Жыццёвы шлях салдата і настаўніка

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

1-га верасня, у Дзень ведаў, адзначыў свой 90-гадовы юбілей настаўнік і салдат Вялікай Айчыннай вайны Сямён Мікалаевіч Стома.

Двайная радасць у паважанага на Стаўбцоўшчыне чалавека і яго блізкіх. Апошнія 14 гадоў, пасля смерці жонкі, ён адзін даваў рады ў сваім доме ў Старым Свержані, але ўжо амаль год жыве ў сям’і сына ў Стоўбцах. У дзядулі, багатага на пяць унукаў і двух праўнукаў, – цудоўныя бытавыя ўмовы, ён акружаны ўвагай нявесткі і сына. Атмасфера ўзаемапавагі пануе ў дамашніх стасунках. У гэты святочны дзень Сямён Мікалаевіч з раніцы прыбраўся ў беласнежную рубашку. Падцягнуты і інтэлігентны, сам выйшаў сустракаць гасцей на ганак…

Іх было нямала – сапраўдны дзень адкрытых дзвярэй у доме шаноўнага юбіляра. Павіншаваць яго прыехалі прадстаўнікі розных службаў і арганізацый раёна. Сярод іх – старшыня раённага Савета ветэранаў Іосіф Язвінскі, старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская, старшыня прафсаюзнага камітэта ААТ «Агранёманскі» Марына Касматовіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Стонька, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў адукацыі Сямён Юрчык. Акурат пасля першавераснёўскай лінейкі прыбыла вялікая дэлегацыя са Старасвержанскай школы на чале з дырэктарам Нінай Аляшкевіч.

Школьнікі і настаўнікі падрыхтавалі ў гонар юбіляра цэлы канцэрт, адна са школьніц запрасіла Сямёна Мікалаевіча на танец… Разам са словамі ўдзячнасці за франтавы подзвіг, педагагічнае і іншае служэнне на карысць нашай Радзімы, старасвержанцы, «людзі з пасадамі», з асаблівым хваляваннем прызнаваліся: «Сямён Мікалаевіч быў калісьці маім настаўнікам».

Як сапраўдны настаўнік, Сямён Стома і сёння застаецца дапытлівым і рознабаковым чалавекам, цікавым для іншых суразмоўцам. Ён з ахвотай глядзіць тэлевізар і адгукаецца на падзеі ў нашай рэспубліцы і свеце, проста здзіўляе ўчэпістай памяццю на вершы (на памяць ведае іх не менш за паўсотні!). Ён па-джэнтльменску цалуе дамам ручкі. У яго рэжым дня ўваходзяць не толькі прагулкі на свежым паветры, а і карыстанне камп’ютарам.

Падумалася: як важна кожнаму з нас сустрэць такога настаўніка, асобу на сваім шляху! Але і для яго не менш важна быць са сваімі колішнімі вучнямі, падтрымліваць іх, ганарыцца імі! Калісьці адна з вучаніц Старасвержанскай школы напісала пра Сямёна Мікалаевіча нарыс – «Салдат і настаўнік», і даслала яго на рэспубліканскі творчы конкурс. Неардынарная работа заняла прызавое месца. Нарыс гэты, як вялікую каштоўнасць, Сямён Стома беражліва захоўвае ў сваім архіве.

Прыгадаем і мы асноўныя этапы вялікага жыццёвага шляху юбіляра.

Выпрабаванне вайною      

Сямён Стома родам з Мікалаеўшчыны, з вялікай сялянскай сям’і, у якой гадаваліся шэсць сыноў і дзве дачкі. Ён быў другім дзіцем, таму з маленства прыйшлося засвоіць навуку пераадольвання цяжкасцяў. Вайна, бадай, стала самым сур’ёзным выпрабаваннем.

З вясны да восені разам са старэйшым братам Мікалаем пасвілі кароў. Зімою ішлі ў школу. У 1939-м юнак закончыў сямігодку (навучанне вялося на польскай мове), аднак пасля прыходу на тэрыторыю Заходняй Беларусі Чырвонай Арміі ўсіх яго аднакласнікаў перавялі ў пяты клас. Навучанне ішло на беларускай мове. Да вайны закончыў шэсць класаў. Вучыцца далей не дазволіла вайна.

У сакавіку 1943-га Сямён Стома накіраваўся ў той самы атрад, дзе быў старэйшы брат Мікалай. Яму параілі дапамагаць партызанам з вёскі. Юнак разам са сваімі сябрамі збіраў у вяскоўцаў вопратку, соль і т. п. Забяспечваў партызанаў і інфармацыяй, падвозіў на кані да месцаў баявых дзеянняў. Пасля вызвалення Стоўбцаў ён разам з сябрам Аляксандрам Дземідовічам раздабылі нямецкія вінтоўкі і разам з партызанамі і чырвонаармейцамі затрымлівалі групоўкі адступаючага ворага.

28 ліпеня 1944 года Сямёна Стому прызвалі ў Чырвоную Армію. Яго накіравалі на фронт, у 753 полк 192 дывізіі 3-га Беларускага фронту, які дыслацыраваўся на тэрыторыі Літвы. Вызваленне ішло цяжка. Часам адзін і той жа горад па некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Так было і з горадам Таўраге, падчас штурму якога загінуў старэйшы брат Сямёна Мікалаевіча Мікалай.

У кастрычніку 1944-га камандзір роты паведаміў байцам палка пра адказную місію – першымі ступіць на зямлю ворага, ва Усходнюю Прусію. 

– У немцаў былі тры лініі ўмацаванняў, многія бункеры злучаліся пад зямлёю, – прыгадвае ветэран. – Пасля двухгадзіннай артпадрыхтоўкі пачалося наступленне праз мінныя палі і калючы дрот. Фашысты змагаліся насмерць. Аднак іх упартае супраціўленне ўдалося зламаць. Як браць акоп ці траншэю, вучыўся ў бывалых салдатаў. На хаду кідаў у траншэю некалькі гранат, а затым заскокваў у сховішча сам. Неяк нават атрымаў падзяку ад камандзіра палка за хуткае асвойванне баявой навукі. На нашым шляху былі дзоты, якія трэба было знішчаць. Дапамагала ў гэтым салдацкая кемлівасць: трохі пачакаеш, калі ў кулямётчыка закончыцца стужка і ён пачне прыладжваць новую,  і акурат у гэты момант у амбразуру запускаеш звязку гранат… Яшчэ адну падзяку ад камандзіра я атрымаў менавіта за знішчэнне дзота.

На памяць прыходзіць яшчэ адзін эпізод. Узвод атрымаў заданне – захапіць умацаваны хутар. Навокал немцы адкрылі артылерыйскі абстрэл. Снарад трапіў у Рыбакова, асколкі ад яго паранілі Сямёну Мікалаевічу грудзі, а Валерыю Міцкевічу разарвала жывот. Дапамагчы яму ўжо ніхто не мог.. Гэта была першая страта сябра-аднавяскоўца. Пазней былі яшчэ чатыры страты… Міхаіл Дземідовіч, Барыс Міцкевіч, Мікалай Лёсік, Аляксандр Міцкевіч…

Баі на нямецкай зямлі ішлі цяжкія, кровапралітныя. За два тыдні ўдалося прасунуцца толькі на 30-35 км. Да прыкладу, узвод атрымаў заданне – прарвацца праз нямецкую абарону і захапіць мост, утрымліваць яго на працягу сутак да наступлення, каб не даць немцам падарваць яго пры адыходзе. Мост быў захоплены, але ў жывых засталося ўсяго чацвёра салдатаў, якія  суткі не елі і не спалі. Чацвёра жывых з 22-х…

У памяці Сямёна Стомы яшчэ шмат ваенных эпізодаў. Будучы цяжка параненым, ён выбыў у шпіталь. Да цяперашняга часу носіць у сваіх грудзях асколак і штодзень перавязвае на назе франтавую рану…

Аднак на фронце былі і прыемныя моманты: менавіта там стаў камсамольцам, атрымаў званне сяржанта, быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені і медалём «За адвагу»… Але самае галоўнае – хоць і пакалечаны, вярнуўся з фронту жывы.      

Ветэранскі запавет

Пасля вайны Сямён Стома загадваў у роднай Мікалаеўшчыне хатай-чытальняй. Цікава, што адначасова быў і прыбіральшчыкам, і вучнем дзённай школы, і студэнтам-завочнікам Магілёўскага культпрасветвучылішча. Пазней завочна закончыў БДУ. Працаваў дырэктарам Слабодкаўскай сямігадовай школы, старшынёй калгаса імя Андрэева, у Старасвержанскай школе. У Сямёна Стомы заўсёды былі грамадскія абавязкі. І сёння ён з’яўляецца членам праўлення раённай ветэранскай арганізацыі. Яго часта запрашаюць выступіць перад моладдзю – у школах, на раённым і іншых мітынгах.

Слова франтавіка – жывая праўда пра вайну, мудры запавет усім нам дзеля міру на зямлі і гарачы заклік берагчы яго, любіць жыццё так, як любілі яго салдаты перад боем, як працягвае любіць ён яго ў свае шаноўныя гады…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

УВАЖЛІВЫЯ ДА ЛЮДЗЕЙ

Само сабою зразумела, што хочацца падзякаваць медыцынскім работнікам за іх высакародную працу. Нізкі паклон усім, хто нясе вахту днём і ноччу на сваіх рабочых месцах.

У цэнтральнай раённай бальніцы ёсць і іншыя службы, без якіх немагчыма жыццядзейнасць медыцынскай установы. Колькі разоў даводзілася чуць словы захаплення ў адрас павароў, якія гатуюць для стацыянарных аддзяленняў. Пацыенты атрымліваюць паўнацэнныя мясныя і рыбныя стравы, малочныя прадукты. Меню разнастайнае, і вельмі смачна ўсё прыгатавана. Тыя пацыенты, да каго не могуць часта прыехаць родныя, ніколі не застануцца галоднымі на бальнічных харчах.

Заслугоўваюць словы вялікай павагі і працаўнікі малодшага медыцынскага персаналу, хто ў хірургічным аддзяленні разносіць ежу ляжачым, пасляаперацыйным пацыентам. Вельмі ўважлівыя да людзей Ірына Шуцько і Валянціна Дошчачка. Яны ніколі не будуць раздумваць, што ўваходзіць у іх абавязкі, а што – не. Даглядаюць ляжачых хворых, як сваіх родных. Калі трэба, і з лыжкі беражліва пакормяць, усё прыбяруць.

 Хвала кіраўніцтву хірургічнага аддзялення, усім працуючым за дысцыпліну, парадак, уважлівыя адносіны да пацыентаў. І самі вы, дарагія медыкі, ніколі не хварэйце.

Ад імя пацыентаў палаты № 5

Надзея ПРЫВАЛАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *