Аптымізаваць працэс навучання

Нумары

У Беларусі пастараліся зрабіць усё, каб 1 верасня стала сапраўдным святам для кожнага школьніка, педагога і бацькоў. Аб гэтым 31 жніўня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сярэднюю школу нумар 56 Мінска.

Дзяржава накіравала на гэта вялікія бюджэтныя сродкі, падкрэсліў ён. «І мы лічым іх важнымі інвестыцыямі, фінансавымі ўкладаннямі ў будучае краіны, у новае пакаленне грамадзян, у тых, хто будзе як зрэнку вока берагчы і захоўваць нашу Айчыну, нашу краіну, нашу Беларусь. Наша галоўнае дасягненне і здабытак – чалавечы капітал. І на гэта грошай шкадаваць ні ў якім разе нельга», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Для нас выключна важна забяспечыць дзяцей усім неабходным да школы, – адзначыў Прэзідэнт. – У кожнага ёсць дастатковая колькасць падручнікаў, сшыткаў, іншых школьных прылад, спартыўнага інвентару хапае». У навучальных установах праведзены неабходны рамонт, рэканструяваны спартыўныя збудаванні, добраўпарадкаваны прышкольныя тэрыторыі, дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка асабліва павіншаваў першакласнікаў: «Для нашых першакласнікаў гэты дзень – адна з самых памятных падзей, пачатак вялікага шляху да ведаў і першы этап сталення». Ён заклікаў педагогаў зрабіць усё неабходнае, каб дзеці былі акружаны клопатам і ўвагай.

Ён заклікаў навучэнцаў скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія перад імі адкрываюцца, параіўшы не траціць час дарма, а прысвяціць свой вольны час спорту, чытанню кніг, карысным грамадскім справам.

У мінскай СШ нумар 56 створаны ўсе неабходныя ўмовы для ўсебаковага развіцця школьнікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 31 жніўня гэтую навучальную ўстанову.

Кіраўнік дзяржавы, азнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы, застаўся задаволены створанымі ўмовамі для навучання і выхавання. Аляксандр Лукашэнка наведаў клас, дзе будуць вучыцца першакласнікі, кабінет для навучання ігры на музычных інструментах. Ён праслухаў ігру на кларнеце аднаго са школьнікаў і пахваліў яго за добрае выступленне, пажадаўшы новых поспехаў.

Акрамя таго, Прэзідэнт пабываў у спартыўных залах, басейне і сталовай, дзе пацікавіўся асартыментам страў і іх якасцю.

Выходзячы са школы, Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з бацькамі і педагогамі. Ён сказаў, што ў школе ўсё арганізавана належным чынам для вучобы і развіцця дзяцей. Дзяржава будзе старацца і ў далейшым рабіць усё неабходнае для таго, каб школьнікі атрымлівалі добрую адукацыю, запэўніў Прэзідэнт.

«Такіх школ павінна быць больш. У добры шлях!» – пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка незадаволены работай школ у суботу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 31 жніўня, наведваючы сярэднюю школу нумар 56 горада Мінска.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў суботу дзеці павінны прыходзіць у школу, каб займацца спортам і наведваць урокі працоўнага навучання. «Субота павінна быць аддадзена фізічнай працы», – падкрэсліў ён.

«Субота – ніяк не выхадны дзень, асабліва для калектыву школы. Гэта працоўнае навучанне і фізічная падрыхтоўка, фізкультура», – адзначыў Прэзідэнт. Ён прапанаваў выключыць лішнія гадзіны працоўнага навучання і фізкультуры з сеткі вучэбных заняткаў і перанесці іх на суботу. «Вы іх навучыце габляваць, карыстацца рубанкамі, фуганкамі, долатам, напільнікам, пакажаце, што такое ціскі, варштаты і гэтак далей. Вы іх навучыце жыць, вы іх прыстасуеце да жыцця», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Пра спорт я ўжо не гавару, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Мы сёння згорбіўшыся амаль усе ходзім да дзясятага класа. Гэта хіба нармальна?!»

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба яшчэ шмат зрабіць у плане ўдасканалення працэсу навучання не толькі ў школе, але і ў ВНУ. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка крытычна выказаўся аб якасці цяперашніх падручнікаў. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што да канца наступнага года яны будуць прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, без усялякіх празмернасцяў. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі павінны зрабіць рашучы крок для ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі. «У нас для гэтага ёсць усё: воля, жаданне і самае галоўнае ёсць спецыялісты, якія могуць вырашыць гэтую задачу», – падагульніў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ўрад займаецца аптымізацыяй працэсу навучання. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць так, каб асноўныя веды дзеці атрымлівалі ў школе. «Не павінен вучань, адвучыўшыся 6-7 гадзін у школе, прыходзіць дадому і яшчэ 5-6 гадзін рыхтаваць дамашняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей», – абурыўся Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дома вучань малодшых класаў павінен працаваць паўтары – максімум дзве гадзіны, старшакласнік – тры – тры з палавінай гадзіны, дзякуючы гэтаму дзеці стануць намнога здаравейшыя.

Прэзідэнт выказаў пажаданне, каб школа нумар 56 стала своеасаблівым маяком і прыкладам у гэтым плане. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў, каб педагагічны калектыў праявіў ініцыятыву і паказаў прыклад, як трэба працаваць з вучнямі.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *