Беларусь і КНР. Супрацоўніцтва краін

Нумары Тэма тыдня

image_pdfimage_print

АГУЛЬНАЯ ПАМЯЦЬ І АДКАЗНАСЦЬ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ваенным парадзе ў Пекіне, што праводзіўся ў азнаменаванне 70-годдзя Перамогі ў антыяпонскай вайне і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Менавіта ў гэты дзень, 3 верасня, у Кітаі святкуецца Дзень Перамогі над японскім мілітарызмам і заканчэнне Другой сусветнай вайны.

На парадзе прысутнічалі каля трох дзясяткаў лідараў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый. У прыватнасці, сярод запрошаных гасцей былі кіраўнікі Расіі, Чэхіі, Сербіі, Венесуэлы, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

Лідары дзяржаў на працягу паўгадзіны прыбывалі на плошчу Цяньаньмэнь. За варотамі павільёна «Дуаньмэнь» іх вітаў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Пасля калектыўнага фатаграфавання кіраўнікі дзяржаў, у ліку якіх быў і Аляксандр Лукашэнка, прайшлі на трыбуну, адкуль назіралі за маляўнічым дзействам, што разгортвалася на плошчы.

Любыя спробы змяніць гісторыю асуджаны на правал. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка напярэдадні рабочага візіту ў КНР у эксклюзіўным інтэрв’ю кітайскай газеце «Жэньмінь жыбаа». Інтэрв’ю апублікавана 3 верасня ў выпуску газеты.

«Другая сусветная вайна – адна з цэнтральных падзей ХХ стагоддзя, якая вызначыла ход гісторыі ва ўсім свеце на многія дзесяцігоддзі наперад, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Калі асноўную ношу ў вайне супраць Германіі вынес савецкі народ, то асноўны цяжар вайны з Японіяй, вядома ж, лёг на плечы кітайскага народа. Я ні ў якім разе не хачу прыніжаць ролю нашых саюзнікаў: безумоўна, яны таксама ўнеслі значны ўклад у нашу агульную перамогу – і ў Еўропе, і ў Азіі. Але з лічбамі ўсё ж не паспрачаешся: згодна з апошнімі даследаваннямі, савецкія страты за гады вайны склалі каля 27 млн чалавек, кітайскія – 35 млн чалавек. Ніякія іншыя краіны не панеслі такіх вялікіх ахвяр. Беларусь, якая была часткай СССР, пацярпела, бадай, больш за іншых – мы страцілі амаль трэць свайго насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі з хваляваннем ставяцца да памятных мерапрыемстваў. У мінулым годзе краіна адсвяткавала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, сёлета – 70-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтыя падзеі сталі сапраўдным святам адзінства і з’яднання нашага народа.

Калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне – нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю. Аб гэтым заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю кітайскай газеце «Жэньмінь Жыбаа».

«Неабходна сумленна прызнаць, што ў свеце існуюць сілы, зацікаўленыя ў пераглядзе вынікаў Другой сусветнай вайны. Для чаго яны гэта робяць? Каб, паставіўшы пад сумненне гістарычную праўду, аспрэчыць цяперашнія правы і інтарэсы краін, што вынеслі асноўны цяжар вайны ў Еўропе і Азіі», – падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. На яго думку, гэтага нельга дапускаць.

«Як гаворыцца ў адным вядомым выслоўі, тыя, хто не засвоілі гісторыю, абавязкова яе паўтораць. І ў гэтым кантэксце на Кітай ускладзена асаблівая, калі хочаце, гістарычная місія: калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе помніць і шанаваць вынікі і праўду аб Другой сусветнай вайне – нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кітайскі народ мае старажытныя і слаўныя гістарычныя традыцыі, якія ідуць углыб тысячагоддзяў. Усім вядома працавітасць кітайскага народа, дзякуючы якой пад мудрым кіраўніцтвам Кітай сёння ператварыўся ў сучасную дзяржаву, якая адыгрывае вядучую ролю ў сусветных працэсах, рухавік глабальнай эканомікі і ўзор для пераймання, на які арыентуюцца краіны свету, што стаў на шлях развіцця.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў народу КНР мірнага неба над галавой і здзяйснення кітайскай мары аб пабудове яшчэ больш моцнай і квітнеючай дзяржавы на аснове якаснага росту эканомікі, асабістага поспеху і дабрабыту яе грамадзян.

У асобе беларусаў кітайскі народ мае самых надзейных і адданых сяброў і партнёраў у цэнтры Еўропы, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «Беларусь вельмі цэніць і ганарыцца адносінамі ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Вялікім Кітаем», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

БелТА

 

ДЫРЭКТЫВА АБ РАЗВІЦЦІ ДВУХБАКОВЫХ АДНОСІН БЕЛАРУСІ З КНР

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву нумар 5 «Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай» ад 31 жніўня 2015 года. Дакумент апублікаваны 2 верасня на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з дакументам, «асноўным зместам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемная рашучая падтрымка па пытаннях, што датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, такіх як суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека і эканамічнае развіццё».

Дырэктывай таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з КНР: глыбокая і ўзаемная інтэграцыя галін і прадпрыемстваў; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; фарміраванне сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў, сумеснае развіццё галіновай навукі; прамое і сістэмнае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва; стварэнне ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра кітаязнаўства і ўзаемадзеяння з КНР.

Мэтавым напрамкам супрацоўніцтва з КНР вызначана сумеснае развіццё ў гандлёвай, інвестыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сферах, стварэнне і рэалізацыя сумесных праектаў і прадпрыемстваў. Каардынацыйным органам садзейнічання развіццю адносін з КНР названы Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве.

Згодна з Дырэктывай, Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі даручана ў 2015 годзе сфарміраваць доўгатэрміновую аснову супрацоўніцтва з міжнародным аддзелам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая па пяці ключавых напрамках: рэгулярны абмен візітамі высокага ўзроўню; арганізацыя сістэмы ўзаемных стажыровак; узаемадзеянне ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху; супрацоўніцтва ў даследаванні прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства; умацаванне ўзаемадзеяння аналітычных цэнтраў і сродкаў масавай інфармацыі.

Дзяржаўнаму сакратарыяту Савета бяспекі Беларусі ў бягучым годзе даручана забяспечыць планаванне, каардынацыю і паглыбленне супрацоўніцтва з КНР у ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, а таксама ў сферы бяспекі і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і надзвычайных сітуацый.

Савету Міністраў Беларусі сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам да 1 студзеня 2016 года неабходна арганізаваць прамое ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі КНР па падрыхтоўцы і ўзгадненні плана мерапрыемстваў па спрашчэнні працэдур і нарматыўных патрабаванняў, звязаных з мерамі тэхнічнага рэгулявання, санітарнага, фітасанітарнага, ветэрынарна-санітарнага і санітарна-эпідэміялагічнага кантролю (нагляду), у мэтах забеспячэння паляпшэння ўмоў узаемнага доступу на рынкі. Прадугледжваецца стварыць сумесную кампанію па арганізацыі, суправаджэнні і прасоўванні ўзаемных паставак тавараў і паслуг; сфарміраваць комплексны план дзеянняў па дасягненні да 2020 года ўзроўню экспартных паставак у КНР у суме не менш як $1,5 млрд.

Да 1 ліпеня 2016 года даручана сфарміраваць пералік прадпрыемстваў для прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал у сферы сельскагаспадарчага і цяжкага машынабудавання, станкабудавання, вытворчасці бытавой тэхнікі і электронікі, оптыка-механічнай прамысловасці, вытворчасці вырабаў з палімераў, тавараў медыцынскага прызначэння і бытавой хіміі. Таксама неабходна сфарміраваць механізмы стымулявання прыцягнення ў 2016-2020 гадах прамых кітайскіх інвестыцый у энергетыку, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, транспартную інфраструктуру, вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі і іншыя галіны, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Даручана арганізаваць на тэрыторыі КНР зборачныя вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і сістэму яе перадпродажнага і пасляпродажнага абслугоўвання з улікам рэгіянальных асаблівасцяў і вытворча-збытавых ланцужкоў буйных кітайскіх карпарацый. У 2016 годзе забяспечыць выпуск гэтымі вытворчасцямі і продаж не менш як шэсць тысяч трактароў і тры тысячы камбайнаў.

На сістэмнай аснове даручана развіваць крэдытнае супрацоўніцтва на прынцыпах конкурснасці і сярэднетэрміновай акупнасці зыходзячы з прыярытэтнасці накіравання фінансавых сродкаў на развіццё малога і сярэдняга бізнесу і прыцягненне прамых кітайскіх інвестыцый праз крэдытныя інструменты. Згодна з дакументам, неабходна актуалізаваць і ўзгадніць дзяржаўныя праграмы, прынятыя ў Беларусі, у сферы мадэрнізацыі і развіцця транспартнай, лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай, мытнай інфраструктуры з падыходамі па ўдзеле Беларусі ў канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Марскога шляху XXI  стагоддзя.

У фінансавай сферы даручана забяспечыць штогадовы прырост выкарыстання нацыянальных валют ва ўзаемным гандлі, кітайскіх юаняў у дыверсіфікацыі структуры золатавалютных рэзерваў, а таксама ў размяшчэнні дзяржаўных і карпаратыўных каштоўных папер. Прапрацаваць з кітайскім бокам пытанне стварэння сумеснага беларуска-кітайскага інвестыцыйнага фонду.

У галіне навукі і тэхнікі да 1 ліпеня 2016 года неабходна сфарміраваць пералік новых сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў з удзелам арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і кітайскіх партнёраў па канкурэнтных перспектыўных напрамках.

Таксама дакументам даручана сфарміраваць і зацвердзіць праграму міжрэгіянальных выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, Дзён правінцый і абласцей, гарадоў на перыяд да 2020 года.

У гуманітарнай сферы неабходна ўзгадніць з кітайскімі партнёрамі і зацвердзіць праграму накіравання на навучанне беларускіх юнакоў і дзяўчат ва ўстановы вышэйшай адукацыі КНР. Сумесна з кітайскімі партнёрамі распрацаваць праграму стварэння да 2018 года цэнтраў традыцыйнай кітайскай медыцыны і цэнтраў традыцыйнай кітайскай гімнастыкі ў кожным абласным цэнтры Беларусі, а таксама арганізаваць сумесную турыстычную кампанію.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *