Задача бацькоў – навучыць, а дзяцей – выконваць правілы

Ахова правапарадку Нумары

На тэрыторыі раёна доўжыцца дэкаднік, падчас якога праводзіцца спецыялізаванае комплекснае мерапрыемства «Увага – дзеці!». Пачаліся заняткі ў школе, таму ў гэты час ўсім удзельнікам дарожнага руху трэба быць асабліва ўважлівымі. Недарэчныя выпадковасці на дарозе часам абрываюць поўныя надзей і радасці юныя жыцці. Прыклады таму ёсць і ў нашым раёне.

4 чэрвеня каля 17.30 на 296-м кіламетры аўтадарогі Брэст–Мінск–мяжа РФ  жыхарка пасёлка Коласава, якая кіравала аўтамабілем «Фольксваген», выехала на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнулася з легкавой машынай. У выніку, яна атрымала цяжкія траўмы, а дзіця, якое было прышпілена рамянём бяспекі, – цялесныя пашкоджанні. Вадзіцель сустрэчнай аўтамашыны загінуў.

13 чэрвеня каля 20.00 жыхар раёна, які кіраваў матацыклам, на перакрыжаванні дарог не прадаставіў перавагу руху транспартнаму сродку, які рухаўся па галоўнай дарозе, у выніку адбылося сутыкненне. Непаўналетняя пасажырка матацыкла атрымала цялесныя пашкоджанні.

4 ліпеня каля 16.30 вучаніца Засульскай СШ пры выхадзе з рэйсавага аўтобуса парушыла ўстаноўленыя правілы – абышла аўтобус спераду, выбегла на праезджую частку і была збіта аўтамашынай. Пацярпеўшая з траўмамі дастаўлена ў бальніцу.

Гэтыя прыклады і статыстычныя даныя сведчаць, што дзеці-пешаходы, дзеці-веласіпедысты і дзеці-пасажыры  з’яўляюцца самай неабароненай катэгорыяй удзельнікаў дарожнага руху. Найбольш распаўсюджаныя памылкі дзяцей, якія становяцца прычынамі здарэнняў: парушэнне правілаў дарожнага руху пры кіраванні веласіпедам, нечаканы выхад з-за транспартнага сродку або іншых перашкод, якія абмяжоўваюць агляд вадзіцелю, знаходжанне на праезджай частцы без суправаджэння дарослых, гульні на дарозе. Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму сёння застаецца актуальнай. І вельмі важна перад школьнымі буднямі нагадаць не толькі юным удзельнікам дарожнага руху, а і дарослым аб тым, што дарога ў школу павінна быць бяспечнай. А бяспечнасць залежыць, перш за ўсё, ад самадысцыпліны, ведання і прытрымлівання правіл дарожнага руху.

Дарагія дзеці, каб не трапіць у бяду і не прычыніць болю сваім бацькам, выконвайце наступныя рэкамендацыі. Абыходзьце выезды з гаражоў, бо аўтамабіль можа выехаць заднім ходам, і вадзіцель вас не заўважыць. Ніколі не пераходзьце вуліцу на чырвоны колер святлафора, а калі яго няма, то ўважліва паглядзіце ў абодва бакі, каб упэўніцца, што паблізу няма машын, і толькі тады працягвайце рухацца. Будзьце асабліва асцярожнымі пры пераходзе вуліцы, калі ў вочы свеціць сонца, бо ў такім разе можна не заўважыць машыну, якая набліжаецца. Не выбягайце на праезджую частку па мяч. Не ездзіце на веласіпедзе па праезджай частцы. Пераходзьце дарогу толькі ззаду аўтобуса. Не бярыце прыклад з дарослых, якія парушаюць правілы дарожнага руху.

Паважаныя бацькі, акрамя падрыхтоўкі вашага дзіцяці да школы, ваша задача навучыць яго бяспечнаму руху, бо паводзіны дзяцей фарміруюцца не столькі на аснове ведаў, колькі на аснове вопыту. Напярэдадні абавязкова праверце ў іх правілы дарожнага руху. Заўсёды нагадвайце дзецям, каб не спяшаліся, а значыць, паклапаціцеся аб тым, каб яны выходзілі ў школу з запасам часу. Прайдзіце разам увесь маршрут руху да школы, звярніце пры гэтым увагу на небяспечныя ўчасткі. Калі дзеці едуць з вамі ў машыне, абавязкова прышпіліце іх рамянямі бяспекі, а малалетніх перавозьце ў спецыяльных аўтамабільных крэслах. Абазначце сваіх дзяцей на дарозе святлоадбівальнымі элементамі – флікерамі, прымацуйце іх на вопратку, абутак, партфель. Гэта дазволіць вадзіцелю ў цёмны час сутак раней звярнуць увагу на дзяцей і дасць магчымасць прыняць меры для тармажэння або экстраннага прыпынку, а значыць, зберагчы іх ад небяспекі. Не дапускайце дзіцячых забаў на праезджай частцы.

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

***

“УВАЙСЦІ Ў ЗІМУ БЕЗ ПРАБЛЕМ” – як падрыхтаваліся суб’екты гаспадарання раёна да асенне-зімовага перыяду, можна прачытаць на 5-й старонцы газеты.

***

ГРАФІКІ ПЛАНАВА-КАНСУЛЬТАЦЫЙНЫХ ВЫЕЗДАЎ УРАЧОЎ-СПЕЦЫЯЛІСТАЎ У СЕЛЬСКІЯ ЛЯЧЭБНА-ПРАФІЛАКТЫЧНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ РАЁНА і ІНФАРМАЦЫЯ АБ АРГАНІЗАЦЫІ РАБОТЫ КАМІСІІ ПА МЕДЫЦЫНСКІМ АГЛЯДЗЕ КАНДЫДАТАЎ У ВАДЗІЦЕЛІ, ВАДЗІЦЕЛЯЎ, СУДНАВАДЗІЦЕЛЯЎ МАЛАМЕРНЫХ СУДНАЎ ВА УАЗ «СТАЎБЦОЎСКАЯ ЦРБ» размешчаны на 5-й старонцы газеты.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *