Рэкорд – падзея прыемная

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Пасля разгромных 11:0 над ФК «Нясвіж» «Нёман-Агра» яшчэ больш «пакалашмаціў» капылян – 12:2. Здаецца, гэта рэкордны вынік за ўвесь час выступленняў стаўбчан у абласных турнірах.

Гледачы, якія па-ранейшаму поўныя надзей на дастойнае выступленне сваёй каманды, мелі прычыну для бурнага праяўлення эмоцый. Праўда, першыя хвілін 20 гульні яшчэ не давалі гарантыі такой паспяховасці. Хаця лік быў ужо даволі аб’ёмным – 3:2 на карысць стаўбчан. А пасля ўжо галы заляталі толькі ў вароты ФК «Капыль». Да перапынку лік вырас да 7:2. І далей раз-пораз нашы футбалісты і іх прыхільнікі радаваліся поспеху. Больш за ўсіх атрымаў апладысментаў Дзмітрый Даўбейка, які забіў шэсць галоў. Пяць выніковых удараў на рахунку Уладзіслава Жука. Уладзіслаў выступае за клуб першай лігі рэспубліканскага чэмпіянату «Зорка-БДУ», але знайшоў час прыехаць, каб дапамагчы землякам. Часцей бы скарыстоўваць такую выдатную падтрымку!

Усё гэта прыемна. Але зноў жа канстатуем: перамога з любым лікам – ці разгромным, ці з мінімальнай перавагай – ацэньваецца аднолькавымі трыма ачкамі. Іх цяпер у «Нёмана-Агра» 27. І гэта пакуль толькі шостае месца ў турнірнай табліцы першынства вобласці. Паглядзім знізу ўверх: у «Лівадзіі-юні» 29 ачкоў, у ФК «Старыя дарогі» – 31, у ФК «Фалько» – 32, у ДЮСШ-4 – 33. Тэарэтычна гэтыя сапернікі дасягальныя пры ўмове далейшай паспяховай гульні стаўбчан. А вось чэрвеньскі «Колас» са сваімі 39 ачкамі ўсё больш упэўнена бачыць з вяршыні бляск чэмпіёнскага кубка.

У любым выпадку сэнс выступленняў спартыўнай каманды і ў перамогах, і ў прыгожай выніковай гульні. Пакуль жа паказчыкі «Нёмана-Агра» сведчаць аб адсутнасці стабільнасці. У 17 праведзеных матчах стаўбчане здабылі 9 перамог і пацярпелі 8 паражэнняў. Забілі ў вароты сапернікаў ажно 71 гол, 18 з якіх на рахунку Дзмітрыя Даўбейкі. Наступныя паказчыкі выніковасці ў лідара, чэрвеньскага «Коласа» – 44 галы. Калі б яшчэ абарона наша гуляла больш упэўнена. Але патэнцыял ёсць, трэба мабілізаваць сілы, каб далей толькі радаваць перамогамі.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *