У новы год – «з тройкай» з удачы, здароўя і дабрабыту

Грамадства Нумары Факты, падзеi, людзi

IMG5618
Аляксандр УЛАСІК:
– Якія будуць мае пажаданні? Зразумела, самыя лепшыя! Каб усе былі здаровымі, мелі добрыя сем’і, высокія заробкі і не было прычын для суму. Я ўважліва чытаю кожны нумар раённай газеты, жонка мая таксама, і абмяркоўваем з ёю прачытанае. Нам цікава, што адбываецца ў горадзе, чым жыве сельская гаспадарка раёна. Мы ходзім у магазіны, на рынак, таму хочам, каб было што купляць, былі свежая гародніна і мяса. Я працаваў у ПМК-233, таму звяртаю ўвагу на будаўнічыя аб’екты. Добра, што райцэнтр адбудоўваецца жылымі дамамі. Адзін з нашых сыноў жыве ў Стоўбцах і, наведваючы нас, таксама праглядае «Прамень», знаходзіць у ім тое, што блізка яму.
IMG5620
Таццяна ФІЦУК:
– Па-ранейшаму чытаю раённую газету, хаця цяпер пражываю у Мінску, выкладаю ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Прыязджаю ў госці, на даны момант – часцей, бо хварэе мама. Газету выпісала ёй адразу на паўгода. Сама цікаўлюся ў першую чаргу краязнаўчай і літаратурнай старонкамі, люблю рэпартажы аб падзеях культурнага жыцця. У свой час закончыла школу нумар тры Стоўбцаў і мне прыемна бачыць на старонках газеты знаёмыя твары сваіх настаўнікаў… Калі сімвал Расіі ў 2014 годзе – удалая тройка, якая імчыць у будучыню, то няхай і для жыхароў раёна яна будзе шчаслівым талісманам, які складаецца з удачы, здароўя і дабрабыту.
IMG5617
Валянцін ІЛЮШЫН:
– Як карэнны стаўбчанін, педагог па адукацыі, хачу сказаць, што ў нас добрая раённая газета. Рэгулярна яе чытаю і ведаю ўсе навіны раёна – што, дзе і калі адбылося. Прыемна бачыць у газеце твары знаёмых. І нават на тых старонках, дзе размешчана рэклама, знаходжу для сябе нешта патрэбнае. Радуюся добрым справам і пачынанням. Хоць і пенсіянер, пакуль працягваю працаваць у школе мастацтваў загадчыкам гаспадаркі. Люблю гуляць па сваім горадзе і заўважаць, няхай і невялікія, але – зрухі, змены. Жадаю ўсім чытачам газеты знайсці ў новым годзе сілы і магчымасць, каб рэалізаваць тое, што задумана.
IMG5629
Алена СЯДНЮК:
– Я прыношу ўсе навіны раёна сваім падпісчыкам, таму што працую паштальёнам, і сама іх з задавальненнем чытаю. Магу сказаць за тых, каго я абслугоўваю (а гэта жыхары вуліц Гагарына, Першамайскай, Камуністычнай і іншых): людзям падабаецца «Прамень». За доўгія гады маёй працы ніводзін чалавек не адмовіўся ад падпіскі на раёнку! Цяпер і нам стала зручней яе разносіць, бо паступае яна з друкарні на пошту ў «гатовым» выглядзе. Паштальёнам не трэба згінаць укладышы – адпаведна, у нас больш часу для сваіх падпісчыкаў. Ад новага года мы чакаем добрых навін, моцнага здароўя, радасці, паспяховых працоўных будняў і, разам з імі, праменняў людской павагі.
IMG5625
Таццяна ЖЫЛІНСКАЯ:
– Пра «Прамень» я чую добрыя водгукі. У прыватнасці, мае дзядуля і бабуля, якія жывуць у вёсцы, чакаюць кожны нумар раёнкі. Мой муж загадвае пелетным цэхам лясгаса, і вы не раз пра яго пісалі. Калі нарадзіліся нашы дзве дачушкі, пра іх было напісана ў «Падзеях і здарэннях». Гэтыя выразкі мы захоўваем. Асабіста я люблю чытаць пра моладзь, часта заходжу на сайт газеты. Асабліва падабаецца «Калонка рэдактара» – за тое, што можна задаць сваё пытанне. У мяне пакуль такіх пытанняў не ўзнікла, але сама магчымасць гэтага вельмі цешыць. У новым годзе я жадаю ўсім быць здаровымі, шчаслівымі, атрымаць тое, пра што марылі.
Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *