Каб жыць у бяспецы

Ахова працы Нумары

image_pdfimage_print

УВАГА – ПЕРАВОЗЧЫКАМ

Аддзел ДАІ райаддзела міліцыі праводзіць мэтавы комплекс кантрольна-прафілактычных мерапрыемстваў, прызваны ўпарадкаваць рух аўтобусаў і аўтамабіляў таксі.

Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, працягвае заставацца складанай абстаноўка, звязаная з бяспекай дарожнага руху пры перавозцы пасажыраў на міжгародніх і прыгарадных маршрутах. Асноўныя парушэнні, якія дапускаюць вадзіцелі такіх транспартных сродкаў, – перавышэнне ўстаноўленай хуткасці руху, невыкананне патрабаванняў дарожных знакаў і разметкі, перавозка пасажыраў звыш колькасці месцаў, устаноўленых у транспартным сродку, незахаванне маршруту руху, пасадка-высадка пасажыраў па-за абазначаных прыпынкаў.

Так, 17-га ліпеня каля 13 гадзін на вуліцы Школьнай у Засуллі вадзіцель аўтамабіля «Фольксваген-туран» учыніў наезд на вучаніцу мясцовай школы, якая нечакана выбегла на праезджую частку дарогі з-за маршрутнага аўтобуса, спыненага ў неўстаноўленым месцы для высадкі пасажыраў. З атрыманымі траўмамі непаўналетняя шпіталізавана.

У рамках згаданага комплексу мерапрыемстваў асаблівая ўвага звернута на тэхнічнае аснашчэнне прыпыначных пунктаў (наяўнасць пешаходных сувязяў, вулічнага асвятлення) і захаванне перавозчыкамі ўстаноўленых правіл перавозак пасажыраў.

Аляксандр ТРАЦЯК, старшы дзяржаўтаінспектар  ДАІ РАУС

 

НЕАБХОДНЫЯ ЎРОКІ

У нашай школе праходзіў Тыдзень бяспекі дарожнага руху. Усё пачалося з агульнашкольнай лінейкі «Правілы руху – законы вуліц і дарог». У нашым 7 класе прайшлі: класная гадзіна на тэму «Вуліцы поўныя нечаканасцяў», класны бацькоўскі сход – «Прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму ў школе і сям’і». Адбыўся таксама і конкурс малюнкаў па правілах дарожнага руху пад дэвізам «Маладое пакаленне Беларусі за бяспеку дарожнага руху».

Да нас у клас прыходзілі члены лектарскіх груп арганізацыі ЮІДР. На ўроках праводзяцца хвілінкі бяспекі з настаўнікамі-прадметнікамі.

Бацькі, настаўнікі, супрацоўнікі ДАІ папярэджваюць нас, вучаць, каб мы былі асцярожныя, уважлівыя на дарогах. У школе, дома, бо нечаканасць і няўважлівасць могуць прынесці многа непрыемнасцяў.

Лізавета ГРЫГАРЦЭВІЧ, вучаніца Дзераўнянскай СШ

 

ПРАВІЛЫ ДЛЯ ЎСІХ АДЗІНЫЯ

Супрацоўнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі працягваюць праверкі суб’ектаў гаспадарання наконт выканання імі патрабаванняў пажарнай бяспекі.

З дзевяці правераных суб’ектаў толькі на двух – філіяле ДЭУ № 62 і СТАА «МаналітБудАльянс» – не выяўлена парушэнняў і ўсе прапанаваныя мерапрыемствы рэалізуюцца ў тэрмін. На жаль, гэтага нельга сказаць пра іншыя.

ТАА «Фабіпласт» выканала рамонт даху, аднак не ўлічыла патрабаванні пры ўстройстве дымахода на гарышчы. Акрамя таго, дапускаюцца парушэнні правіл работы з гаручымі вадкасцямі, што стварае дадатковую «пажарную» нагрузку ў памяшканні. Варта звярнуць увагу і на няспраўнасць сістэмы ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння.

У ААТ «Вішнявецкі-агра», «Жацерава» не забяспечылі своечасовае выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў, прадпісаных органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду. Так, у «Вішнявецкім-агра» не ўсе аб’екты аснашчаны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, адсутнічае журнал тэмпературнага кантролю і замеру вільготнасці грубых кармоў. У «Жацераве» не арганізавана належным чынам навучанне работнікаў правілам пажарнай бяспекі, выяўлены факты няспраўнасці наяўнага на аб’ектах пажарнага абсталявання і сродкаў пажаратушэння.

У ААТ «Дзераўное» не вытрымана нарматыўная адлегласць ад складоў грубых кармоў да пабудоў, дарог і ліній электраперадачы, з грубейшымі парушэннямі праводзяцца зварачныя работы і т. п. Менавіта ў данай гаспадарцы раней адбыўся пажар у будынку сенасховішча, аднак па-ранейшаму не прымаюцца меры для нармалізацыі на аб’ектах пажарнай абстаноўкі.

На аб’екце будаўніцтва «Пяць аднакватэрных жылых дамоў у вёсцы Раёўшчына ААТ «Жацерава» (генеральны падрадчык – ДУП «ПМК-233») адсутнічаў на момант праверкі пажарны шчыт, не было абсталявана месца для курэння ды і будаўнічыя бытоўкі – без пярвічных сродкаў пажаратушэння і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

За парушэнні адносна ўсіх названых вышэй суб’ектаў гаспадарання рыхтуюцца дакументы аб прыцягненні адказных службовых асоб да адміністрацыйнай адказнасці, а кіраўніцтва ТАА «РТК «Кромань» і індывідуальны прадпрымальнік С. С. Чупін, якому належыць складское памяшканне ў Коласаве, прыцягнуты да адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

І «КІРМАШ ВАКАНСІЙ»

У Стаўбцоўскім РАУС праведзена прафілактычная акцыя «Кірмаш вакансій», на якой прысутнічалі асобы з судзімасцю, тыя, хто стаіць на прафілактычным уліку, а таксама асуджаныя да пакарання ў выглядзе абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчыя ўстановы.

Начальнік крымінальна-папраўчай інспекцыі РАУС У. В. Кухарчык правёў з імі прафілактычную гутарку, удакладніў прычыны, па якіх некаторыя не працуюць, растлумачыў наступствы за ўчыненне паўторных правапарушэнняў. Прадстаўніца тэрытарыяльнага цэнтра занятасці насельніцтва І. В. Гурбо спынілася на пытаннях аказання дапамогі ў пытаннях працаўладкавання як асоб, якія вызваліліся з папраўчых устаноў, так і тых, хто адбывае пакаранне не звязанае з пазбаўленнем волі.

Паводле слоў начальніка КПІ РАУС У. В. Кухарчыка, з мэтай стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі, актывізацыі работы па прадухіленні рэцыдыўнай злачыннасці сёлета праведзены спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы «Нагляд», накіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў з боку судзімых. Да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад адбывання пакарання і ўстаноўленых абмежаванняў прыцягнуты 10 чалавек. Адначасова з мэтай стымулявання законапаслухмянага ладу жыцця асоб, якія маюць судзімасць, за 8 месяцаў бягучага года ўмоўна датэрмінова вызвалены 9 асуджаных. У ходзе правядзення прафілактычных акцый працаўладкаваны 18 грамадзян, якія адбылі тэрмін заключэння, і 8 асуджаных да мераў пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Пр

 

ПАРНАГРАФІІ НЕ МЕСЦА Ў САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ

Апошнім часам пачасціліся выпадкі распаўсюджання ў сацыяльных сетках відэаролікаў парнаграфічнага зместу. У сувязі з гэтым хацелася б звярнуць увагу грамадзян, што дзеянні такога кшталту выклікаюць састаў злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса, а менавіта распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт.

Для прыцягнення да крымінальнай адказнасці дастаткова размяшчэння аднаго роліка парнаграфічнага зместу ў агульным доступе, гэта таксама датычыць размяшчэння парнаграфічных матэрыялаў у дамашніх сетках. Пры гэтым не мае значэння былі ролікі прагледжаны кім-небудзь ці не. Такія злачынныя дзеянні маюць вялікую грамадскую небяспеку, паколькі сацыяльнымі сеткамі актыўна карыстаюцца дзеці.

Трэба адзначыць, што крымінальную адказнасць таксама нясуць дзеянні па простай перадачы ролікаў парнаграфічнага зместу – перадача DVD з іх зместам, капіраванне з тэлефона на тэлефон і т. п.

Дзеючым крымінальным заканадаўствам за распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт прадугледжана крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

Павел МАЙСАК,  старшы пракурор вобласці

 

НА ПАЛІГОНЕ І Ў РЭАЛЬНЫХ УМОВАХ

На палігоне філіяла ВУ «Стоўбцыгаз» прайшоў фінал спаборніцтваў на званне лепшых аварыйна-дыспетчарскіх службаў Мінскай вобласці.

У фінале выступалі сем мацнейшых камандаў, у тым ліку і каманда стаўбцоўскіх газавікоў, якая заняла другое прызавое месца. У яе складзе былі майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандр Кутас, вадзіцель аварыйных машын Іван Якусік і слесар Мікалай Фурсевіч.

– Спаборніцтвы прайшлі паспяхова, каманда Стоўбцыгаза выступіла ўдала, – пракаменціраваў вынікі дырэктар Іван Шпілеўскі. – Наш палігон уяўляе сабою сучаснае збудаванне для трэніроўкі ў рэальных умовах. Паступілі ўводныя – ліквідацыя аварыйнай сітуацыі на падземным газаправодзе (на гэтым этапе наша каманда была першай), а таксама ў ШРП. Ва ўдзельнікаў правяралі тэарэтычныя веды, камплектнасць машын аварыйных брыгад.

Падобныя конкурсы прафесійнага майстэрства арганізуюцца ў газавікоў штогод. Лепшыя каманды згодна з загадам Мінаблгаза будуць заахвочаны грашовай прэміяй.

Майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Аляксандр Кутас

падзяліўся сваімі ўражаннямі ад выступлення:

– Я працую ў Стоўбцыгазе два гады, у аварыйна-дыспетчарскай службе – са снежня 2014 года. Да гэтага працаваў на торфабрыкетным заводзе. Удзел у падобных спаборніцтвах быў для мяне першым. Было і прыемна, што калектыў даверыў, і вельмі адказна. Хацелася не падвесці. Удалося справіцца з хваляваннем, а з калегамі на этапах працавалася лёгка. У іх ужо ёсць вопыт выступленняў.

Пр

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *