Калі ўзнікла крызісная сітуацыя

Нумары Пракурорскі нагляд

Рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама ад 05.06.2014 № 786 у раёне створаны «крызісны» пакой. Гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне часовага знаходжання, прызначанае для прадастаўлення ў выпадку неабходнасці асобам, якія знаходзяцца ў крызісным стане.

Асноўныя задачы «крызіснага» пакоя: псіхалагічная дапамога; аказанне дапамогі ў аналізе жыццёвай сітуацыі і альтэрнатывы, арыентаванне на самастойнае вырашэнне праблем; дапамога ў аднаўленні страчаных сацыяльных сувязяў і сямейных кантактаў.

У «крызісны» пакой могуць быць змешчаны ахвяры гандлю людзьмі, тыя, хто пацярпеў ад насілля, тэрарыстычных актаў, тэхнагенных катастроф і стыхійных бедстваў. Сюды змяшчаюцца грамадзяне па накіраванні Стаўбцоўскага РАУС, УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ», а таксама якія звярнуліся добраахвотна ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра прымае рашэнне аб змяшчэнні грамадзяніна ў «крызісны» пакой на ўмовах кругласутачнага знаходжання.

Пакой разлічаны на некалькі чалавек, прабыванне тут з’яўляецца бясплатным. Бытавыя і іншыя ўмовы жыццядзейнасці грамадзян, якія знаходзяцца ў «крызісным» пакоі, грунтуюцца на самаабслугоўванні. Чалавек сам набывае прадукты харчавання, лекавыя сродкі, калі ёсць у гэтым неабходнасць. Для самастойнага прыгатавання ежы ў пакоі ўстаноўлены халадзільнік і мікрахвалевая печ.

Калі вы бачыце, што складваецца канфліктная сітуацыя, не трэба цярпець і чакаць працягу развіцця падзей. Вам па сіле прадухіліць псіхафізічнае насілле. Толькі трэба звярнуцца ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», дзе ў любы час вам адчыняць дзверы «крызіснага» пакоя. Псіхолагі і спецыялісты аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі гэтага цэнтра дадуць пры неабходнасці ананімную і бясплатную кансультацыю, каб вы змаглі пераадолець траўматычныя наступствы насілля, вярнуць самапавагу і ўпэўненасць. Прыводзім нумары тэлефонаў даверу: 5-54-99, 8-029-360-54-99, 8-033-359-54-99.

У Стаўбцоўскім раёне створаны таксама пакой часовага знаходжання грамадзян, у адносінах да якіх вынесена ахоўнае прадпісанне.

У адпаведнасці з арт. 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» ахоўнае прадпісанне – устанаўленне грамадзяніну, які ўчыніў насілле ў сям’і, абмежавання на ажыццяўленне пэўных дзеянняў. Ахоўным прапісаннем таму, у адносінах да каго яно вынесена, забараняецца: спрабаваць высветліць месцазнаходжанне грамадзяніна, які пацярпеў ад насілля ў сям’і; наведваць месцазнаходжанне пацярпеўшага ад насілля, калі яно вядома; мець зносіны з пацярпеўшым, у тым ліку па тэлефоне, з дапамогай інтэрнэту. Указаная забарона ўстанаўліваецца кіраўніком органа ўнутраных спраў ці яго намеснікам на тэрмін ад трох да трыццаці сутак з дня аб’яўлення вынесенага ахоўнага прадпісання.

Рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкама вызначаны пункт для часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства, а таксама асоб, якія страцілі сацыяльныя сувязі за час адбывання пакарання ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС Рэспублікі Беларусь, знаходжання ў ЛПП. Наконт пытанняў прабывання ў даным пункце неабходна звяртацца ў ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» ці па тэлефоне 5-54-99.

Сяргей ГРЫЦУК, пракурор Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *