Асеннія клопаты

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ЗЯЛЁНАЯ ВЫШЫНЯ

Як не пахваліцца такой вышынёй, на якую па-спартыўнаму вымахала «каралева палёў» – кукуруза? Галоўны аграном ААТ «Вялікі Двор» Генадзь Бязушка  пры выпадку не прамінае з гонарам і радасцю, дэманстрацыйна ўскінуўшы рукі ў вышыню, адзначыць, які шыкоўны «лес» кукурузы вырашчаны на палетках таварыства.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

РУБЯЖЭВІЦКІЯ РУПЛІЎЦЫ

У ліку першых выйшлі на азімыя палеткі хлебаробы ААТ «Рубяжэвічы». Па тэмпах сяўбы яны ў лідзіруючай групе. У таварыстве стараюцца пасеяць азімыя збожжавыя своечасова і якасна, каб атрымаць высокую ўраджайнасць. Рупіцца на гэтай рабоце вопытны механізатар Фёдар Гурын. Намеснік дырэктара Ірына Атрушкевіч называе  яго галоўным сеяльшчыкам, а кіраўніцтва гаспадаркі ўпэўнена, што Фёдар Фёдаравіч, як і ў мінулыя гады, выдатна справіцца з даручанай работай. Першым высявалі азімае трыцікале айчыннай селекцыі «праметэй», якое на асобных участках сёлета аддзячвала 50-цю цэнтнерамі з гектара.

Палявыя работы ў гаспадарцы вядуцца комплексна. Адначасова нарыхтоўваюцца і кармы. Урадзіла кукуруза, на круг выходзіць звыш 352 цэнтнераў зялёнай масы.

– Мы пастараліся, належным чынам заправілі глебу арганікай, у аптымальныя тэрміны пасеялі насенне, шчыра даглядалі пасевы, таму віды на ўраджай даволі добрыя, – сказала Ірына Уладзіміраўна, якая мае немалы вопыт у вырошчванні гэтай прапашной культуры. –  І Бог нам дапамог: дажджы не мінулі кукурузныя палеткі. На палях, дзе сеялі кукурузу французскай селекцыі, ураджайнасць дасягае больш за 440 цэнтнераў.

Убірае «каралеву» на «Джон-дзіры»  нястомны працаўнік, майстар сваёй справы Сяргей Лабун. Зараз на ўмоўную галаву жывёлы ў гаспадарцы прыпадае звыш 14 цэнтнераў кармавых адзінак – лепшы паказчык у раёне.

Варта сказаць, што абодва вышэйназваныя механізатары шчыра парупіліся і на жніве – намалацілі звыш тысячы тон збожжа кожны. Сяргей Лабун працаваў з сынам Дзмітрыем, а Фёдар Гурын – з пляменнікам Паўлам. І яшчэ чатыры экіпажы сталі тысячнікамі – сямейны Сяргея і Дзмітрыя Кажамякаў, Сяргея Анціпіна і Аляксея Гусарэвіча, Валерыя Лагені і Анатоля Марцінкевіча, Аляксандра Пугача і Святаслава Кругліка. У двух апошніх экіпажах памочнікі самі адвозілі намалочанае збожжа і перавезлі больш як па тысячы тон. Такога ж высокага паказчыка дасягнулі вадзіцелі Антон Какошын, Альбін Янкоўскі, Вячаслаў Гайдукевіч і Уладзімір Маргаўнічы.

Выдатны вынік атрыманы сёлета мясцовымі хлебаробамі. Яны занялі трэцяе месца ў раёне па намалотах збожжа – сабрана звыш 9090 тон, што на 2150 тон больш за леташні паказчык. І па выхадзе збожжа на бала-гектар ААТ «Рубяжэвічы» ў прызёрах. Маюць большую за іншых  прыбаўку па ўраджайнасці – 10,3 цэнтнера, а на круг намалацілі па 42,3 цэнтнера.

На чарзе ўборка бульбы, пад якой занята 100 гектараў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *