Для нашай бяспекі

Кантроль, бяспека Нумары

«АРСЕНАЛ»

З 14 па 18 верасня г. г. на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзяцца спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Арсенал». У сувязі з гэтым Стаўбцоўскі РАУС звяртаецца да насельніцтва: калі ў вас ёсць агнястрэльная зброя, састаўныя яе часткі, боепрыпасы ці выбуховыя рэчывы, іх трэба здаць добраахвотна. У такім выпадку грамадзянін вызваляецца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэл. 5-14-88 ці на асабістым прыёме ў РАУС у інспектара па дазвольнай рабоце Пархімовіча Аляксандра Аляксандравіча.

 

«НІЧЫЙНЫЯ» КАНОПЛІ

За некалькі дзён жніўня ў ходзе рэйдавых мерапрыемстваў, праведзеных у рамках спецыяльнай праграмы «Мак», на Стаўбцоўшчыне было выяўлена сем фактаў вырошчвання забароненых раслін, што ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы. Два з іх – у аддаленай ад райцэнтра Ціханавай Слабадзе, большасць – у прыгарадным Новым Свержані. Усяго трапілі пад знішчэнне 23 кг дзікарослых канопляў.

Гэтыя каноплі непрыкметна раслі сабе на вуліцы або на пустыры побач з людскімі дварамі нібыта нічыйныя. Напрыклад, па адным з адрасоў у Ціханавай Слабадзе іх пасадкі займалі ўчастак 12 м2. У Новым Свержані дзікарослыя каноплі «занесла» далёка не на адну вуліцу. Сярод іх – Чыгуначная, Заводская, Мірская. Агульная плошча пад каноплямі займала 36 м2, а самая значная плантацыя, у палову гэтага, знаходзілася на вуліцы Чыгуначнай. Нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні грамадзян аб забароне вырошчвання на сваіх прысядзібных участках наркаўтрымліваючых раслін, каноплі былі знойдзены і ў двары аднаго з новасвяржан па вуліцы Юбілейнай. За гэта ў адносінах да 31-гадовага маладога чалавека па артыкуле 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях складзены пратакол.     

У праведзеных рэйдах былі задзейнічаны не толькі супрацоўнікі групы нораваў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, а таксама ўчастковыя інспектары, супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку.

Нагадваем, што каноплі, мак адносяцца да наркаўтрымліваючых раслін, за пасеў і вырошчванне якіх прадугледжана адміністрацыйная і крымінальная адказнасць. Гэта можа быць штраф у памеры да 20 базавых велічынь або нават пазбаўленне волі да трох гадоў. Аб усіх вядомых вам фактах захоўвання, вырабу, збыту і ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў паведамляйце па тэл 5-11-71, 5-11-98 або 5-19-15 (ананімнасць гарантуем).

Руслан ХАРУТА, намеснік начальніка райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *