Любімы казачны персанаж

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Ноч ахутвае вясковае наваколле ў змрочную,  санлівую  цішыню і таемнасць.  Толькі там-сям  глыбокую  зорную  мрою  ускалыхваюць галасы сабак,  востры  слых  якіх штосьці трывожыць. А што  занепакоіла  апоўначы нашага Шарыка, які то заліваецца брэхам, то злосна бурчыць? Электрычны ліхтар  светлавой плямай праліў  існасць  на загадку. Пакой парушыў начны госць,  а хутчэй усяго начны гаспадар суседніх сядзіб – вожык, які рушыў на паляванне і занепакоіў чацвераногага  вартаўніка, дабавіўшы  брахуну непаразумення. Калючы камячок, ні вачэй ні галавы, –  а жывы, незадаволена фыркае, злуецца. Шарык так і не зразумеў, што гэта за клубок іголак.

   Дарэчы, цела вожыка абараняе дзесьці каля 3000 іголак, а кармавы рацыён звярка складаецца з усялякай дробязі – дажджавых чарвякоў,  смаўжоў,  рознай машкары. Ён ласуецца ягадамі,  часам  грыбамі, можа расправіцца нават з вужом ці гадзюкай.

   А вось калі на малюнку ўбачыце, што на іголках  вожык нясе ў сваю схованку яблык, – не верце такой беспадстаўнай фантазіі. Вожык можа з’есці яблык толькі  з нейкай страшэннай бяскорміцы, галадухі.

  Жнівень і пачатак верасня – час максімальнай актыўнасці вожыка для нагульвання тлушчавай падскурнай праслойкі. Яна будзе жывіць звярка ў час зімовай спячкі, якая пачынаецца ў адной з загадзя зробленых для гэтага нораў. Тлушчу, на жаль, не заўсёды хапае, каб перажыць зіму, асабліва, калі яна доўгая і сцюдзёная. Часам увесну аджывае,  прачынаецца  толькі каля чвэрці ўсімі любімых звяркоў, гэтых  мілых персанажаў многіх казак. У гэты час звяркі вельмі слабыя і, нягледзячы на пераважную звыкласць  весці змрочны і начны лад жыцця, актыўна палююць і днём. Тут ім не да вегетарыянства. Вожык хоць і не рослы, але драпежнік з добрым імунітэтам да ядаў. Праўда, пасля ўкусу змяі, з якой ён ніколі па-добраму не размінецца, крыху пакутуе.

Сустрэнеце звярка ў лесе – не спяшайцеся з замілаваннем браць у рукі. На жаль, вожык – збіральнік кляшчоў, якія, забіўшыся між калючак, вольна жывуць, прысмактаўшыся да цела звярка.

 Самка вожыка прыводзіць ад 6 да 9 дзяцей. Праўда з другога, часам позняга вывадку, нямногім, у адпаведнасці з прыродным адборам, удаецца памножыць сямейства.

Васіль Зянько, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *