Дэталёва вывучыць сітуацыю з цэнамі

Нумары

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва вывучыць сітуацыю з цэнамі на спажывецкім рынку. Аб гэтым 8 верасня кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура.

Павел Калаур праінфармаваў Прэзідэнта, што за сем месяцаў цэны ў Беларусі выраслі на 7,5 працэнта, чакаецца, што за студзень–жнівень прырост складзе не больш за 7,9 працэнта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перш за ўсё яго хвалюе цэнаўтварэнне на тавары штодзённага попыту.

Прэзідэнт нагадаў аб дадзеным ім ураду даручэнні ўважліва адсочваць цэны на спажывецкім рынку, «каб мы неяк маглі і адміністрацыйна ўздзейнічаць на інфляцыю», але пры гэтым не перабіраючы, каб не атрымаць дэфіцыт тавараў.

У бліжэйшы час кіраўніку дзяржавы будзе даложана аб сітуацыі з цэнамі на спажывецкім рынку. Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва азнаёміцца са станам спраў – аж да раскладу па асобных таварах.

Паводле даных за восем месяцаў, беларусы на наяўным рынку прадалі валюты на $362 млн больш, чым купілі.

«Дзякуючы таму, што мы перайшлі на плаваючы курс і ні ў якім разе штучна не стрымліваем курс нацыянальнай валюты адносна іншых валют, нам усё ж такі ўдалося пераканаць насельніцтва, што мы з ім у гульні гуляць не будзем. І гэта правільна, нам трэба прытрымлівацца такой пазіцыі», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў: «Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Нацбанку і ўраду не трэба звяртаць увагу на крытыку, што гучыць у іх адрас, наконт ручнога рэжыму кіравання эканомікай. «Якое хочаце прымяняйце кіраванне, толькі б ад гэтага быў вынік – сёння не да раскошы, – сказаў Прэзідэнт. – У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсці, як мы сёння ідзём. Сітуацыя ў свеце ад нас не залежыць. Мы павінны да яе прыстасавацца, і мы гэта павінны разумець».

«У Беларусі адносна спакойная сітуацыя ва ўсіх сегментах эканомікі, у тым ліку ў валютнай сферы, стабільная і прадказальная грашова-крэдытная палітыка», – канстатаваў Прэзідэнт. «Гэта наша шчасце. Вось гэты трэнд трэба захаваць», – падкрэсліў ён.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *