Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне за два тыдні 21 шлюб, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 25 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Аляксей Макаўчык, Аляксей Іванілаў, Цімафей Аглоблін, Пётр Бычкевіч, Расціслаў Барбарчык, Валерыя Гарохавік, Кірыл Макарэвіч, Аліса Шэлін, Дар’я Шышко, Соф’я Клочка, Яўгенія Якубоўская, Кірыл Дубіна, Мацвей Талейка, Уладзіслаў Пячурка, Ксенія Крэнь, Арцём Стома, Юлія Прыбытак, Максім Дарошка, Маргарыта Крывашэй, Раман Кірфман, Аляксандра Чаер, Цімафей Грыгаровіч, Іван Дзям’янка, Максім Плаўскі і Анжаліка Пуставалава.

Зямны шлях закончыўся для 30-ці жыхароў раёна.

 У пажарнай часці згадалі загаранне летняй кухні на падворку жыхара Новага Свержаня. Прычына пажару ўстанаўліваецца. Выратавальнікі тройчы выязджалі на зняцце гнёздаў шэршняў – у школу ў Новую Вёску, да адзінокай пенсіянеркі ў Белькаўшчыну і да інваліда ў Стоўбцах. Калі пагроза ўзнікае ў адносінах да дзяцей, адзінокіх пажылых і інш. – падобная дапамога аказваецца бясплатна.

Міліцыяй зарэгістраваны 138 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны 8 крымінальных спраў, у пяці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Сцяцках грамадзянка ўчыніла падпал хлява. У Слабадзе падчас сваркі сына з бацькам апошні ўпаў і атрымаў пералом ключыцы. 

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратаколы ў адносінах да жыхара Мінска і жыхара раёна, якія самаробнымі сеткамі-лавушкамі здабылі чатырох карасёў сярэбраных на меліярацыйных каналах паблізу Падгорнай. Браканьерам пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна праводзіцца праверка стану разлікаў за пастаўленую беларускімі вытворцамі алкагольную прадукцыю. Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць выяўлена ў  філіяла ААТ «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» і ў ТАА «Нёман». Пасля вынесеных прадпісанняў філіял разлічыўся з пастаўшчыкамі алкаголю ў поўным аб’ёме, таварыства «Нёман» пагасіла доўг часткова. 

ДАІ выявіла 268 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 12 нецвярозых вадзіцеляў, 22 недысцыплінаваныя пешаходы. Зафіксавана 14 дарожных аварый. Да 15-га верасня ДАІ працягвае мэтавы комплекс кантрольна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваны на ўпарадкаванне руху аўтобусаў і таксі.

«Хуткая» выязджала да хворых за апошнія два тыдні 366 разоў, у тым ліку 9 сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Медыкі звяртаюць увагу: у дзённы час сутак (з 08.00 да 17.00) хворым неабходна звяртацца не ў «хуткую», а ў паліклініку, амбулаторыю па месцы жыхарства – па іх званку выязджае ўрач.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *