На заметку чытачам

Нумары Соцыум

КАНСУЛЬТАЦЫЯ: КАЛІ ЗМЯНІЛІ ПРОЗВІШЧА

Прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку, як правіла, з’яўляюцца нязменнымі. Аднак у тых выпадках, калі для гэтага ёсць уважлівыя прычыны, дапускаецца іх змена. У апошнія гады колькасць зваротаў грамадзян у аддзел ЗАГС Стаўбцоўскага райвыканкама наконт ажыццяўлення такой працэдуры значна павялічылася. Так, калі ў 2010 годзе было зарэгістравана 9 змен, то ў 2014 годзе – 18, за пяць месяцаў бягучага года – ужо 13.

Парадак змены грамадзянінам імені і рэгістрацыі гэтага акта рэгулюецца артыкуламі 70, 71 і 222-224 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і і іншымі нарматыўнымі дакументамі. Заява аб рэгістрацыі змены падаецца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 16 гадоў, у органы, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану, па месцы іх жыхарства.

Працэдура змены займае даволі працяглы перыяд часу (да двух месяцаў), з’яўляецца шматступеннай, паколькі ў ёй узаемадзейнічаюць аддзелы ЗАГСа, унутраных спраў, Галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама. Змена імені звязана з комплексам прававых наступстваў. Гэта права грамадзяніна патрабаваць унясення адпаведных змяненняў у дакументы, аформленыя на яго ранейшае імя, і абавязак дзяржаўных органаў улады ўнесці такія змяненні, абавязак грамадзяніна паведаміць даўжнікам і крэдыторам аб змене імені і іншыя. Таму змена імені  без уважлівых прычын недапушчальная.

Да такіх прычын згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адносяцца наступныя: немілагучнасць прозвішча, імені, імені па бацьку ці цяжкасць іх вымаўлення. Часцей за ўсё – жаданне жонкі ці мужа насіць агульнае прозвішча ці вярнуць сваё дашлюбнае прозвішча, калі аб гэтым не было заяўлена пры скасаванні шлюбу. А таксама жаданне насіць прозвішча айчыма (мачыхі), які (якая) выхоўваў (выхоўвала) заяўніка, ці імя па бацьку айчыма, калі ўсынаўленне не можа быць аформлена. Бываюць выпадкі, калі выказваецца жаданне насіць прозвішча, імя і імя па бацьку, што адпавядаюць выбранай нацыянальнасці. Выказваецца жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа і іншыя. Як бачна, часцей звяртаюцца з просьбамі аб змене прозвішча пры сямейных абставінах. У кожным канкрэтным выпадку Галоўным упраўленнем юстыцыі аблвыканкама вызначаецца, ці могуць прычыны, указаныя ў заяве грамадзяніна, які жадае змяніць прозвішча ці імя, быць уважлівымі.

Практыка работы паказвае, што найбольшай колькасцю прычын для змены было жаданне ў мужа і жонкі мець агульнае прозвішча. Адбываецца гэта тады, калі пры заключэнні шлюбу муж і жонка захоўваюць свае дашлюбныя прозвішчы, а затым, скарыстаўшы права на змену прозвішча, мяняюць яго. Звязана гэта з тым, што пасля рэгістрацыі шлюбу муж і жонка маюць намер выехаць за межы Беларусі на экскурсію, у шлюбнае падарожжа або маюць адкрытую шэнгенскую візу ў краіну ЕС.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам пасля змены грамадзянінам Рэспублікі Беларусь прозвішча, яго пашпарт, аформлены на ранейшае прозвішча, застаецца сапраўдным на працягу месяца. У гэты перыяд грамадзянін можа ехаць адпачываць, толькі не ў краіны, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону, паколькі з 2010 года пашпарт павінен быць сапраўдным не менш чым за тры месяцы пасля мяркуемай даты выезду з краіны Еўрапейскага саюза.

Змена прозвішча, уласнага імені, імені па бацьку як акт грамадзянскага стану належыць дзяржаўнай рэгістрацыі, паводле вынікаў якой тым, хто змяніў прозвішча, выдаецца адпаведнае пасведчанне. Дзяржаўная пошліна складае адну базавую велічыню. У пашпарт асобы, якая змяніла прозвішча ў агульным парадку, уносіцца адпаведная адзнака.

Грамадзянін, які змяніў прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку, абавязаны звярнуцца ў орган унутраных спраў па месцы жыхарства для абмену пашпарта.

Надзея КАРТУЗАВА, загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама

 

НА СЛУЖБУ ПРАВАПАРАДКУ

Аддзел унутраных спраў райвыканкама ажыццяўляе адбор кандыдатаў на службу ў органы ўнутраных спраў на пасады радавога, малодшага і сярэдняга кіруючага саставу.

Кандыдатамі могуць стаць асобы з ліку грамадзянскай моладзі, у тым ліку выпускнікі ВНУ не сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь, здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях, а таксама стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на органы правапарадку.

На пасады радавога і малодшага кіруючага саставу прымаюцца грамадзяне нашай рэспублікі ва ўзросце да 25-ці гадоў, якія маюць агульную сярэднюю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, на пасады сярэдняга кіруючага саставу – ва ўзросце да 25-ці гадоў, з сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыяй (у абодвух выпадках служба ва Узброеных Сілах не абавязковая). 

Кіраўніцтвам аддзела ствараюцца ўсе неабходныя ўмовы для паспяховага ажыццяўлення службовай дзейнасці – супрацоўнікам выдзелены новыя кабінеты, ідзе пастаяннае абнаўленне аўтапарку і першачарговае забеспячэнне неабходнымі для работы тэхнічнымі сродкамі, запрашаюць спартыўная зала і зала з трэнажорамі, цір. Для павышэння прафесійнага ўзроўню супрацоўнікі могуць займацца ў Акадэміі МУС і Магілёўскім інстытуце МУС.

Для больш падрабязнай інфармацыі звяртайцеся ў райаддзел міліцыі (г. Стоўбцы, вуліца Гайдука, 21, аддзел кадраў – тэл. 5-52-99, 5-57-43).

Сяргей БОГАЧ, намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў

 

МЕСЯЧНІК БЕЗ ТРАЎМАТЫЗМУ

Завяршыўся абласны месячнік па ахове працы «Уборачная кампанія – без траўматызму». За гэты час праведзены раённы семінар па ахове працы, у якім бралі ўдзел спецыялісты па ахове працы сельгасарганізацый, старшыні прафсаюзных камітэтаў і грамадскія інспектары па ахове працы. Створаная пры райсельгасхарчы мабільная група правяла праверкі стану бяспекі працы на вытворчасці ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Пры неабходнасці правяраючыя аказвалі на месцах не толькі метадычную, а і практычную дапамогу ў арганізацыі бяспечных метадаў правядзення работ. Па выніках праверак выдадзены рэкамендацыі з указаннем тэрмінаў ухілення недахопаў. З мэтай выканання супрацьпажарных мерапрыемстваў правераны камбайны, месцы нарыхтоўкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю на наяўнасць сродкаў пажаратушэння. Для інфармацыйнай падтрымкі ў кабінетах па ахове працы размешчаны плакаты і матэрыялы адпаведнай тэматыкі. Ажыццёўлена праверка тэхнікі, якая ўдзельнічала ва ўборачных работах, на адпаведнасць патрабаванням. Вёўся пастаянны кантроль за прымяненнем працоўнымі сродкаў індывідуальнай аховы. Праведзены пазапланавыя інструктажы з работнікамі, занятымі на жніве. Удзялялася ўвага месцам кароткачасовага адпачынку і прыёму ежы работнікамі ў палявых умовах.

Згодна з графікам ажыццёўлены праверкі прытрымлівання транспартнай і працоўнай дысцыпліны работнікамі аграпрамысловага комплексу. У вячэрні час сумесна з супрацоўнікамі міліцыі праведзены рэйды з мэтай выключэння фактаў знаходжання работнікаў у стане алкагольнага ап’янення ў рабочы час на рабочым месцы.

За перыяд месячніка выпадкаў траўматызму не было.

Людміла МАГЕР, галоўны спецыяліст райсельгасхарча па ахове працы

 

НЕБЯСПЕКА ПАДЗЕМНЫХ ПАЖАРАЎ

Нягледзячы на надыход восені, захоўваецца сухое надвор’е і, адпаведна, высокая пажарная небяспека. Асаблівую трывогу выклікае верагоднасць узнікнення тарфяных пажараў.

Тарфяны пажар рухаецца марудна, па некалькі метраў у суткі, і характарызуецца тым, што яго вельмі цяжка патушыць (не слабне ён і падчас умеранага дажджу). Небяспечны ён нечаканымі прарывамі агню з падземнага ачага і тым, што край яго не заўсёды магчыма заўважыць. У прагарэўшым знутры торфе ўтвараюцца пустоты, у якія можна праваліцца. Прыкметай падземнага пажару з’яўляецца характэрны пах гару, прасочванне дыму з зямлі, гарачыня самой зямлі.

Тарфяныя пажары часцей за ўсё ўзнікаюць з-за няправільнага абыходжання з агнём, ад разрадаў маланкі або самазагарання. Торф схільны да самазагарання пры тэмпературы 50 градусаў (у спёку паверхня глебы награваецца да такой тэмпературы). Акрамя таго, часта глебавыя тарфяныя пажары з’яўляюцца працягам нізавога ляснога пажару. У гэтым выпадку ў слой торфу агонь заглыбляецца каля ствалоў дрэў. Гарэнне праходзіць марудна, без утварэння полымя. Падгараюць карані дрэў, якія падаюць і ўтвараюць завалы.

Работнікі МНС не рэкамендуюць самастойна тушыць тарфяны пажар: лепш абысці яго бокам, пры гэтым трэба рухацца супраць ветру так, каб ён не дагнаў вас з агнём і дымам, не стварыў перашкоды для арыентавання. Трэба ўважліва аглядаць перад сабою дарогу, намацваць яе шастом ці палкай. Аб пажары неабходна паведаміць у службу выратавання па тэлефоне 101 або 112 (больш падрабязная інфармацыя – на сайце 112.by).

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *