Як «Лявоначкі» заваёўвалі Швецыю

Культура Нумары Факты, падзеi, людзi

DSC03463
Узорны харэаграфічны ансамбль «Лявоначкі» Стаўбцоўскага РЦК добра знаёмы жыхарам нашага раёна. Без яго не абыходзіцца, бадай што, ніводны канцэрт у горадзе. Маленькія артысты з замілаванымі ўсмешкамі скачуць беларускія танцы. За такой лёгкасцю і прыгажосцю стаіць вялікая праца і саміх дзяцей, і іх кіраўніка – Несцярук Людмілы Пятроўны, якая з’яўляецца балетмайстрам-пастаноўшчыкам танцавальных нумароў.
Сёння «Лявоначкі» – гэта цэлы свет дзіцячых мар і надзей. Дзякуючы бацькам яны маюць магчымасць паглядзець розныя краіны і паказаць усім, чаго «Лявоначкі» вартыя. Маленькія артысты пабывалі ў Расіі, Украіне, Чэхіі, Францыі, Германіі, Польшчы, Аўстрыіі, Балгарыі і вось у снежні 2013 года – у Швецыі. Такой цікавай і незвычайнай паездкі яшчэ не было ніколі! Гэта першае падарожжа ў Скандынаўскую краіну.
Аднойчы на электронную пошту «Лявоначак» прыйшло пісьмо з прапановай прыняць удзел у калядным праекце «Балтыйскі свет». У рамках гэтага праекта нас запрашалі на міжнародны харэаграфічны фестываль «Юнацтва планеты» ў горад Стакгольм. Арганізатарамі фестывалю выступала Асацыяцыя культуры «Родник» Санкт-Пецярбурга. Канешне, мы загарэліся! І пасля бацькоўскага сходу было прынята рашэнне паехаць. Наш шлях пралягаў праз Вільнюс і Рыгу. Ціхія вулачкі, прыгожая архітэктура старой Рыгі і аповед экскурсавода заварожвалі. Напрыканцы экскурсіі нас чакаў сюрпрыз. Двое вулічных музыкаў на духавых інструментах ігралі прыгожыя мелодыі, і калі падышла наша дэлегацыя, раптам прагучаў гімн Беларусі. Рэакцыя ва ўсіх нашых дзяцей і дарослых была аднолькавая: мы пачалі яго спяваць! Вось дзе патрыятызм, вось дзе сіла духу! Мы разам – мы сіла! Усіх цікавіла пытанне: як яны здагадаліся, што мы беларусы? Мабыць, экскурсавод ім падказала. Але гэта было так па-майстэрску зроблена, што ніхто і не заўважыў. Пасля экскурсіі мы паехалі ў порт, дзе стаяў наш паром. Ужо здаля нашы вадзіцелі паказалі вялізных памераў карабель з назвай «Талінк». На пароме 9 палуб. На ніжніх паверхах – грузавы адсек, дзе стаяць аўтамабілі, аўтобусы, і наш таксама. Калі мы зайшлі ўнутр, то вочы асляпіў залаты колер і бляск. Усё чыста прыбрана і створана утульнасць. Мы пайшлі на экскурсію па пароме. Чаго там толькі няма: і магазіны, і кафэ, і танцпол, і дзіцячы пакой з горкай і гульнёвымі аўтаматамі, і пакой з бясплатным інтэрнэтам, і глядзельная зала са сцэнай, на якой вечарам быў канцэрт. На пароме разыгрываліся латарэі, было адведзена месца для сустрэчы з Дзедам Марозам. Для дзяцей там ляжалі рознакаляровыя алоўкі і кніжкі-расфарбоўкі. Калі дзяцей збіралася шмат, выходзіў да іх Дзед Мароз і адорваў цукеркамі і пернікамі. Непрыкметна для нас усіх паром пачаў рухацца, і мы гэта заўважылі толькі тады, калі ўбачылі ў акно мора і хвалі…. Увесь вечар дзеці адпачывалі на пароме, час хутка бег і неўзабаве прыйшла ноч. Усе разышліся па каютах. Цудоўна спіцца на пароме. Як матуля ў дзяцінстве пакалыхвае калыску, так і на пароме нас пакалыхвалі хвалі. І вось наш паром прыстаў да берага. Добры дзень, Стакгольм! Аўтобусам мы паехалі ў гасцініцу.
Увечары гэтага ж дня адбыўся конкурс. У такой жа намінацыі, як і мы, выступалі 15 калектываў. Гэта дзеці з Украіны, Беларусі, Швецыі і Расіі. Усе прадстаўлялі па два нумары. Мы танцавалі вясковую польку «Весялуху» і харэаграфічную замалёўку «Шалапутная гаспадынька». Глядач добра ўспрымаў усе творчыя калектывы, а нашым дзецям апладзіравалі гучней за ўсіх. Да нас падыходзілі кіраўнікі іншых калектываў, казалі, што нашыя дзеці вельмі тэхнічныя, лёгкія, умеюць прыгожа ўсміхацца і «жывуць на сцэне». Усім спадабаліся і пастаноўкі – яскравыя, цікавыя, адметныя. І кожны запрашаў калектыў да сябе ў госці. Вынікі конкурсу абвяшчалі на наступны дзень, дзе ў гала-канцэрце мы танцавалі харэаграфічную кампазіцыю «Беларусь вітае» і «Местачковыя скокі». Калі завяршыўся гала-канцэрт, пачалося ўзнагароджанне. Наш калектыў атрымаў дыплом лаўрэата другой ступені і кубак.
У рамках каляднага праекта «Балтыйскі свет» праводзіўся і конкурс вакалістаў. У ім брала ўдзел выхаванка народнай эстраднай студыі «Арыенцір» Стаўбцоўскага раённага Цэнтра культуры Ганна Лукашова. Дзяўчынка атрымала дыплом лаўрэата трэцяй ступені.
На наступны дзень нас чакалі незабыўныя экскурсіі па вуліцах і музеях Стакгольма. Горад Стакгольм – незвычайны. Ён пабудаваны на вадзе, і розныя астраўкі горада злучаны паміж сабою мастамі. Кожны мост – асобны твор мастацтва. Нам паказалі палац, у якім (у той дзень, калі мы там былі) уручалі прэміі Нобелеўскім лаўрэатам. Мы завіталі ў музей Юнібакен. Гэта музей герояў твораў Астрыд Ліндгрэн. Домік Пэпі з яго бязладзіцай, яе ложак, конь, на якім можна пасядзець, вялізная талерка з мякішкамі-пазламі, у якой можна паляжаць, а пасля – пагуляць з пазламі. Кафэ, у дызайне якога замест люстраў – перавернутыя парасоны, перад залай з ежай стаіць бутафорская машына, пад столлю «сохнуць» рэчы Пэпі, а ў міні-гарадку дзеці вучацца хадзіць у ювелірную майстэрню, купляць пірожныя і плюшкі, класці грошы ў банк, наведваць касцёл, залу суда, збіраць чамаданы ў падарожжа, катацца на маленькім цягнічку і бегаць па лабірынце. Вось гэта сапраўднае свята дзяцінства! І ніхто табе не забараняе рабіць тое, што ты захочаш. Побач з гэтымі цудамі – сувенірная лаўка, дзе прадаюцца кнігі на розных мовах свету. Мы нават знайшлі Пэпі на рускай мове. Тут можна набыць мяккія цацкі: Карлсана, Пэпі, Эміля, каня Пэпі і іншых герояў Астрыд Ліндгрэн.
Яшчэ ў Стакгольме мы пагулялі па пешаходнай вуліцы і набылі шмат сувеніраў. Шчасцю ў вачах нашых дзяцей не было канца. Шведскае падарожжа запомніцца ім на ўсё жыццё. Дзякуй мы гаворым нашым бацькам, якія прафінансавалі гэтую паездку, кіраўніку ансамбля і дарослым, якія суправаджалі, а таксама вадзіцелям з ПТУП «Віт-Лоджык» Васілю Рагозу і Андрэю Дорахаву.
Ала ЯРМАК, харэограф узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *