Гораду не хапае паркоўкі

Нумары Прамая лінія Факты, падзеi, людзi

park
Напрыканцы 2013 года ладзілася прамая тэлефонная лінія з райаддзелам міліцыі. На пытанні, якія паступілі, даваў адказы першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі – начальнік крымінальнай міліцыі Іван Мамайка.
Стаўбчанку з вуліцы Якуба Коласа турбуе праблема руху велікагрузнага транспарту. Маўляў, хоць і стаяць забараняльныя дарожныя знакі, усё роўна самазвалы не аб’язджаюць, а рухаюцца па вуліцы.
— Дарожныя знакі, якія забараняюць грузавому транспарту рух па вашай вуліцы, устаноўлены. Супрацоўнікі ДАІ перыядычна кантралююць іх выкананне. Прааналізуем гэтае пытанне. На імя кіраўніка арганізацыі, вадзіцелі якой дапускаюць парушэнні правілаў дарожнага руху, накіруем прадстаўленне.
Я. К. Сугак з Літвы звярнулася ў міліцыю з заявай адносна таго, каб прыцягнуць да адказнасці яе новых суседзяў, якія парушаюць правапарадак.
– Ваш ліст з заявай мы атрымалі. Ён зарэгістраваны і накіраваны для разгляду ўчастковаму інспектару.
Званок са Стоўбцаў: «У мяне муж працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Калі прыязджае з рэйса позна вечарам, неабходна дзесьці паставіць фуру. Прыходзіцца на вуліцы, пад акном, таму што спецыяльных стаянак няма. Чула, што хуліганы колы ў машынах рэжуць, шкло б ‘юць… Якое выйсце?»
– У снежні ў Стоўбцах былі зафіксаваны тры факты наўмысных парэзаў колаў аўтамабіляў. Высветлілася, што, хутчэй за ўсё, людзі пасварыліся, а потым такім вось чынам «высвятляюць» адносіны паміж сабою… Але, акрамя пашкоджання маёмасці, сапраўды ёсць праблема паркоўкі ў горадзе велікагрузных аўтамабіляў. Вадзіцеляў-дальнабойшчыкаў у нас пражывае дастаткова, а машыну паставіць ім няма дзе. Некаторыя паркуюцца насупраць аўтазапраўкі па вуліцы Магістральнай, хаця гэтая «кішэня» не прадугледжана для такіх мэтаў. Ідуць нараканні з боку стаўбчан. А цяпер зіма, неабходна чысціць снег, і прыпаркаваны ў неўстаноўленых месцах транспарт перашкаджае дарожнікам, камунальнікам, якія вядуць уборку вуліц. Райцэнтру патрэбна ахоўная аўтастаянка. На тэрыторыі аўтапарка нядаўна была адкрыта так званая штрафстаянка, але да аказання паслуг стаянкі ўсім жадаючым пакуль яшчэ не дайшло. Неабходна вырашаць праблему.
– Нашы дзеці «прападаюць» у камп’ютары. Мы баімся за іх здароўе, як і за тое, што яны там глядзяць, чым бавяць час. На што, на вашу думку, неабходна звярнуць асаблівую ўвагу?
– Вы вельмі правільна ставіце пытанне: якую інфармацыю атрымліваюць нашы дзеці праз камп’ютарную сетку, што самі размяшчаюць на сваіх старонках у сацыяльных сетках? Нядаўна намі была ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 19-гадовага хлопца – за размяшчэнне на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках відэа з парнаграфічным зместам. Паколькі яно даступна і для іншых, то гэта расцэньваецца як факт распаўсюджання інфармацыі, за якую прадугледжана крымінальная адказнасць. У сувязі з гэтым майце на ўвазе, што бацькоўская пільнасць ніколі не будзе лішняй. Сачыце за сваімі дзецьмі, каб папярэдзіць іх ад супрацьпраўных дзеянняў.
– Раней вы гаварылі пра факты карупцыі, у тым ліку ў сістэме адукацыі. Хацелася б ведаць, якую адказнасць панеслі гэтыя людзі.
– У адносінах да аднаго былога дырэктара школы ўзбуджаны дзве крымінальныя справы – за крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам і за службовы падлог. Яны знаходзяцца ў вытворчасці органаў Следчага камітэта. За апошні час работнікамі міліцыі выяўлены ў раёне свежыя факты карупцыйнага характару. Напрыклад, узбуджана крымінальная справа ў адносінах да дырэктара аднаго з сельскіх дамоў культуры. Інкрымінуецца крадзеж грашовых сродкаў (па папярэдніх падліках, гэта больш за дзевяць мільёнаў рублёў) шляхам афармлення на работу падстаўных асоб. На кантролі ў нас пытанне асваення дзяржаўных сродкаў на аб’ектах, дзе вядзецца мадэрнізацыя. За службовы падлог узбуджана крымінальная справа ў адносінах да былога дырэктара ААТ «Шашкі».
– Мяне падмануў індывідуальны прадпрымальнік, які абяцаў паставіць будаўнічыя матэрыялы. Грошы яму банк пералічыў, а матэрыялаў так і няма… Што рабіць?
– Нельга губляць пільнасці і верыць абяцанням там, дзе вы рызыкуеце пэўнай сумай грошай. Махляры, якія не думаюць выконваць свае абавязацельствы, ёсць заўсёды, яны і карыстаюцца людской даверлівасцю. Так, у снежні ў міліцыю звярнуўся падмануты жыхар раёна па прычыне недавезеных будаўнічых матэрыялаў для ўзвядзення дома. Прадпрымальнік, у якога ён хацеў набыць іх, прапанаваў яму закрыць крэдытную лінію перш, чым прывёз будаўнічыя матэрыялы. Праводзіцца праверка, калі вам вядомы падобныя факты – неабходна тэлефанаваць у міліцыю па тэл. 5-46-31, 5-51-60 або 102.
– Чытаў у газеце, што з фермы прапала карова. Ці знайшлі злодзея?
– Міліцыя праводзіць мерапрыемствы па ўстанаўленні злачынцаў, якія ўкралі карову з фермы ў вёсцы Дружная. Карова каштуе восем мільёнаў рублёў, і гэта ўжо другі крадзеж з данай фермы – варта задумацца. Крадзяжы, у тым ліку і маёмасці грамадзян, здараюцца часцей за ўсё там, дзе ёсць для гэтага ўмовы. Чаму не красці, калі адсутнічае вартаўнік, няма замкоў, асвятлення? У ідэале варта здаваць свае аб’екты, дачы, дамы і кватэры пад ахову аддзялення «Ахова». Гэта надзейны спосаб зберагчы сваю маёмасць ад зладзеяў.
Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *