Пад мелодыю школьнага званка

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

Менавіта школьным званком адкрылася жнівеньская канферэнцыя педагогаў. Прысутнасць непасрэдных мілых дашкольнікаў на сцэне, якія адкрылі гэтую ўрачыстасць, настроіла ўсіх на добры святочны настрой. Канферэнцыя ў гэтым годзе сапраўды была ўрачыстасцю. Справаздачны даклад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Белановіч быў абмеркаваны педагогамі раёна на некалькі дзён раней падчас работы інтэрактыўных пляцовак на базе шасці ўстаноў адукацыі раёна. Кіраўнікі і педагогі раёна падзяліліся думкамі, як павысіць якасць адукацыі, абмеркавалі пытанні профільнага і дапрофільнага навучання, мелі магчымасць пазнаёміцца з дасягненнямі ўстаноў адукацыі раёна.

Пленарнае пасяджэнне ў раённым Цэнтры культуры стала святам. Падзяліць з педагогамі раёна радасць гэтай урачыстасці прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, яго намеснік  Сяргей Шэсцель, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Юрый Горлаў цёпла прывітаў педагогаў раёна, адзначыўшы іх высокую ролю: сучасны настаўнік – гэта не толькі чалавек, які мае глыбокія веды і навучае, валодае дасягненнямі педагагічнай навукі, ад яго яшчэ патрабуецца разуменне сацыяльнай палітыкі дзяржавы, уменне выхоўваць патрыёта, дастойнага грамадзяніна сваёй Айчыны, быць адказным за маральны клімат у грамадстве. Кіраўнік раёна адзначыў высокія дасягненні ў сферы адукацыі раёна і пажадаў педагогам паспяховага новага навучальнага года, які патрабуе ад настаўніка поўнай аддачы і самаахвяравання, цярпення і душэўных сіл.

Прыгожа прывітала калег начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццяна Белановіч. Яна падзякавала кіраўнікам і настаўнікам адукацыйных устаноў за высокія дасягненні ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення і агучыла задачу на новы навучальны год – надалей садзейнічаць якасным зменам у адукацыі, выказала надзею, што ён будзе паспяховым.

У некалькіх ролях адразу быў на сцэне Генадзь Сей – як прадстаўнік бацькоўскай грамадскасці і як кіраўнік фірмы-спонсара. З нізкім паклонам ён падзякаваў настаўнікам за старанні і любоў, якія педагогі ўкладваюць у справу выхавання і навучання. Двое з яго траіх дзяцей – навучэнцы стаўбцоўскай гімназіі № 1. Кіраўнік  ААТ «Нёман-Альфа» Генадзь Анатольевіч уручыў дакументы на два новыя аўтобусы для патрэб Налібацкай сярэдняй школы і Цясноўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага. Такая салідная спонсарская падтрымка была ўспрынята ўдзячнымі апладысментамі залы.

Традыцыйна на сцэну былі запрошаны маладыя спецыялісты. 17-цю настаўнікамі папоўніўся калектыў педагогаў раёна. Вельмі лірычна, прачула, прыгожа ад імя старэйшых калег прывітала іх намеснік дырэктара Заямнаўскай СШ Марыя Чуйко, пажадала жыць сэрцам, валодаць вялікім талентам чалавечнасці.

Са словам у адказ выступіла настаўніца хіміі і біялогіі Засульскай СШ, выпускніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка Вольга Буцько. Яна выказала ўдзячнасць сваім настаўнікам з Шашкоўскай СШ, выпускніцай якой з’яўляецца, за ўсё, чаго дасягнула ў жыцці, і за выбар прафесіі таксама. Вольга Буцько ад імя ўсіх маладых спецыялістаў паабяцала, што выпускнікі педагагічных навучальных устаноў будуць імкнуцца працаваць так, каб апраўдаць давер і надзеі старэйшых калег, заўсёды памятаць пра тое, што настаўнік – гэта носьбіт культуры, а школа – ачаг асветы.

Лепшыя педагогі раёна ўзнагароджаны граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі  ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, падзякамі і падзячнымі пісьмамі старшыні раённага выканаўчага камітэта, граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Новы навучальны год уступіў у свае правы. Пажадаем настаўнікам захаваць такі ж настрой, які аб’ядноўваў іх на гэтай святочнай  жнівеньскай урачыстасці, старанных вучняў, паспяховай сумеснай работы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

Аб выніках кантролю за правядзеннем уступных іспытаў

У 2015 годзе ў трох пунктах тэсціравання Мінскай вобласці для выканання тэставых заданняў па 11 прадметах было зарэгістравана 24 789 удзельнікаў, прынялі ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні 23 674 чалавекі. Найбольшая колькасць удзельнікаў у пунктах тэсціравання была зарэгістравана для выканання заданняў па рускай мове (6 285 удзельнікаў) і матэматыцы (5 147 удзельнікаў). За выкарыстанне мабільнага тэлефона пры правядзенні тэсціравання па беларускай мове быў адхілены ад тэсціравання адзін чалавек.

Паводле вынікаў правядзення ўступных іспытаў у вобласці ў бягучым годзе на 2 475 планавых бюджэтных месцаў дзённай і завочнай формаў навучання было пададзена 3 173 заявы. Сярэдні конкурс склаў 1,3 чалавека на месца (у 2014 годзе – 1, 2). Сярод ССНУ вобласці ў бягучым годзе на дзённую форму навучання на аснове агульнай сярэдняй адукацыі найбольш высокі конкурс назіраўся ва УА «Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж» на спецыяльнасць «Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый», УА «Маладзечанскі дзяржаўны  музычны каледж імя М. К. Агінскага» – «Спевы (акадэмічныя)», УА «Барысаўскі дзяржаўны медыцынскі каледж» – «Сястрынская справа».

Найбольш высокі конкурс на дзённую форму навучання на аснове агульнай базавай адукацыі склаўся ва УА «Салігорскі дзяржаўны горна-хімічны каледж» на спецыяльнасці «Электразабеспячэнне», «Распрацоўка месцазнаходжання карысных выкапняў», «Горныя машыны і абсталяванне» і УА «Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа» – «Турызм і гасціннасць».

З мэтай своечасовага і аператыўнага рэагавання ў Камітэце дзяржкантролю Мінскай вобласці працавалі тэлефоны гарачай лініі. Па ўсіх вусных зваротах даваліся тлумачэнні, у выпадку неабходнасці прымаліся аператыўныя меры рэагавання, спрэчныя сітуацыі разглядаліся на месцах з удзелам арганізацыйных і прыёмных камісій.

Уступныя іспыты ў ССНУ Мінскай вобласці прайшлі ў спакойнай і дзелавой абстаноўцы, арганізавана і ва ўстаноўленыя тэрміны.

П. ЦЫЦЭНЯ, начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы і дзяржаўных органаў Камітэта Дзяржкантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *