На цябе, наша моладзь, надзея

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У першы дзень восені, такі незвычайна спякотны ў гэтым годзе, першы школьны званок абвясціў аб пачатку новага навучальнага года. 1497 вучняў селі за парту ў самай вялікай навучальнай установе нашага раёна – СШ № 3 г. Стоўбцы. Успышкамі фотаапаратаў, абдымкамі з сябрамі, віншаваннямі, пышнасцю прыгожых букетаў, песнямі, вершамі, пажаданнямі поспехаў у складаным, але такім цікавым падарожжы па свеце ведаў сустракала школа сваіх выхаванцаў.

Дырэктар навучальнай установы Жанна Лысая выказала радасць ад сустрэчы з вучнямі, падзякавала ім і педагогам за тыя перамогі і высокі рэйтынг, які займае школа не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы дзякуючы высокім вынікам вучняў у інтэлектуальнай працы. Чаго варты хоць бы адзін такі факт: СШ № 3 г. Стоўбцы другі год запар увайшла ў 100 лепшых школ рэспублікі па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання, а два яе выпускнікі з’яўляюцца «стабальнікамі». Жанна Мікалаеўна ўручыла пахвальныя лісты 135 выдатнікам вучобы па выніках работы за мінулы навучальны год.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель ад імя райвыканкама павіншаваў вучняў, педагагічную і бацькоўскую грамадскасць з пачаткам новага навучальнага года і адзначыў высокія вынікі гэтай навучальнай установы. Сяргей Яўгенавіч уручыў пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі пераможцы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды Паліне Лапко і пераможцы рэспубліканскага конкурсу даследчых работ Валерыі Сінянковай.

Павіншаваць вучняў з пачаткам навучальнага года з узнагародамі і падарункамі падышлі да мікрафона прадстаўнікі райваенкамата, стаўбцоўскага аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк», аддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС.

У вялікай шарэнзе класаў-камплектаў перашакласнікі, якіх у гэтым годзе 172, ніяк не згубіліся. Іх непасрэднасць – самая адметная з’ява гэтай урачыстай падзеі. Першакласнікі, якім бацькі з любоўю і хваляваннем папраўлялі каўнерыкі, бабачкі, банцікі, букеты, не адзін раз прымусілі ўдзельнікаў свята ўсміхнуцца. Ніводзін рэжысёр не прыдумае такіх сцэн-экспромтаў, на што здольныя яны! На фоне малышоў яшчэ больш дарослымі і сур’ёзнымі  здаюцца прыгожыя і сталыя вучні выпускнога класа. У глыбіні душы яны разумеюць, што гэты школьны год для іх апошні. І таму такі каштоўны. Наперадзе ў іх месяцы напружаных заняткаў, кантрольных і тэстаў, экзаменаў. Сіл і моцы ім вытрымаць усё дастойна.

Крыштальна-гучным школьным званком адзінаццацікласнік Павел Базарэўскі і першакласніца Вікторыя Казлоўская паклікалі вучняў у класы на першы ўрок «На цябе, наша моладзь, надзея».

Шчаслівага новага навучальнага года ўсім!

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

СШ № 3 Г. СТОЎБЦЫ – У ТОП-100 УСТАНОЎ АДУКАЦЫІ

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў вывеў рэйтынг лепшых школ рэспублікі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Другі год запар СШ № 3 г. Стоўбцы, якую ўзначальвае Жанна Лысая, увайшла ў ТОП-100 устаноў адукацыі краіны з самымі высокімі баламі на ўступных экзаменах.

Такі  рэйтынг навучальнай установе забяспечылі высокія вынікі здачы ўступных экзаменаў па фізіцы, біялогіі, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве.

67 працэнтаў выпускнікоў  СШ № 3 г. Стоўбцы сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *