На беразе хуткаплыннага Нёмана

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

На маляўнічым беразе Нёмана ля турбазы «Высокі бераг» прайшоў восьмы раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі горада, прысвечаны Году моладзі. Як і ў мінулыя гады, ён быў арганізаваны пад эгідай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага камітэта БРСМ. Ва ўрочышчы Бервянец два дні  мераліся сіламі сем камандаў. Усе не навічкі, бо неаднойчы прымалі ўдзел у падобных мерапрыемствах. Прадставім іх проста: энергетыкі, маторнікі, будаўнікі, бытавікі, газавікі, работнікі бальніцы і мясакамбіната. Ганаровае права падняць сцяг спаборніцтваў заслужыла мінулагодні пераможца – каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак. 

З прывітальнымі словамі і пажаданнямі ўдалага старту і пераможнага фінішу да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель і намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Вільнявец. Падкрэслівалася, што на турзлёт сёлета прыехалі самыя лепшыя каманды, таму саперніцтва паміж імі было цікавым, што насамрэч і атрымалася. А самае галоўнае, што такія мерапрыемствы даюць магчымасць не толькі атрымаць зарад бадзёрасці, так бы мовіць, «падкачацца» адрэналінам, а і змястоўна адпачыць на ўлонні прыроды, знайсці новых сяброў.

 Асноўная барацьба за тытул мацнейшых чакала ўдзельнікаў злёту наперадзе, а на сцэне запальваў дух спартакіяды турысцкай песняй Дзмітрый Клочка. Прысутныя яму падпявалі, настрой ва ўсіх быў радасным і святочным.

Спаборніцтвы пачаліся з пераадолення турысцкай паласы, якая ўключала  дзевяць этапаў,  прайсці якія трэба было хутка, віртуозна і без памылак. Аднак не ўсім гэта ўдалося. Масціць гаць, завязваць вузлы на вяроўцы, хадзіць па бервяне, пераносіць пацярпелага атрымлівалася ва ўсіх няблага. А вось найбольш штрафных секундаў некаторыя каманды ў спешцы  набралі на «мышалоўцы» і ўстаноўцы палаткі. Даволі ўдала склаўся першы від спаборніцтваў для спартсменаў Стаўбцоўскіх электрасетак, якія ў ім і перамаглі. Другое і трэцяе месцы у камандаў ААТ «Стаўбцоўскі РКБА» і РУ «Стоўбцырайгаз». Адначасова з турысцкай паласой праходзілі спаборніцтвы па дартсе. І зноў прадстаўнікі гэтых трох камандаў у прызёрах. Толькі месцы на гэты раз размеркаваліся наступным чынам: самымі трапнымі былі газавікі, серабро – у энергетыкаў, а бронза – у бытавікоў. Захапляльнымі і відовішчнымі былі схваткі на валейбольнай пляцоўцы. І роўных тут не было валейбалістам райгаза, якія заўжды займаюць на турзлётах у гэтым відзе спорту самыя высокія месцы. Паводле вынікаў двухдзённай бітвы яны вырвалі перамогу. Маторнікі сталі другімі, энергетыкі – трэцімі.

Пакуль ішлі спартыўныя спаборніцтвы, у разбітых на паляне ўздоўж ракі палатачных гарадках  было даволі ажыўлена. Тут шпаркімі тэмпамі вялася падрыхтоўка да конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне «Сядзібы турыста» і гатаваліся турысцкія стравы. Члены журы, ацэньваючы конкурс, шчыра падзівіліся нестандартным дызайнерскім рашэнням і пазайздросцілі фантазіі маладых людзей, якія так арыгінальна і адмыслова  аформілі свае палатачныя гарадкі. Творча прадставілі свае лагеры ўсе ўдзельнікі. Найбольш спадабалася  суддзям выступленне каманды энергетыкаў, якія назвалі сваю сядзібу «СССР» і падрыхтавалі выступленне на тэму савецкага часу. У адзіным стылі быў вытрыманы і сцэнарый медыкаў – модна апранутыя маладыя людзі прадстаўлялі сядзібу «Стылягі». У кафэ «У прараба» запрасілі журы будаўнікі. Такім чынам вызначылася тройка прызёраў.

А які ж турзлёт без песні? Тут вышэйшы рэйтынг у маладых людзей раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Яны пераклалі на турысцкую тэматыку тэкст песні, з якой выступаў летась на «Еўрабачанні» беларускі ўдзельнік Тэа. Цікавымі былі імправізацыі на тэму вядомых песень у вакалістаў Стаўбцоўскіх электрасетак і раённай бальніцы.

Другі дзень спаборніцтваў не ахаладзіў пыл барацьбы. Надвор’е спрыяла ўдзельнікам спартакіяды. У фігурным ваджэнні веласіпеда вызначыліся будаўнікі, энергетыкі і работнікі мясакамбіната, у скачках на скакалцы – бытавікі, медыкі і маторнікі.

Вынікі спаборніцтваў засведчылі, што сапернікі падабраліся вартыя адзін аднаго. Трэцяе і чацвёртае месцы, на якія прэтэндавалі дзве каманды, падзяліла толькі адно ачко – бытавікі вырвалі перамогу ў медыкаў. Першае месца за спрытнымі маладымі людзьмі Стаўбцоўскіх электрасетак, другое па праву занялі прадстаўнікі Стоўбцырайгаза.

Пераможцы турзлёту ў камандных і асабістых выступленнях узнагароджаны кубкамі, дыпломамі і падарункамі, падрыхтаванымі аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: пераможца турзлёту – каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак; прывітальнае слова намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Шэсцеля; трымаюць удар валейбалісты райгаза; на этапе турпаласы бытавікі; віртуозы-веласіпедысты ПМК-233; мосцяць гаць маторнікі; класная «Сядзіба турыста» ў медыкаў; ставяць палатку спартсмены мясакамбіната.

Фота аўтара і Аляксандра Супруна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *