Новы статус — новыя клопаты

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

СТОЎБЦЫГАЗ АБСЛУГОЎВАЕ ТРЫ РАЁНЫ

Сёлета газавікі раёна сустракаюць сваё прафесійнае свята ў новым статусе. З 1-га верасня на падставе загада вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства УП «Мінскаблгаз» адбылася рэструктурызацыя газазабяспечваючых арганізацый: да філіяла Стаўбцоўскае раённае вытворчае ўпраўленне газавай гаспадаркі «Стоўбцырайгаз» далучаны Нясвіжская і Клецкая раённыя службы газазабеспячэння, новаўтвораная арганізацыя перайменавана ў філіял ВУ «Стоўбцыгаз».

– У бягучым годзе намаганнямі калектыву выкананы ўсе асноўныя заданні, – падкрэсліў у перадсвяточным інтэрв’ю дырэктар Іван Шпілеўскі і, каб не быць галаслоўным, звярнуўся да некаторых лічбаў: – Па раёне агульная працягласць газаправодаў склала 746,5 км. Газіфікавана 91 кватэра, 75 кватэр пераведзены са звадкаванага на прыродны газ. Рэалізавана 23,5 млн м3 прыроднага і 260,3 тоны звадкаванага газу. Для бяспечнай і безаварыйнай работы шмат зроблена ў плане абнаўлення газавага абсталявання на газаправодах, газарэгулятарных пунктах і іншых аб’ектах. Заменена і 320 адзінак бытавых газавых прыбораў, на якія сышоў нарматыўны тэрмін эксплуатацыі.

Для Стаўбцоўшчыны адной з падзей 2015 года стане газіфікацыя вёскі Старына. Работы на гэтым аб’екце блізяцца да завяршэння. Распачнецца будаўніцтва газаправода яшчэ ў адной вёсцы – Мешычы. А жыхароў населеных пунктаў, куды прыродны газ пакуль не прыйшоў, абслугоўваюць экіпажы па дастаўцы звадкаванага газу.

Адзін з іх – у складзе вадзіцеля Анатоля Навіцкага і слесара Яўгена Шпакоўскага (іх вы бачыце на трэцім здымку разам з кладаўшчыком Аляксандрам Саятэвічам). Кожны рабочы дзень, у тым ліку і ў суботу, экіпаж адпраўляецца ў працяглы рэйс. Маршруты яго пралягаюць праз вёскі, дачныя пасёлкі. Штодзень выконваецца ад 45-ці да 60-ці заявак. Вадзіцель Анатоль Навіцкі ўпэўнена трымае руль спецмашыны ўжо 15 гадоў, дастаўляе балоны без парушэння графіка, таму і атрымлівае ад абанентаў заслужаныя словы падзякі. Напярэдадні прафесійнага свята вадзіцель 1-га класа Анатоль Навіцкі ўзнагароджаны граматай раённага выканаўчага камітэта.

Цэняць прафесіяналаў сваёй справы і ва УП «Мінскаблгаз». З нагоды свята ўзнагароды ўручаны вадзіцелю аварыйна-дыспетчарскай службы Уладзіміру Панамарову, манцёру па ахове падземных трубаправодаў ад карозіі Сяргею Бычко, інжынеру-праграмісту Майклу Некрашу, кантралёру службы ўліку газу Святлане Протас, а таксама  начальніку службы транспарту Аляксандру Ільючэнку (на першым здымку ён разам з кантралёрам Галінай Нікалаенка).

Перадавікоў вытворчасці – слесара па абслугоўванні і рамонце знешніх газаправодаў Анатоля Грыгаровіча і манцёра па ахове падземных трубаправодаў ад карозіі Сяргея Бычко (яны на другім здымку) – сустракаем у тэхкласе, дзе абсталяваны макет газарэгулятарнага пункта. «Тэхвучобу праходзяць тут усе нашы работнікі – ад слесара да дырэктара», – заўважае галоўны інжынер Наталля Астроўская.

На добраўпарадкаванай тэрыторыі філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» ёсць і свой палігон для павышэння прафесійнага майстэрства. Сюды, дарэчы, завіталі на фінальныя абласныя спаборніцтвы аварыйна-выратавальныя брыгады з сямі раёнаў Мінскай вобласці.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ІНТАРЭС «ПАДАГРЭЛІ» ТОРФАБРЫКЕТЧЫКІ

Торфабрыкеты – адзін з мясцовых відаў паліва, асабліва запатрабаваных у ацяпляльны перыяд. Актыўнае назапашванне іх вядзе ААТ «Торфабрыкетны завод «Нёман».

Чым жыве прадпрыемства? Аб гэтым пагутарылі з яго дырэктарам Міхаілам Камейшам.

– Думаю, да канца года выйдзем на рэнтабельную работу, – заўважае Міхаіл Францавіч і дзеліцца прыемным: – Нам званілі з Чэхіі – хочуць набываць у нас фрэзерны торф, прычым, выказалі жаданне заключыць доўгатэрміновы дагавор аб супрацоўніцтве. І для паліўных брыкетаў шукаем замежныя рынкі збыту – у Польшчы, Літве, Германіі. Цікавяцца нашай прадукцыяй і ў Расііі. Балазе, мы размясцілі ўсю інфармацыю аб ёй на сайце, чым толькі «падагрэлі» інтарэс да свайго прадпрыемства.

Ваша прадпрыемства працуе даўно і, калі меркаваць па мінулым, з вялікімі аб’ёмамі вытворчасці. Якія запасы сыравіны для ўвасаблення сучасных планаў?

– Прадпрыемства заснавана ў 1965 годзе. Усяго на яго рахунку больш за два мільёны тон брыкетаў. Здабыча торфу вялася інтэнсіўна ўвесь час. Атрымана амаль 6,5 мільёна тон, у тым ліку больш за адзін мільён тон – для сельскай гаспадаркі.

На даны момант дзеючая сыравінная база вычарпала свае магчымасці, таму ідзе актыўная работа па забеспячэнні торфабрыкетнага завода новай. Атрымана рашэнне аблвыканкама аб выдзяленні нам сельскагаспадарчага ўчастка для здабычы фрэзернага торфу на плошчы 230 гектараў. Пры ўмове стабільнай работы завода, а гэта прыкладна 40 тысяч тон торфабрыкетаў у год, нам хопіць яго на 20, а то і больш, гадоў.

Якія механізмы задзейнічаны для таго, каб скарачалася стратнасць прадпрыемства?

– Шмат чаго робіцца ў плане энергазберажэння. Завод прайшоў энергетычнае абследаванне, эксперты выдалі нам рэкамендацыі на пяць гадоў наперад. Выкананы ўстаноўка рэкуператараў цяпла ў сушылцы, мадэрнізацыя прэсаў рухавікамі з плаўным пускам і т. п.  Мяркую, што за пяцігодку сэканомім на гэтым не менш за  мільярд рублёў, хаця работы ў даным напрамку мы пачалі значна раней.

Да прыкладу, устанаўліваем частотна-рэгулюемыя прывады на электрарухавікі, што зніжае спажыванне электраэнергіі на 50 працэнтаў. Не вельмі даўно такім прывадам аснасцілі дымасос сушылкі. Спадзяемся, што ён акупіць сябе за паўгода. Аналагічнымі прывадамі забяспечваем і кацельню.  Безумоўна, для эканоміі рэсурсаў вельмі важна, каб завод працаваў з поўнай нагрузкай. У такім выпадку змяншаецца сабекошт прадукцыі.

На ўчастку здабычы торфу цяпер працуюць колавыя трактары МТЗ, і мы таксама падлічваем эканомію. Для атрымання  тоны фрэзернага торфу расходуецца 730 грамаў паліва, у той час як на ранейшай тэхніцы ішло больш за літр. Апошнія чатыры гады мы адмовіліся ад газавага катла. Два дзеючыя катлы працуюць на ўласнавыпушчаным цвёрдым паліве. З дапамогай аднаго з гэтых катлоў на мясцовых відах паліва ацяпляецца жылы пасёлак завода. 

Дарэчы, на балансе завода знаходзіцца 10 шматкватэрных жылых дамоў. Гэта 164 кватэры, у якія з нашай кацельні падаюцца цяпло і гарачая вада. Мы ажыццяўляем і абслугоўванне ведамасных дамоў.

 Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ    



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *