Знакамітае поле Радзевічаў

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

Першая міжнародная спецыялізаваная выстаўка «Еўразійская бульба» прайшла на палетках паспяховай у нашым раёне сялянскай фермерскай гаспадаркі «Сула», якая з’яўляецца адной з вядучых у рэспубліцы па вырошчванні бульбы. Пятнаццаць гадоў назад яе заснаваў Уладзімір Піліпавіч Радзевіч, які перадаў затым сваю справу сыну. На выставу прыехалі госці не толькі з Беларусі,  а і з блізкага і далёкага замежжа. Варта адзначыць, што ў еўрапейскіх краінах такія дэманстрацыі ладзяцца пастаянна.

– І ў нашай краіне стала традыцыяй праводзіць падобныя мерапрыемствы, дзе паказваюцца дасягненні навукі ў галіне аграпрамысловага комплексу, сельскагаспадарчага машынабудавання, укаранення перадавога вопыту, – сказаў, адкрываючы выстаўку, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. –  Прэзідэнтам і Урадам краіны апошнія гады ўдзяляецца вялікая ўвага менавіта бульбаводству, бо гэты прадукт вызначае харчовую бяспеку нашай дзяржавы, і згодна з прынятай комплекснай праграмай развіцця бульбаводства ўдалося падняць яе вытворчасць на даволі высокі ўзровень. Укараняюцца перадавыя тэхналогіі, выпускаюцца новыя машыны і механізмы, добрых слоў заслугоўваюць  навукоўцы, якія стварылі насенны фонд. Вытворчасцю «другога хлеба» ў Беларусі займаюцца 240 спецыялізаваных гаспадарак, забяспечваючы 70 працэнтаў усёй яе вытворчасці. За чатыры апошнія гады ў краіне пабудаваны магутнасці па захоўванні 240 тысяч тон бульбы – гэта дасць магчымасць закласці ўвесь вырашчаны ураджай. 

Леанід Канстанцінавіч перадаў прывітанне ўдзельнікам спецыялізаванай выстаўкі ад віцэ-прэм’ера Рэспублікі Беларусь Міхаіла Русага, які курыруе пытанні сельскай гаспадаркі. Затым уручыў за дасягнутыя высокія паказчыкі кіраўніку фермерскай гаспадаркі У. У. Радзевічу Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Ад намесніка старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пятра Казакевіча Уладзімір Радзевіч атрымаў сертыфікат на пяць тон насеннай бульбы.

– Мы праводзім у раёне такое мерапрыемства ўпершыню, – сказаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. – Раней на працягу дзевяці гадоў тут ладзіліся «Дні поля». Сёння дзякуючы агульным намаганням Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкама, Акадэміі навук і СФГ «Сула» ўдалося зрабіць яго больш маштабным, каб паказаць увесь тэхналагічны працэс вытворчасці бульбы. Фермерская гаспадарка Уладзіміра Радзевіча дазволіла расшырыць у раёне плошчы пад бульбай да 850 гектараў, супраць 320 летась, і правесці сортазмену. Ураджай сёлета ў сельгаставарыствах чакаецца вышэйшым, чым летась.

Шчыра вітаў удзельнікаў спецыялізаванай выстаўкі прадстаўнік міністэрства сельскай гаспадаркі Германіі Бернд Шусцер, пастаянны дарадчык і даўні партнёр кіраўніка СФГ «Сула» – актыўны ўдзельнік падобных мерапрыемстваў, якія праводзіліся тут у мінулыя гады. Браў слова і заснавальнік фермерскай гаспадаркі Уладзімір Піліпавіч Радзевіч.  Ганаровым гасцям, якіх сустракалі караваем, былі ўручаны фірменныя сувеніры.

 У палявых павільёнах праводзілі прэзентацыю сваіх тавараў прадстаўнікі  вядучых кампаній і фірмаў у галіне селекцыі і насенняводства бульбы, прымянення для яе вырошчвання сродкаў аховы раслін і мікраўгнаенняў і т. п. Гэта, у прыватнасці, нямецкая кампанія BASF, якая на працягу некалькіх гадоў цесна супрацоўнічае з фермерскай гаспадаркай і праводзіць вопыты на яе палях. У вытворчасці тэхнікі самую вялікую экспазіцыю выставіў  РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі».

– У нас цэлая лінейка сельгасмашын для вырошчвання гэтай спрадвеку беларускай культуры, пачынаючы з падрыхтоўкі глебы, пасадкі бульбы, правядзення доглядных работ, акучвання да ўборкі і закладкі яе на захоўванне, – сказаў генеральны дырэктар Сяргей Якаўчык. – Канкурэнцыя на рынку вытворчасці сельгасмашын высокая, але наша тэхніка не толькі не ўступае сусветнай, а і па многіх паказчыках перасягае зарубежныя аналагі.    

Больш за тысячу гасцей і ўдзельнікаў выстаўкі з Беларусі, Расіі, Казахстана мелі магчымасць назіраць за работай сучаснай лініі па ачыстцы, мыцці, сушцы і ўпакоўцы бульбы. А таксама пабачылі непасрэдна на полі і работу іншай сельгастэхнікі. Акрамя выставачных пляцовак тут працавала  і гандлёвая біржа, дзе можна было прама на месцы заключыць кантракты з беларускімі вытворцамі. Дарэчы сказаць, што Беларусь уваходзіць у дзясятку лідараў па вырошчванні бульбы, пры гэтым новыя сарты і айчынная тэхніка высокай якасці і па цане таннейшыя, чым у канкурэнтаў. 

Варта зазначыць, што СФГ Сула», па-сутнасці, стала холдынгам. Яна пастаўляе суперэлітнае і элітнае насенне ТАА «Аграцэнтр- Сула», які вырошчвае таварную бульбу па сучаснай тэхналогіі, а нядаўна створанае прадпрыемства «Сула Плюс» зоймецца яе перапрацоўкай і продажам. Дарэчы,  на палетках фермерскай гаспадаркі вырошчваецца 16 сартоў бульбы, сярод якіх чатыры замежныя і 12 айчынных. Прычым айчынная селекцыя ніводнага разу не падвяла.  

– Якасць сартоў добрая, беларускія сарты ўніверсальныя ў тэхналогіі вырошчвання і вядомыя на рынках Расіі, – падкрэсліў Уладзімір Радзевіч. – Многія устойлівыя да фітафторы і не патрабуюць асаблівай апрацоўкі. Новы ранні сорт «маніфест» – гэта сапраўдны рух наперад. Ён мае еўрапейскі знешні выгляд, без глыбокіх вочкаў, добра мыецца, паліруецца і запатрабаваны на рынку.

А пачынаў сваю дзейнасць Уладзімір Уладзіміравіч з вырошчвання сорту «брыз». Яго смакавыя якасці задаволяць любога кліента. Дарэчы, СФГ «Сула» на працягу некалькіх гадоў рэалізуе да 95 працэнтаў бульбы ў расійскую гандлёвую сетку. Як падкрэсліў міністр, і сёння расіяне гатовы браць у Радзевіча бульбу, бо яна адпавядае прэміум-класу як па знешніх даных, так і па смакавых якасцях.

На доследным полі ўдзельнікам выстаўкі было прапанавана шэсцьдзясят сартоў бульбы замежнай і айчыннай селекцый, якія затым былі дэгуставаны. Самымі смачнымі і прыгожымі прызнаны сарты бульбы нямецкіх кампаній SALANA і ЕUROPLANT (афіцыйным дылерам якой з’яўляецца СФГ «Сула») – «лілі» і «белароса». 

– Мерапрыемства прайшло цікава і пазнавальна для ўсіх удзельнікаў. Сустрэў на выставе не толькі старых сяброў, а і пазнаёміўся з фермерамі, якія прыехалі з Польшчы, Францыі, Беларусі і Расіі. Пачарпнуў многа для сябе карыснага. Даведаўся, як многія тэхналагічныя і тэхнічныя пытанні, каб знізіць затраты, можна рашыць больш прасцейшымі спосабамі, – падвёў вынік Уладзімір Радзевіч.

Наведаў спецыялізаваную выстаўку і старшыня аблвыканкама Барыс Шапіра.

Варта дадаць, што ўпершыню на даным мерапрыемстве прагучаў гімн бульбаводам. Песня стваралася пад эгідай нямецкай фірмы GRIMME і вельмі спадабалася.

Галоўны прыз у латарэю выйграў Фёдар Туздра з Кастрамы – сертыфікат на паездку ў Гановер, на выстаўку «Агратэхніка-2015». Дыпломы Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Еўразійская бульба» атрымалі ўсе фірмы, якія прэзентавалі сваю прадукцыю, а колькасць іх перасягнула пяцьдзясят.  Святочны настрой стваралі гасцям работнікі культуры раёна.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *