Тут вясковец кожны сэрцам малады

Крочым па раёне Нумары

«Вёска гумару, мажору, спачывае на азёрах». «Здзіўляў калісьці тут мядзведзь, па ярмарках хадзіў з ім скамарох і весяліў народ наколькі мог». «Мая вёска – мой родны дом». «Скамарошкі, Скамарошкі – запаветныя дарожкі, шэпча рэчка Залужанка сарамліваю каханкай…»

Услед за дзяўчатамі са Скамарошак можна працягваць вершаваныя радкі ў гонар іх малой радзімы. Свята вёскі, якое прыгожа адзначана тут у мінулую суботу, дало такую магчымасць кожнаму, каму неабыякавы лёс Скамарошак, каго яны натхняюць і клічуць да сябе, а з гадамі – усё гучней, цяплей, лірычней…

Калі святочная працэсія пад гукі духавога аркестра рушыла па вуліцы Цэнтральнай, заасфальтаванай да свята, і падворкі, нібы спаборнічаючы адзін перад адным у гасціннасці, ажылі, набылі самабытнасць і арыгінальнасць, стала зразумела, што хоць і «знік мядзведзь, які зарабляў сваім штукарствам медзь», традыцыі адной са старажытных вёсак Стаўбцоўшчыны працягваюць жыць, і жыць яны будуць доўга. Напэўна, да той пары, пакуль будзе стаяць у цэнтры вёскі нязрушны камень-валун з першай датай упамінання аб ёй у пісьмовых крыніцах – як даніна павагі былым і цяперашнім скамарошцам, працавітым і таленавітым людзям.

Пра гэта міжволі думалася, калі чыталі свае вершы паэты, выхадцы са Скамарошак, Васіль Віцько і Зінаіда Пархімовіч (Жыцкая), калі нашчадкі Софіі Крупец зрабілі выстаўку таго, што дасталося ім ад матулі, – вышываных посцілак, дываноў, карцін, калі каштавалі адмысловы аўсяны пірог сям’і Вайнілаў, над якім фантазіраваў сам гаспадар, або своеасаблівы напой, настоены на дубе, ад сям’і Меляшкевічаў. І артысты Старасвержанскіх Цэнтра культуры і школы мастацтваў не шкадавалі для аднавяскоўцаў добрых слоў, сардэчных песень. Ад гэтага маладзелі на вачах бабулі. Напрыклад, шаноўная Ганна Серафімовіч прыгадала сябе перадавой даяркай, грамадскім актывістам. «Мы пражылі цяжкае жыццё. Дзякуй, што вы нас не забываеце», – змахнула слязу Ганна Рыгораўна.

Вяскоўцы старанна рыхтаваліся да свята на працягу ўсяго лета. Фарбавалі фасады і агароджы, праводзілі рамонты падмуркаў – імкнуліся, каб было не горш, як у суседзяў. Годна ўсё зрабілі, з густам, і гасцей запрасілі. Сярод іх завітаў на свята і знакаміты зямляк – Мікалай Пархімовіч. У свой час Мікалай Віктаравіч працаваў старшынёй райвыканкама і, дарэчы, калісьці браў непасрэдны ўдзел у адкрыцці памятнага каменя ў гонар родных Скамарошак.  

Жыхароў Скамарошак віталі раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, Старасвержанскі сельвыканкам, ААТ «Агранёманскі». Да іх звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі: «Агульнымі намаганнямі ваша вёска пераўтварылася, папрыгажэла. І сённяшняе свята пацвярджае – вёска будзе жыць!» Пералічваючы ўсё зробленае па добраўпарадкаванні вёскі (а гэта не толькі заасфальтаваная вуліца, а і спілоўванне аварыйных дрэў, знос старых пабудоў, замена і пафарбоўка агароджаў), старшыня сельвыканкама Марына Таяноўская выказала ўдзячнасць усім вяскоўцам і прадпрыемствам, якія аказалі дапамогу, – ААТ «Агранёманскі», ДРБУ № 135, ПМС, АКС, «ДзіСаВа». Сельвыканкам аб’явіў падзяку старасце вёскі Марыне Пальчык, а таксама ўганараваў сертыфікатамі якасці лепшых гаспадароў вёскі. Імі вызначаны сем’і Меляшкевічаў, Паўчанцаў, Пекараў.

Дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў не скупіўся на падзяку працаўнікам гаспадаркі, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сярод іх – і былы дырэктар Іосіф Меляшкевіч. Дружныя воплескі – сведчанне людской павагі да Іосіфа Іосіфавіча, які за многія гады старшынёўства заклаў трывалы эканамічны падмурак гаспадаркі. Вёска Скамарошкі, дзе размешчаны мехдвор, – яе цэнтр, сэрца. На свяце дырэкцыя разам з прафсаюзным камітэтам частавалі ўсіх верашчакай з блінамі, а самае галоўнае – прыгожа ўшанавалі многіх сваіх былых працаўнікоў, адзначыўшы кожнага каштоўным падарункам і сертыфікатам на атрыманне 100 кг збожжа. Не былі забыты і юбіляры ва ўзросце ад 50-ці да 80-ці гадоў.

Былых работнікаў філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы» – юбіляраў Софію Меляшкевіч і Мікалая Каробку – павіншаваў на свяце вёскі прадстаўнік прадпрыемства. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька запрасіла на сцэну Яўгенію Пархімовіч, былога старшыню прафкама гаспадаркі. На гэтай пасадзе Яўгенія Аляксееўна працавала больш за тры дзясяткі гадоў. У адказным слове яна ўспомніла работніц тадышняга залужскага клуба, з якімі калісьці цесна супрацоўнічала і таксама ладзіла святы для вяскоўцаў, ды яшчэ якія!      

Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сяргей Есіс і Зінаіда Катлашэўская адзначылі старэйшых жыхароў Скамарошак – ветэрана вайны Івана Пархімовіча і Кацярыну Зубкову. На сцэну ўзнімаліся шматдзетныя сем’і Марыны і Сяргея Паўчанцаў, Ліліі і Сяргея Лагачовых, Людмілы і Віталя Няволькаў. Была адзначана сацыяльны работнік са Скамарошак – Ірына Мазур. Самаму маленькаму жыхару вёскі – 10-месячнаму Вадзіму Палуяну – падарунак падрыхтаваў індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Сасункевіч.

Для аздаблення свята быў аб’яўлены кулінарны конкурс – «Ведай нашых гаспадынь». Дыпломы ў ім атрымалі Марына Міхаленя, Валянціна Фянько і Ірына Місючэнка.  

Свята, сцэнарый да якога напісала бібліятэкар Алена Гарановіч, удалося на славу. Весяліліся ад душы і старэйшыя жыхары, і моладзь. На змену мясцовым артыстам на сцэну выйшаў цыганскі ансамбль «Алюр». Здаецца, традыцыя правядзення святаў вёскі знайшла ў скамарошцаў самы жывы водгук. І гэта не выпадкова. Наша будучае, цяперашняе і мінулае цесна звязаны. Айцец Сергій, які служыць у мясцовым храме, вельмі слушна заўважыў: «Такія святы робяць нас бліжэй адзін да аднаго».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота аўтара і Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *