На Стаўбцоўшчыне

Нумары Раённыя навіны

ІНВЕСТПРАЕКТ. ДЛЯ ДРУГОЙ ЧАРГІ

Лета гэтага года асабліва запомніцца стаўбцоўскім маторнікам – у чэрвені ў філіяле ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы быў наладжаны выпуск першай прадукцыі на заводзе высокадакладнага чыгуннага ліцця.

Адразу пачыналі з дзвюх тысяч адлівак гільзаў блока цыліндраў, а ўжо ў жніўні выпусцілі іх у два разы больш. План на верасень – 4,5 тысячы гільзаў. З месяца ў месяц «шліфуецца» тэхналогія новай вытворчасці і, паралельна, вядзецца напружаная праца над другім пускавым комплексам.

– Днямі для яго запуску атрымаем 17 адзінак новага абсталявання, вырабленага на заказ. У цэлым паступленні абсталявання фактычна працягнуцца да канца бягучага года, – адзначае начальнік аддзела капітальнага будаўніцтва прадпрыемства Станіслаў Ланкевіч, звяртаючы ўвагу на тое, што не за гарамі першы квартал 2016 года, а гэта, згодна з графікам, тэрмін здачы на «ліцейцы» другога пускавога комплексу.

Сярод надзённых задач, над якімі працуюць вытворцы, – рэканструкцыя падстанцыі «Прамвузел» 110/10 кВ. Прайшоў тэндар з мэтай закупкі трансфарматара.

 

ДАРОЖКІ ДЛЯ ПЕШАХОДАЎ

Камунальнікі займаюцца добраўпарадкаваннем дзвюх стаўбцоўскіх вуліц – Гагарына і Танкістаў.

На вуліцы Гагарына працуе брыгада Анатоля Покі, на вуліцы Танкістаў – Аляксандра Ермаковіча. Па вуліцы Танкістаў работы па ўкладцы тратуарных дарожак ужо падыходзяць да завяршэння, па вуліцы Гагарына – усё толькі пачынаецца. Маецца на ўвазе акурат  той раён вуліцы Гагарына, што размешчаны за магістраллю, і дзе такіх дарожак для пешаходаў увогуле не было. На адным  баку вуліцы камунальнікі цяпер гэтым і займаюцца.

– Тратуары неабходны і па вуліцы Клары Цэткін, – акрэслівае бліжэйшыя планы адносна добраўпарадкавання Стоўбцаў галоўны інжынер аб’яднання камунальных службаў Алег Кухарчык.

 

КАБ АТРЫМАЦЬ ПАШПАРТ ГАТОЎНАСЦІ

На філіяле «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» падыходзіць да завяршэння мадэрнізацыя цеплавой гаспадаркі.

– На сучасную пі-трубу ўжо заменена больш за 1,2 км сетак, у тым ліку сетак ацяплення і гарачага водазабеспячэння, а таксама параправода, – патлумачыў галоўны інжынер філіяла Алег Курыла. – Засталася трэцяя частка работ на сетках, на адлегласці каля 400 метраў. Падрадная арганізацыя – Стаўбцоўская ПМК – працуе эфектыўна.

Апошні раз сеткі на прадпрыемстве мянялі ў 1980 годзе. З пачаткам іх рамонту на набыццё неабходных матэрыялаў і выкананне работ ужо асвоена каля 400 мільёнаў рублёў. Гэта ўласныя сродкі, заробленыя перапрацоўшчыкамі. Па традыцыі, да новага ацяпляльнага сезона не засталася без мадэрнізацыі і кацельня. Там устаноўлена аўтаматыка рэгулявання і бяспекі, набыта нямецкая сеткавая помпа, устаноўлены новы цеплаабменнік і адрамантавана дзеючае цеплаабменнае абсталяванне… У кацельні функцыянуюць два катлы магутнасцю па 2,6 Гкал, якія ў сезон забяспечваюць ацяпленне і на працягу круглага года, незалежна ад сезона, падаюць у цэхі для тэхналагічных патрэб пару.

Адносна кацельні філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» Дзяржпрамнаглядам ужо выдадзена заключэнне аб гатоўнасці  да работы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гадоў і, як сцвярджае Алег Курыла, у строга вызначаныя графікам тэрміны, да 20-га верасня, прадпрыемства ў цэлым прэтэндуе атрымаць пашпарт гатоўнасці.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

І ПАДЗЯКУ АТРЫМАЛІ

Калектыў раённага камбіната бытавога абслугоўвання гасцінна прыняў у свае рады двух маладых спецыялістаў. Пасля заканчэння Баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа на працу ў Дом быту прыйшлі цырульнікі – Ірына Калядзіч і Марыя Смолка. Яны паспелі ўжо паспрабаваць выязное абслугоўванне – абслужылі жыхароў аграгарадка Дзераўная. За свае старанні атрымалі словы ўдзячнасці.

Прыжыліся ў калектыве цырульнікаў і маладыя спецыялісты, якія прыехалі на працу па размеркаванні ў мінулым годзе.

 

НА СЛУЖБЕ ПРЫГАЖОСЦІ

У цырульні Дома быту адкрыўся манікюрны кабінет.

Для таго каб аказваць паслугі манікюру і педыкюру з масажам ног, кіраўніцтва Дома быту закупіла неабходнае для гэтага абсталяванне і прыгатавала асобны кабінет.

Гэтыя паслугі стаўбчанам і ўсім наведвальнікам аказвае прафесійны майстар Вольга Маліноўская. Яна мае вопыт работы ў гэтай тонкай справе, рада сустрэць сваіх кліентаў і стварыць ім добры настрой.

 

ШМАТДЗЕТНЫМ СЕМ’ЯМ

108 шматдзетных сем’яў нашага раёна, у якіх выхоўваюцца трое і больш дзяцей школьнага ўзросту, атрымалі матэрыяльную дапамогу з бюджэтных сродкаў па праграме дэмаграфічнай бяспекі. Падставай для гэтага паслужыла адпаведнае рашэнне райвыканкама.

На кожнае з 342 дзяцей выплачана 292 400 рублёў. Гэтыя грошы накіраваны для падрыхтоўкі вучняў да новага навучальнага года.

 

УСТАНОЎЛЕНЫ ВІДЭАКАМЕРЫ

Прыярытэтным з’яўляецца пытанне стварэння бяспечных умоў жыццядзейнасці  дзяцей у дашкольных установах.

У новым навучальным годзе ва ўсіх дзіцячых садах забяспечаны прапускны рэжым, устаноўлены сістэмы відэаназірання.

Згодна з праграмай умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы праводзіцца аснашчэнне гульнявых пляцовак, замена старой мэблі, рамонт траўманебяспечных асфальтавых сцяжынак. Добраўпарадкаванню тэрыторый і гульнявых пляцовах надаецца важнае значэнне.

 

ПРАПАНУЕ СЛУЖБА ЗАНЯТАСЦІ

Верасень сабраў студэнтаў, навучэнцаў у аўдыторыі. Для тых жа, хто не паступіў ці не вызначыўся яшчэ з будучай прафесій, дзяржаўная служба занятасці прапаноўвае неблагія варыянты атрымання прафесіі, прычым запатрабаванай на рынку працы ў сучасны момант.

Маладыя людзі ў статусе беспрацоўных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за бюджэтныя сродкі могуць атрымаць шэраг будаўнічых спецыяльнасцяў, а таксама спецыяльнасці цырульніка, спецыяліста па манікюры, швачкі і закройшчыцы, вадзіцеля катэгорый «В» і «С», вадзіцеля пагрузчыка, повара-кандытара, ліфцёра, электрагазазваршчыка, мантажніка санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, бухгалтара, аператара станкоў з праграмным кіраваннем, слесара па рамонце аўтамабіляў і т. п.. Навучанне праводзіцца ў навучальных установах Мінска, Мінскай вобласці і Стоўбцаў.

Навучэнцы атрымаюць стыпендыю, ім будзе аплачаны праезд у прыгарадным транспарце і пражыванне.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *