Любы шлях дэбюракратызацыі – гэта правільны шлях

Нумары

Любы шлях дэбюракратызацыі – гэта правільны шлях. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 25 жніўня даклад па пытанні ўдасканалення парадку ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы.

«Любы шлях дэбюракратызацыі – шлях правільны, але ўсюды ёсць межы, якія мы ні ў якім разе ў цяперашняй сітуацыі, на цяперашнім этапе развіцця не павінны перайсці», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што ні ў якім выпадку нельга дапусціць паўтарэння сітуацыі, што адбылася ў холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў», калі былі парушаны прынцыпы бяспекі. «Тут спрашчацца і практыкавацца нельга», – сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, пытанням бяспекі людзей на вытворчасці павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам гаворыцца аб стварэнні спрыяльнага клімату для бізнесу і забеспячэнні нармальных празрыстых умоў яго вядзення. У час даклада абмяркоўваюцца змяненні, якія прапануюцца ва ўказы Прэзідэнта, што датычацца пытанняў ліцэнзавання.

У прыватнасці, прапануецца, каб дзеянне ліцэнзій замест цяперашніх 5-10 гадоў мела бестэрміновы характар. Пры гэтым прапануецца істотна скараціць колькасць дакументаў, неабходных для іх атрымання. Заяўкі ў ліцэнзуючы орган можна будзе накіроўваць па пошце або ў электронным выглядзе. Прапануецца таксама, каб паўнамоцтвы па ануляванні дазвольных дакументаў перадаваліся толькі ў кампетэнцыю суда.

Аляксандр Лукашэнка задаў рэзоннае пытанне: «Наколькі эфектыўныя прапанаваныя метады?». «Калі сапраўды дэбюракратызуецца сістэма і будуць ліквідаваны лішнія адміністрацыйныя бар’еры, якія перашкаджаюць, гэта нармальна і гэтым шляхам пойдзем», – сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён запатрабаваў, каб «якасць і бяспека паслуг і тавараў былі захаваны, і гэта – бар’ер у выглядзе ліцэнзавання».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў на дапрацоўку праект указа аб змяненнях у парадак ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацненні кантролю ў гэтай сферы.

Кіраўнік дзяржавы дэталёва спыніўся на кожнай з норм, што прапануюцца, патрабуючы абгрунтаваць іх эфектыўнасць і мэтазгоднасць. Пры гэтым Прэзідэнт адобрыў прапанову ўстанавіць больш строгія патрабаванні і ўмовы для ажыццяўлення судова-экспертнай дзейнасці, а таксама ў галіне атамнай энергетыкі і рыэлтарскіх паслуг. Праект указа быў накіраваны на дапрацоўку, у тым ліку каб зняць некаторыя спрэчныя моманты юрыдычнай тэрміналогіі, зрабіўшы яго больш даступным для разумення бізнесу.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *