За будучыню незалежнай Беларусі

Нумары Тэма тыдня

НАПРУЖЫЦЦА, КАБ ВЫСТАЯЦЬ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Брэсцкую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне» і азнаёміўся з тым, як выканана яго даручэнне па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта развіцця і тэхнічнага пераўзбраення прадпрыемства, фінансава-эканамічнымі вынікамі яго работы, тэхналагічным працэсам вытворчасці баваўняных тканін. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам аб’яднання.

Сітуацыя Ў Беларусі ў 2016 годзе пачне паляпшацца

«Нам трэба прайсці гэты год нармальна. Паглядзім, што будзе ў канцы года», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Упэўнены, у наступным годзе мы пачнём выкарабквацца з гэтага становішча, хоць мы не абваліліся так, як іншыя», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праблемы, аднак няма абвалу.

«Вы бачыце, наш бліжэйшы партнёр – Казахстан, па-мойму, ужо трэці раз за апошнія два гады абваліў, разава дэвальваваў сваю валюту. І гэта краіна, якая сядзіць на карысных выкапнях. Вы бачыце, што адбываецца ў Расіі: за апошнія два гады тры разы абвалілася валюта і, здавалася б, канца краю няма, але пайшла нейкая стабілізацыя», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, сёння краіны ўжо не думаюць аб тым, што будзе ў выніку дэвальвацыі валюты, больш думаюць аб тым, «як утрымацца ў гэтым бурным патоку, не спыніць вытворчасці і хоць на мінімуме прайсці гэты перыяд».

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што цяперашняя сітуацыя пераадольная, «так увесь час не будзе».

Зніжаць сабекошт і павялічваць экспарт

Так, на ААТ «БВБА» Прэзідэнт даручыў знізіць сабекошт на 7-10 працэнтаў. «Працаваць трэба з сабекоштам, – сказаў ён. – Паводле маіх падлікаў, 7-10 працэнтаў сабекошту вы яшчэ павінны ўбраць».

Яшчэ адно даручэнне Прэзідэнта датычылася нарошчвання экспарту. «Вы павінны больш прадаваць за межамі краіны, не ўпускаючы свой рынак», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нагадаўшы, што ў гэтым плане ён паставіў жорсткія задачы перад урадам.

«Мы не павінны купляць па імпарце тое, што выпускаем самі», – заявіў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што дапушчальны ўзровень імпарту на рынку 10 працэнтаў для таго, каб захаваць канкурэнцыю.

Выстаяць у няпростых умовах

Прэзідэнт падкрэсліў, што сітуацыя ў свеце вельмі цяжкая: мыльныя бурбалкі, якія былі надзьмуты ў сусветнай эканоміцы, пачынаюць лопацца, абвальваюцца фондавыя рынкі, дэвальвуюцца нацыянальныя валюты.

«Гэта фінансавая вайна. Гэта ўжо эканамічная вайна, і нам у гэтай вайне трэба не перамагчы, мы нікога перамагаць не збіраемся, нам трэба не аддаць сваё, нам трэба выстаяць, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Таму напружвайцеся максімальна. Неабходна ў працоўных калектывах наколькі магчыма напружвацца і перажыць гэты час».

У Беларусі не будзе штучна стрымлівацца курс нацыянальнай валюты

«Мы не будзем штучна стрымліваць курс нацыянальнай валюты адносна іншых валют. І мы гэтага не робім. Калі мы пачнём яго стрымліваць і неяк спрабаваць гэтым стрымаць інфляцыю, дапамагчы чамусьці (не тыя часы), мы зноў прыйдзем да таго, што разава давядзецца на 30 працэнтаў дэвальваваць валюту», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што па гэтай прычыне ў краіне прытрымліваюцца плаваючага курса.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў цяперашняй сітуацыі нельга стрымліваць цэны. «Мы паглядаем на цэны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Калі пачнём трымаць, пойдуць тавары з рынку».

«Так. Ёсць нейкая валацільнасць, рух, – адзначыў Прэзідэнт. – Я вам клянуся, што мы нічога не робім, каб стрымліваць або ж узмацняць ці аслабляць нацыянальную валюту. Будзе больш валюты – будзе ніжэйшы курс, будзе высокі попыт, валюты не будзе – вы ведаеце, што будзе». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта па гэтай прычыне ён патрабуе нарошчваць экспарт для прытоку ў краіну валюты.

Пажыць на сваім

«Давайце пажывём на сваім, што ў нашых магазінах ёсць, і адпачнём гэтыя гады ў сябе ў Беларусі. Не будзем вывозіць валюту», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Не бегайце вы па гэтых абменніках. Вы ствараеце лішнія праблемы», – адзначыў Прэзідэнт.

«Шчыра кажу, калі раней мяне проста трэсла, калі я бачыў змяненні курсаў валют, сёння мяне больш хвалюе іншае – утрымацца б, не дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне», – сказаў беларускі лідар.

«У свеце ідзе вайна, – сказаў Прэзідэнт. – У рэшце рэшт, хоць бы гэтая бяда нас не закранула».

Павялічыць аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля

 Прэзідэнт падкрэсліў, што льготнае крэдытаванне захаваецца. «Будзе больш, значыць, больш дадзім грошай на крэдытаванне. Але сёння не да раскошы. Калі мы захаваем тыя аб’ёмы льготнага крэдытавання, што ёсць, – дзякуй богу», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што неабходна больш будаваць арэнднага жылля. «У гэтым напрамку рухаецца ўвесь свет», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне павышэння пенсіённага ўзросту ў Беларусі не стаіць

«Мы наогул да гэтага пытання не падыходзілі. Я вам сумленна сказаў, што нам пенсіённы ўзрост даўно трэба было павялічыць», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі невысокія пенсіі, паколькі на аднаго пенсіянера прыпадае вельмі мала працуючых грамадзян. «Гэта значыць, мы перагружаем сваіх дзяцей», – сказаў ён.

«Калі вы хочаце, каб у краіне было столькі пенсіянераў на столькі працуючых – калі ласка, але пенсія будзе меншая», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Таму мы пенсіённае пытанне не чапаем, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Маё меркаванне вы ведаеце. Але вы гэтага не хочаце».

На фота — сустрэча Прэзідэнта з калектывам Баранавіцкага  вытворчага баваўнянага аб’яднання.

БелТА

 

У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ ПАТРЭБЕН ЖАЛЕЗНЫ ПАРАДАК

Будучы год для сельскай гаспадаркі стане годам культуры земляробства. Аб гэтым заявіў 28 жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аддзяленне «Расна» ААТ «Белавежскі».

Пры гэтым упор будзе зроблены на меліярацыю, дысцыпліну і кадры. Закранаючы апошні аспект, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Калі гэтага не будзе, колькі грошай не давай, толку ад гэтага не будзе. Таму трэба ў корані ламаць кіраванне».

Падчас наведвання аддзялення «Расна» Аляксандру Лукашэнку было даложана аб завяршэнні ўборкі збожжавых і нарыхтоўцы кармоў у Беларусі. Размова ў тым ліку ішла аб уборцы кукурузы. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся там, дзе гэта больш мэтазгодна, убраць кукурузу не на зерне, а выкарыстоўваць яе пры нарыхтоўцы кармоў. Прэзідэнт даручыў таксама выпрацаваць стратэгію вырошчвання рапсу, якая будзе прадугледжваць, што займацца вырошчваннем гэтай культуры павінны тыя гаспадаркі, дзе гэта найбольш выгадна.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сельскай гаспадарцы забеспячэнне дысцыпліны з’яўляецца цяпер пытаннем нумар адзін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтай галіне дзяржава ўдзяляе асаблівую ўвагу, аказвае падтрымку, у тым ліку фінансавую, забяспечваючы АПК, у прыватнасці, высокапрадукцыйнай сучаснай тэхнікай. «Жалезная дысцыпліна, каб захаваць тэхніку, – сказаў Прэзідэнт. – Патрэбны жалезны кіраўнік, жалезны парадак».

На думку кіраўніка дзяржавы, менавіта гэтым пытанням трэба ў сельскай гаспадарцы ўдзяляць сёння пільную ўвагу. Вялікае значэнне мае таксама дакладнае выкананне тэхналогій. «Калі няма тэхналогіі – гэта злачынства, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Злачынца той, хто закопвае збожжа ў зямлю і ходзіць, глядзіць, чакае ўраджаю. Гэта злачынства, нельга гэтага дапускаць».

Кіраўнік дзяржавы закрануў гэтую тэму і падчас размовы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «Белавежскі» і жыхарамі вёскі Расна. «Без дысцыпліны мы будзем ісці па нахільнай, – сказаў Прэзідэнт. – Будзе дысцыпліна, парадак, у тым ліку тэхналагічны – мы будзем развівацца».

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў будучым неабходна «падумаць аб тым, як заахвоціць людзей – і кіраўнікоў, і спецыялістаў – за тое, што яны ўзнімаюць такія гаспадаркі».

«Калі будзе добры кіраўнік, пару-тройку моцных спецыялістаў – гаспадарка будзе адраджацца. Калі таго няма – не патрэбны тады ні тэхніка, ні грошы, ні зарплата. Гэтай гаспадаркі не будзе», – прадоўжыў Прэзідэнт.

Найлепшым, паводле яго слоў, будзе шлях удасканалення таго, што ёсць. «Не трэба нічога ламаць. У нас на ломку і памылкі грошай няма, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Таму, зыходзячы з таго, што мы маем, мы будзем дзейнічаць, грунтуючыся на тым, што ёсць».

Прэзідэнт падкрэсліў, што «добра працуючыя людзі павінны і добра зарабляць, добра жыць і быць прыкладам для іншых».

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *