Тры імгненні жніўня

Нумары Соцыум

Некалькі фактаў і меркаванняў, пачэрпнутых апошнімі днямі жніўня. У каляпалітычнай тусоўцы шырока абмяркоўваўся артыкул Йорга Форбрыга, які з’яўляецца дырэктарам фонду для дэмакратыі пры нямецкім фондзе Маршала ЗША. Уласна кажучы, даволі цікавая пасада «фонд для дэмакратыі» пры нямецкі фондзе, размешчаным у Амерыцы. Разабрацца нялёгка. Назвалі б ужо сумленна і проста. Шырокая труба для перакачкі грошай з Вашынгтона праз Германію для «каляровай рэвалюцыі» ў Мінску. Усё было б зразумела! Навошта і каму патрэбны такія канторы, што праядаюць грошы амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў? Дальбог, якісьці атавізм «халоднай вайны»…

У духу гэтай нафталінавай канторы вытрыманы і артыкул Форбрыга. Ён піша аб памілаванні Прэзідэнтам «вязняў сумлення» і робіць ашаламляльныя вывады. Напрыклад, Статкевіча, Рубцова і іншых адпусцілі не таму, што памілавалі. А таму, што Мінск… баіцца Пуціна. На чым заснавана такая логіка і такі экзатычны вывад, зразумець немагчыма, хаця Форбрыг спрабуе штосьці растлумачыць. Але аргументы яго даўно паточаны моллю. Няўжо чалавеку, які не саромеецца называць сябе палітолагам, не зразумела, што Мінск на самой справе не баіцца нікога. Ні захаду, ні ўсходу, ні поўдня, ні поўначы – у палітычным сэнсе гэтай геаграфіі. Няўжо за 20 гадоў нельга зразумець такую простую ісціну? Няўжо не зразумела, што ўся гэтая  хаціна на курыных ножках, што завецца «санкцыямі» і іншым ціскам, як лядашчая лодка, разбівалася аб цвёрдыя берагі? Не дзейнічаюць на Мінск ні салодкія абяцанкі наконт «Усходняга партнёрства», ні пагрозы выбудаваць на захад ад Буга чарговы санітарны кардон. У рэшце рэшт, здаецца, зразумелі гэта і ў Бруселі, аб чым гавораць усе апошнія палітычныя заявы адказных дзеячаў з Еўрасаюза. Беларусь гатова падтрымліваць з усімі блізкімі і далёкімі суседзямі нармальныя, здаровыя адносіны, а ціску не прымае. Коратка і ясна. І Статкевіча з іншымі адпусцілі зусім не таму, што кагосьці «спалохаліся», а таму, што рашылі: для гэтага гуманнага кроку прыйшоў час. Падобна, што гэта збянтэжыла такіх людзей, як Форбрыг, таму што новае становішча спраў паказвае амерыканскім грантадаўцам недарэчнасць далейшага ўтрымання форбрыгаў і кампаніі.

Адсюль нервовая рэакцыя і спроба легчы касцьмі, але не дапусціць прагрэсу. Форбрыг патрабуе, каб Еўрасаюз нават са шкодай сабе, але не ішоў на збліжэнне з Беларуссю. Форбрыг выказвае, магчыма, пэўную частку існуючага светапогляду, калі патрабуе, каб Еўрасаюз, наадварот, «узмацніў націск». Ён дастае з пыльнай капцёркі заржаўленыя сякеры. Маўляў, няхай «Беларусь зменіць цяпер выбарчае заканадаўства, разам з гэтым і судовае, а таксама створыць асацыяцыі для рабочых і прадпрымальнікаў». Шмат чаго патрабуе Форбрыг. Толькі вось нічога з гэтага не атрымаецца. Ніхто ў Мінску не збіраецца танцаваць пад дудку гэтага «палітолага», тым больш у перыяд перадвыбарнай кампаніі, якая ў канчатковым выніку павінна адказаць на ўсе пытанні аб легітымнасці ўлады, палітычным курсе, адносінах грамадства да выбараў. Як вядома, менавіта гэта з’яўляецца асноўнай еўрапейскай каштоўнасцю – свабоднае волевыяўленне кожнага грамадзяніна. Як яна рэалізуецца, як праходзяць палітычныя працэсы – адказы на гэтыя пытанні могуць даць назіральнікі АБСЕ, якія запрошаны ў краіну і атрымалі ўсе магчымасці для сваёй работы. Пры гэтым заўважу, што думка паважаных назіральнікаў важная, але таксама не з’яўляецца адзіным фактарам. Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць па нашых законах і для нашага грамадства. І калі Форбрыг лічыць, што мы па-ранейшаму «генеральны камісарыят Беларутэнія», якому можна з Берліна дыктаваць правілы паводзін, то ён проста, як музейная муха, застыў у бурштыне часу. Гэты нямецкі палітолаг усё забыў і нічаму не навучыўся. Бывае…

У ходзе выбарчай кампаніі наша дружная апазіцыйная сям’я перабіла наяўныя гаршкі. І ствараецца ўражанне, што ўсе сталі яшчэ больш ненавідзець усіх. Справа ў тым, што прэтэндэнты Лябедзька і Калякін не змаглі сабраць неабходных 100 тысяч подпісаў, датэрмінова сышлі з бегавой дарожкі і, зразумелая справа, засумавалі. А колькі было рыторыкі, што народ не падманеш і таму ён ні завошта не адмовіць у даверы сваім любімцам. Так, першая частка гэтага тэзіса пацвердзілася… Падчас збору подпісаў людзі ў асноўным абыякава праходзілі міма пікетаў, што заклікалі падпісацца за Калякіна і Лябедзьку. У выніку, як вядома, подпісы сабралі пяць прэтэндэнтаў. ЦВК праверыла іх подпісы на сумленнасць і адпаведнасць заканадаўству. Менавіта на гэтым этапе ўчарашнімі сабратамі па зброі і быў нанесены невытлумачальны, але адчувальны ўдар па прадстаўніцы руху «Гавары праўду!» Таццяне Караткевіч. Ужо як яе да гэтага ўшаноўвалі, якія кампліменты рабілі. Але калі ўбачылі, што ўсе засталіся за бортам, а яна працягвае плысці ў сваёй лодачцы і мае намер далей «гаварыць праўду», з ёй абышліся, як кухар з бульбай. Дасталі з-за галянішчаў нажы і сталі чысціць. У ход пушчаны ўсе самыя брутальныя прыёмы палітычнай кухні. Рух «Гавары праўду!», які яшчэ на пазамінулым тыдні лічыўся светачам дэмакратычнай думкі і незаплямленым сцягам прагрэсу, аб’яўлены крэатурай спецслужбаў. Гэта вядомы прыём – калі фантазія тармозіць, то з шырокіх штанін абавязкова дастаецца камень «спецслужбаў». Але няхай тэарэтычна дапусцім, што гэта так. Чаму ж усе гэтыя выкрывальнікі маўчалі цэлых пяць гадоў, узвялічвалі Караткевіч, Дзмітрыева, іншых функцыянераў ГП, сядзелі з імі на пасольскіх прыёмах і ездзілі ў замежныя ваяжы ад імя апазіцыі? Выходзіць, што ведалі і маўчалі? Цяпер жа, калі зразумелі, што Караткевіч іх апярэдзіла, а значыць, стала адзінай і галоўнай прэтэндэнткай на выдзеленыя еўра «дэмакратызацыі», іх стала невыносна душыць жаба?

Усё гэта, вядома, справа палітычнай апазіцыі, так званых «лідараў». Але вось цікавая рэакцыя Мікалая Аўтуховіча, чалавека, які лічыцца ледзьве не іконай «супраціўлення». Аўтуховіч піша, трапляючы адначасова і ў брыво, і ў вока: «Гляджу на тое, што цяпер адбываецца ў радах апазіцыі, як усе адзін з адным грызуцца. Высветлілася, што яшчэ і подпісы падраблялі. Нельга ж так. Павінна ж застацца прыстойнасць. Я вельмі расчараваны. І нават рады, што такая апазіцыя не прыйшла да ўлады ў 2010 годзе».

Якія тут патрэбны каментарыі? Наша палітычная апазіцыя, падобна, зноў праяўляе сябе ва ўсім бляску, кампраметуючы і сябе, і краіну.

У Брэсце пахавалі Алеся Чаркашына. Употай ад бацькоў ён паехаў ва Украіну і прымкнуў да нейкай узброенай групоўкі. Яго пазыўны быў «Тарас». Што прывяло Алеся на вайну, рацыянальна патлумачыць немагчыма, таму што аргументы, якія прыводзяцца на сайтах, аб тым, што Чаркашын быў  «сапраўды веруючым» і таму ўзяўся за аўтамат, толькі зацямняюць сутнасць пытання. Што забыў гэты брэсцкі хлопец у Данбасе?.. Ваяваў за Украіну? Але сённяшнія паведамленні з Кіева аб тым, што вялізны натоўп, амаль як у час Майдана, штурмуе Раду, якая хоча рэалізаваць мінскія дамоўленасці, а натоўп лічыць гэта здрадніцтвам, таму ўзрываюцца гранаты і паміраюць людзі, – сведчаць аб тым, што ва Украіне няма ніякай грамадскай згоды, што ў выніку не праславутыя «пуцінцы» разаб’юць Украіну, а самі ўкраінцы зробяць гэта хутчэй і больш паспяхова… Дык што ў гэтай спрэчцы могуць зрабіць «беларускія добраахвотнікі», для якіх, калі глядзець на сітуацыю адкрытым позіркам, гэта – абсалютна чужая вайна.

Дык за што загінуў ад чужой кулі, у чужой краіне малады брастаўчанін, які мог бы жыць і жыць на радасць бацьку і маці? А так пайшоў хлопец – ні дзяцей, ні сям’і. Ды хтосьці скажа, што ён, маўляў,  загінуў за «ідэю». Але калі гэтую «ідэю» не падтрымліваюць нават многія ўкраінцы, то трагічная гісторыя беларуса Чаркашына, які так недарэчна пайшоў з жыцця, павінна быць урокам для іншых…

Павел ЯКУБОВІЧ, «СБ. Беларуь сегодня»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *