Перспектыва, тэхналогіі, рэсурсы

Нумары Раённыя навіны

ЗАПАТРАБАВАНА ЧЫГУНАЧНІКАМІ

Калектыў АСП «Рамонтна-механічныя майстэрні станцыі Стоўбцы» паспяхова завяршыў восем месяцаў бягучага года.

На 100 працэнтаў выкананы ўсе даведзеныя заданні, а паказчык па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі перавыкананы – фактычна ён дасягнуў ўзроўню дзевяці месяцаў. Выручка пры заданні 9 мільярдаў рублёў склала амаль 9,9 мільярда. Сярод вытворчых дасягненняў – і асваенне новых відаў прадукцыі, у прыватнасці, пуцявога інструмента, які ўплывае на бяспеку руху паяздоў, а таксама забяспечвае ахову працы пуцявых работнікаў. 

– У ліпені мы адгрузілі ў Барысаў і Жабінку доследную партыю рэльсавых злучальнікаў – для правядзення на чыгунцы выпрабаванняў іх фізічных і тэхнічных паказчыкаў, – адзначыў начальнік рамонтна-механічных майстэрань Дзмітрый Федаровіч.

Вынікі выпрабаванняў доследнай партыі прадукцыі стануць вядомыя не адразу, затое, калі яны акажуцца станоўчымі, то вытворцам гарантаваны паўгадавы аб’ём работ на 2016 год, а гэта прыкладна шэсць мільярдаў рублёў.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

АДЛІК НА ПРЫБЫТАК

Знакавым для калектыву спажывецкай кааперацыі стаў жнівень: пакрыты ўсе страты – і бягучыя, і мінулага перыяду, кааператары выйшлі на прыбытак.

 Першы намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Андрэй Халюта ў першую чаргу звязвае такі вынік з ростам тавараабароту, асабліва ў летнія месяцы. Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства па-ранейшаму займае высокія пазіцыі ў Мінскай вобласці па тэмпах росту рознічнага тавараабароту і гэтым выгадна звяртае на сябе ўвагу.

Кааператары маюць намер не збаўляць тэмпаў і завяршыць вытворчы год з важкімі плюсамі.

 

ВА ЎМОВАХ КАНКУРЭНЦЫІ

Карэнныя пераўтварэнні ў сістэме спажывецкай кааперацыі бачныя перш за ўсё ў тым, што акрамя функцыянальных абавязкаў, якія былі пастаянна, гэтае ведамства набывае навыкі працаваць у канкурэнтных умовах. З дзевяці даведзеных асноўных прагнозных паказчыкаў высокую планку мае тэмп росту платных паслуг насельніцтву.

Па-ранейшаму аддзел транспарту райспажыўтаварыства акрамя сваіх функцыянальных абавязкаў па арганізацыі дастаўкі тавараў з гандлёва-размеркавальных складоў у гандлёвыя прадпрыемствы паспявае аказваць і транспартныя паслугі насельніцтву і арганізацыям па перавозцы розных грузаў. Акрамя таго, прадастаўляюцца паслугі па рамонце транспарту, платнай аўтастаянкі, абкошванні падворкаў.

Вопыт стаўбцоўскага райспажыўтаварыства ў адкрыцці платных паслуг цырульні быў запатрабаваны ў рэспубліцы. На базе існуючых вытворчых памяшканняў з правядзеннем патрэбнай мадэрнізацыі былі адкрыты ведамасныя цырульні «Мечта» і «Шарм», якія маюць сваіх пастаянных кліентаў. На сучасны момант у штаце райспажыўтаварыства 13 цырульнікаў. У індустрыі прыгажосці пастаянна з’яўляюцца новыя тэхналогіі, кіраўніцтва райспажыўтаварыства імкнецца пашыраць спектр паслуг.

У ведамстве спажывецкай кааперацыі раёна працуюць у райцэнтры тры рынкі, дзе жыхары раёна і індывідуальныя прадпрымельнікі могуць скарыстаць гандлёвыя месцы для продажу ўласнага тавару. На ўсіх рынках устаноўлены камеры відэаназірання.

Ініцыятывы ў гэтым накірунку, выпрацаваная стратэгія па развіцці новых відаў платных паслуг насельніцтву дазволілі райспажыўтаварыству ў скарбонку даходаў дадаткова пакласці  значную суму грошай і заняць у табліцы вынікаў дастаткова высокую пазіцыю ў рэйтынгу кааператыўных арганізацый.

 

ХУТКАСНАЕ «ВАЛАКНО»

За лета ў адной са шматпавярховых частак Стоўбцаў заменены на валаконна-аптычныя старыя абаненцкія лініі, пабудаваныя калісьці на аснове медных кабеляў.

Новыя тэхналогіі прыйшлі да жыхароў сямі жылых дамоў па вуліцы Свярдлова, трох дамоў па вуліцы Цэнтральнай і двух – па вуліцы Ленінскай (у тым ліку і да дома № 81-а, які лічыцца домам для сацыяльных патрэб). У бліжэйшы час адбудзецца пераключэнне гэтых абанентаў на сучасныя лініі.

– У першую чаргу гэта азначае атрыманне інтэрнэту высокай  хуткасці – да 100 Мбіт/с і вышэй, паляпшэнне якасці тэлевяшчання», – тлумачыць перавагі спецыяліст па маркетынгу Стаўбцоўскага вузла электрасувязі Таццяна Салавей. Акрамя таго, з заменай ліній з’явіцца магчымасць вырашаць у Стоўбцах і іншыя, не менш актуальныя пытанні. Да прыкладу, адносна пашырэння абаненцкай сеткі.

 

НАДЗЕЙНАЯ СІСТЭМА

Здымачная група АНТ пазнаёмілася з арганізацыяй супрацьпажарнай аховы ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе і расказала аб гэтым у эфіры.

У Апечкаўскім лясніцтве ўстаноўлена пакуль адзіная ў Беларусі сістэма аўтаматызаванага выяўлення лясных пажараў. Яна дзейнічае ўжо два гады.

Чатыры камеры фотафіксацыі і апаратна-праграмнага комплексу фатаграфуюць мясцовасць, распазнаюць наяўнасць дыму, разлічваюць каардынаты ачага загарання, наносяць умоўныя знакі на электронную карту, падаюць гукавы сігнал дзяжурнаму. З дапамогай аўтаматызаванай сістэмы відэафіксацыі маніторынг тэрыторыі лясгаса ажыццяўляецца кругласутачна.

Журналісты азнаёміліся з пажарнахімічнай станцыяй лясгаса. Яна мае ўсе віды пажарнай аўтатэхнікі і інвентару, увагу прыцягваюць магутныя паветрадуўкі і мотапомпы.

Анамальна спякотны жні-вень, мінімум дажджоў сталі прычынай лясных пажараў. У нашым раёне ў гэтым годзе здарылася іх восем. Усе былі зафіксаваны на пачатковай стадыі, дзякуючы гэтаму іх удалося хутка ліквідаваць.

Пр

 

ФІРМЕННАЯ «ВЫСТАЎКА»

Вітрыну са сваёй прадукцыяй, аздобленую лагатыпам прадпрыемства, размясціў у гандлёвых кропках нашага горада Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». 

На фірменным стэндзе прадстаўлены ўвесь асартымент  сокаў, нектараў, соусаў, павідла і іншых далікатэсаў, якія выпускае прадпрыемства. Такія кампактныя «выстаўкі» зацікаўліваюць пакупнікоў у трох магазінах горада:  № 34 і «Забота» райспажыўтаварыства, а таксама «Астэрыі». Закончыцца верасень, і вытворцамі будзе прааналізаваны першы вопыт гэтага маркетынгавага рашэння.

Пытанне збыту прадукцыі, змяншэння запасаў гатовай прадукцыі на складах – для перапрацоўшчыкаў на даны момант у ліку актуальных. У рабоце са спажыўцамі прымаюцца розныя меры, у тым ліку пашырэнне расійскіх рынкаў збыту, супрацоўніцтва з сеткавым гандлем і грамадскім харчаваннем, выраб прадукцыі на заказ і т. п.

– Прапрацоўваецца пытанне аб устаноўцы нашых фірменных стэндаў у сеткавых магазінах горада Мінска, – падзяліўся напрацоўкамі дырэктар філіяла Сяргей Прасмыцкі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАТРЭБНАЕ ШКЛО

Аб’яднанне камунальных службаў працягвае збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ужо перавыкананы гадавы план па здачы шкла, якога сабрана амаль 300 тон пры плане 206. Зборам займаюцца выязны прыёмны пункт, які курсіруе па раёне згодна з графікам, а таксама тры стацыянарныя пункты – у Стоўбцах, Коласаве і Дзераўной. Яны закупляюць шкло і іншыя віды адходаў у грамадзян і арганізацый.

Як адзначыў майстар АКС Андрэй Смоўж, сёлета сабрана, акрамя шкла, каля 130 тон паперы і кардону, 12 тон палімерных адходаў, 6,8 тоны тэкстылю, 45 тон адпрацаваных шынаў. Камунальнікі адгружаюць другасныя рэсурсы на перапрацоўку на заводы «Альберцін», «Белрэсурсы», «РэПластМ».

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *