Пачынаецца навучальны год

Нумары Прамая лінія

Перад вераснем бацькоўская і педагагічная грамадскасць мела магчымасць задаць пытанні адносна падрыхтоўкі да новага навучальнага года ў аб’яўленай тэлефоннай прамой лініі з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Таццянай Белановіч.

Застаецца праблема ў раёне з атрыманнем месцаў у дзіцячых садах горада. На зададзеныя пытанні быў такі адказ:

 – Ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў у раёне складае 72 працэнты, у горадзе – 83 працэнты. Усе ўстановы дашкольнай адукацыі ў Стоўбцах працуюць у рэжыме перапоўненасці груп. Праблема чарговасці ў дзіцячыя сады райцэнтра застаецца вострай. Прымаюцца розныя захады, каб выкарыстаць любыя магчымасці пашырэння груп. У бягучым годзе, напрыклад, у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга» памяшканні экалагічнага пакоя былі рэарганізаваны для заняткаў груп, атрымалася 28 дадатковых месцаў. Праблему чарговасці ў райцэнтры можа зняць толькі будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы.

Па пытаннях профільнага навучання бацькам быў дадзены наступны адказ:

–       У 2015/2016 гадах профільнае навучанне будзе ўведзена ў 11 установах адукацыі, што складае 50 працэнтаў ад агульнай колькасці ўстаноў. Плануецца, што з 1 верасня вучэбныя прадметы на павышаным узроўні будуць вывучаць 197 вучняў 10-х класаў, гэта амаль палова ад усіх дзесяцікласнікаў. Асаблівая ўвага надаецца функцыянаванню педагагічных класаў. На базе СШ № 2 г. Стоўбцы ў адпаведнасці з дагаворам з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя М. Танка адкрываецца педагагічны клас. Ён укамплектаваны 27 вучнямі. Акрамя таго, для вучняў  арганізуецца навучанне на факультатыўных занятках «Уводзіны ў педагагічную прафесію». З пачатку новага навучальнага года ва ўстановах сярэдняй адукацыі будзе арганізавана дапрофільная падрыхтоўка вучняў  9-х класаў. Такая работа  правядзецца ў 17 класах 12 устаноў адукацыі.  У профільных класах будуць працаваць 33 педагогі з першай і вышэйшай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Сем педагогаў ужо прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі на базе педуніверсітэта. Для профільнага навучання ёсць неабходныя інфармацыйна-адукацыйныя рэсурсы.

Кожны год вучняў і бацькоў непакоіць пытанне  наконт школьнай формы.

–       Нічога не мяняецца, застаюцца патрабаванні да дзелавога стылю школьнага адзення.

Віншую педагогаў, вучняў, бацькоў з пачаткам новага навучальнага года. Чакаю ад усіх плённай, творчай, сур’ёзнай працы па авалодванні ведамі, удасканаленні вучэбнага працэсу. Зычу ўсім для гэтага сіл, здароўя і жадання працаваць.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *