спагнанне. Прыбаўленне ў сям’і пасля назначэння сямейнага капіталу не ўплывае на яго памер. Сродкі сямейнага капіталу, адносна якіх грамадзяне не звярнуліся з заявай на працягу трох гадоў пасля спаўнення  васямнаццаці гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я набыла права на сямейны капітал, належаць вяртанню ў даход рэспубліканскага бюджэту.

Грашовыя сродкі пералічваюцца банкам безнаяўным шляхам у беларускіх рублях па афіцыйным курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на дзень іх пералічэння на рахункі юрыдычных або фізічных асоб у адпаведнасці з выбраным грамадзянамі накірункам выкарыстання.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *