Летнімі днямі

Нумары Спорт Факты, падзеi, людзi

ДЗЕНЬ З ВЯДУЧЫМІ «СУПЕРЛАТО»

«Мы – за здаровы лад жыцця» – пад такім дэвізам праходзіць чацвёртая змена ў аздараўленчым лагеры «Нёман». Незабыўным і яркім для дзяцей застанецца той жнівеньскі дзень, калі ў рамках акцыі «Суперканікулы СУПЕРЛАТО» ў госці да іх прыехалі вядучыя і рэдактары вядомай тэлевізійнай праграмы. У гэты ж дзень вучняў наведалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзела дзяржаўнай аўтаінспекцыі і расказалі ім аб правілах бяспечных паводзін на дарозе і аб небяспецы надзвычайных сітуацый.  У выніку атрымаўся выдатны «кактэйль» здаровага ладу жыцця.

Дзеці спявалі і танцавалі з вядучай «Суперлато» Аленай Пішчыкавай, рыхтавалі мікстуру сталічнага настрою з клаўнэсай Смехатушкай, вывучалі магчымасці спецыялізаванай міліцэйскай і пажарнай тэхнікі. Вучні атрымалі ўнікальную магчымасць паспаборнічаць у навыках ваджэння велісіпеда з карэспандэнтам тэлевізійнай праграмы «Навіны. Цэнтральны рэгіён», а таксама паўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах з педагогамі і выратавальнікамі.

Для выхавальнікаў лагера жаданымі былі сюрпрызы гасцей: сертыфікат на наведванне аквапарку ў Мінску, спартыўны інвентар ад «Суперлато», сувеніры ў выглядзе флікераў і тэматычных закладак для кніг ад супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі,  асвяжальны «душ» – ад пажарных-выратавальнікаў. А самым дарагім падарункам для дзяцей сталі: добры настрой, шмат станоўчых эмоцый і яркія ўспаміны аб летнім адпачынку ў аздараўленчым лагеры «Нёман».

Таццяна ГРАМЫКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

ЗОРКІ БІЯТЛОНА – ЗА МІР

Фестываль «Гонка легендаў – зоркі біятлона за мір» пройдзе 12 верасня 2015 года ў абноўленым Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы». Аматараў спорту чакае вялікае спартыўнае свята з удзелам славутых лыжнікаў-стралкоў розных пакаленняў.

Запрашэнне Дар’і Домрачавай паспаборнічаць на беларускай зямлі прынялі шматразовыя алімпійскія чэмпіёны з Германіі Свен Фішар, Рыка Грос, Міхаэль Грайс. Сур’ёзную канкурэнцыю ім складуць прадстаўнікі Нарвегіі: трохразовы алімпійскі чэмпіён Хальвард Ханевольд, а таксама чэмпіёны свету Фрудэ Андэрсен і Ларс Берген. Акрамя таго, у Раўбічы са Скандынавіі прыбудуць уладальніцы Вялікага крыштальнага глобуса: нарвежка Ліў-Грэтэ Пуарэ (2003/2004), шведка Елена Экхольм (2008/2009). Нашых усходніх суседзяў прадставяць двухразовая алімпійская чэмпіёнка Ганна Багалій і Юрый Кашкараў. Беларусь прадставяць алімпійскія чэмпіёны Сяргей Булыгін, Аляксандр Папоў, а таксама сямнаццаціразовы прызёр чэмпіянатаў свету Алена Зубрылава.

У Раўбічах на спаборніцтвы збяруцца біятланісты, якія ў суме 20 разоў падымаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала Алімпійскіх гульняў. Прытым будуць прадстаўлены чэмпіёны ўсіх буйнейшых форумаў чатырохгоддзя, пачынаючы з Сараева-1984 і заканчваючы Ванкуверам-2010. Многія зоркі прыедуць на турнір у якасці ганаровых гасцей.

Балельшчыкі змогуць сустрэцца са сваімі кумірамі. Зрабіць на памяць фотаздымкі. Прадугледжана маса іншых цікавых заняткаў для наведвальнікаў. Будуць адкрыты дзіцячы спартыўны гарадок, маладзёжная спартыўная пляцоўка. Гледачы змогуць паспрабаваць стравы нацыянальнай кухні ўдзельнікаў гонкі легендаў.

У рамках фестывалю адбудзецца ўручэнне Дар’і Домрачавай прыза «Лепшая спартсменка 2014 года» ад Еўрапейскага  саюза спартыўных журналістаў.

Арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць: Беларуская федэрацыя біятлона, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Прэзідэнцкі спартыўны клуб.

Набыць білеты можна ў касах і на сайце білетнага аператара «Тікетпро». Кошт складае ад 30 000 да 50 000 рублёў. Дзецям ва ўзросце да 10-ці гадоў – уваход бясплатны.

Біятлонны фестываль носіць дабрачынны характар – вылучаныя сродкі пойдуць на будаўніцтва дзіцячага хоспіса.

Паводле матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі

 

КОЖНАМУ – ПА ГОЛУ

Так умоўна можна было б падзяліць набытак каманды «Нёман-Агра» ў матчы з сапернікам ФК «Нясвіж». 11:0 у нашу карысць і адзінаццаць удзельнікаў у футбольнай камандзе. Вядома, ёсць канкрэтныя аўтары галоў: Андрэй Шпадарук і Аляксандр Паляшчук правялі ў вароты несвіжан па два мячы, па аднаму – Аляксей Рудзянок і Аляксандр Мішук. А Дзмітрый Даўбейка вызначыўся ажно пяць разоў і разам з Андрэем  Навумавым з каманды «Крупкі-ОРБЦ-164» маюць на бамбардзірскім рахунку па 12 галоў у матчах першынства вобласці.

За добрае старанне варта пахваліць, што і зробім. Аднак і такі град галоў не павінен увесці ў эйфарыю. Паўтарымся, што нясвіжскі футбол у асобе свайго флагмана ФК «Гарадзея» мае рэальнага прэтэндэнта на выхад у вышэйшую лігу – эліту беларускага футбола. А ў каманды, якая з гучным імем адной са сталіц беларускай культуры ў абласным чэмпіянаце, «абкатвае» моладзь, справы ідуць не надта. Апошняе месца з сямю «згрэбенымі» ачкамі. Дарэчы, і на полі несвіжан стаўбчане сёлета добра пажывіліся – 7:2.

Перамога, няхай яна і 11:0 і 1:0, дае прыбытку толькі тры балы. І цяпер з набыткам у 21 ачко «Нёман-Агра» дзеліць пятае-восьмае месцы з сапернікамі з Вілейскага, Крупскага і Маладзечанскага раёнаў. Да вяршыні, куды забраліся ўжо «Колас» – 33 ачкі, і ФК «Старыя Дарогі» – 28 ачкоў, яшчэ далёка. Але калі настрой у нашых будзе заўжды пераможным, то ўсё яшчэ магчыма.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *