Ніва шчодра аддзячыла хлебаробам

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

Выдатна складваецца сёлетні сельскагаспадарчы год для працаўнікоў ААТ «Агранёманскі». Асабліва парадавалі кіраўніцтва таварыства збожжавыя палеткі. Упершыню ў гісторыі гаспадаркі з кожнага гектара атрымана 56,1 цэнтнера збожжа і намалочана звыш 14,5 тысячы тон. Асабліва хвалюючым выдалася жніво для дырэктара Уладзіміра Жукава, які ўзначальвае калектыў нядаўна. Уладзімір Міхайлавіч не ўтойвае, што гэтая першая ўборачная стала для яго сапраўдным экзаменам.

– У сельскай гаспадарцы працую нямала часу, а вось кіраўніком – некалькі месяцаў. Адразу адчуў, якая гэта вялікая адказнасць, – расказвае дырэктар. – Неабходна арганізоўваць работу, знаходзіць грошы на закупку паліва і запасных частак, выплату заработнай платы. Аднак усё склалася добра – вынік атрыманы высокі. Убралі ўраджай своечасова і без страт дзякуючы зладжанаму калектыву механізатараў. На ўборачнай шчыравала дзесяць экіпажаў. Задаволены іх работай. На ўзроўні спрацавала інжынерная служба, узначальвае якую галоўны інжынер Андрэй Клімко: камбайны былі падрыхтаваны да жніва належным чынам і прайшлі ўсю ўборачную практычна без паломак. 

Кіраўнік называе механізатараў: Аляксандр Фалюк, Аляксей Пальчык, Арцём Дарашэвіч, Аляксей Чаркашын, Уладзімір Кішэня, сярод вопытных – маладыя Аляксандр Гярлоўскі, Віктар Семянько. Праслаўлены камбайнер, брыгадзір вытворчага ўчастка Генадзь Цвірка праводзіў пяцідзясятае жніво, а Міхаіл Таяноўскі – саракавое. Сярод вадзіцеляў вызначыліся не толькі ў таварыстве, а і ў раёне Анатоль Турко і Ігар Капшай, якія перавезлі ад камбайнаў звыш дзвюх тысяч тон збожжа кожны. Стваралі ўраджай умелыя аратыя Казімір Дамброўскі і Дзмітрый Сагайдакевіч.

Не змаглі б дабіцца ў таварыстве высокага паказчыка і без добрасумленных, адказных і адукаваных спецыялістаў. І сапраўды, ёсць падставы ганарыцца такім небывалым ураджаем намесніку дырэктара па раслінаводстве Івану Скварчэўскаму, які дзевяць гадоў узначальвае галіну, а яго агульны стаж працы аграномам у гаспадарцы налічвае амаль чвэрць стагоддзя.

– Крок за крокам мы ішлі да поспеху, паступова, год ад году, прыбаўляючы па ўраджайнасці і намалотах. І сёлетні скачок не выпадковасць, а заканамернасць, – падводзіць вынік уборачнай кампаніі Іван Іванавіч. –  Мы не толькі перасягнулі пяцідзесяціцэнтнерны рубеж, а і сабралі з кожнага гектара збожжа больш мінулагодняга на 7,6 цэнтнера.

Галоўны спецыяліст расказвае, што поспеху паспрыяла строгае прытрымліванне тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур. Варта дадаць, што і зернебабовыя тут аддзячылі самай высокай ураджайнасцю ў раёне. Удаліся рапс і проса. І першачарговую ролю Іван Скварчэўскі аддае якасці насення:

– Нездарма ў народзе кажуць: якія зярняткі кінеш у глебу, такі і ўраджай атрымаеш. Мы з’яўляемся элітгасам па вырошчванні насення збожжавых культур. Сёлета на ўсёй пасяўной плошчы, а гэта 2590 гектараў, высявалі толькі суперэліту і гадавальнікі размнажэння. Папярэдне насенне апрацавалі фунгіцыдамі і мікраэлементамі. І ўпэўніліся, што менавіта за кошт якасці насення, аб гэтым гавораць і навукоўцы, можна мець прыбаўку на кожным гектары да 10 цэнтнераў збожжа.

Дарэчы, на ўсёй пасяўной плошчы ў таварыстве прымянілі рэгулятары росту, лепшыя ўчасткі апрацавалі фунгіцыдамі некалькі разоў. Вялікая заслуга ў сёлетнім поспеху і агранома-аграхіміка Аляксандра Булаша. Агранёманскія хлебаробы паспяхова выканалі дзяржзаказ па продажу збожжа дзяржаве, а піваварнага ячменю адгрузілі амаль удвая больш запланаванага.

– У раслінаводстве адпрацаваны тэхналогіі вырошчвання не толькі збожжавых, а і прапашных культур, – падводзіць рысу дырэктар. – Цяпер слова за навукоўцамі, чакаем ад іх новых перспектыўных сартоў. А сёння закладваем падмурак новаму ўраджаю.

Асаблівы клопат кіраўніка таварыства цяпер аб жывёлагадоўчай галіне. На фермах вядзецца новае будаўніцтва, праводзяцца рэканструкцыі старых памяшканняў пад сучасныя тэхналогіі. Падбіраюцца кадры жывёлаводаў.

– Мы не павінны займаць восьмае месца ў раёне сярод чатырнаццаці гаспадарак па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, – падкрэсліў Уладзімір Жукаў. – Малако і мяса запатрабаваныя на рынку. Трэба ісці ў нагу з хлебаробамі, каб павялічыць паказчыкі.

Асноўны накірунак работы ў жывёлагадоўлі – малочны. У таварыстве налічваецца шэсць малочнатаварных фермаў і 1600 галоў дойнага статка. На МТФ «Дразды» робіцца касметычны рамонт, будуюцца кармавыя сталы, у належны стан будуць прыведзены сацыяльна-бытавыя пакоі. Пачалі рэканструкцыю на МТФ «Скамарошкі». У «клюшачнік», які быў зроблены пад утрыманне сухастойных кароў, паставяць малочны статак. Пабудуюць даільную залу на шэсць пастановачных месцаў і будуць раздойваць цялушак. Чатыры месяцы запар вядзецца іх асемяненне. Частку племянной жывёлы плануюць прадаць і такім чынам павялічыць рэнтабельнасць мяса ялавічыны. Для сухастойных кароў пабудуюць недарагое драўлянае памяшканне, ужо ёсць праект. У бліжэйшай перспектыве на МТФ «Залужжа» ўзвесці новы «клюшачнік» на 600 галоў з даільнай залай. Ёсць намер укараніць на гэтай ферме паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака. Адкормліваць бычкоў плануюць толькі на МТФ «Ператокі», дзе можна размясціць да тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Адно з пяці жывёлагадоўчых памяшканняў ужо пераабсталявалі пад беспрывязное ўтрыманне, пабудавалі два кармавыя сталы, выгульную пляцоўку і ў хуткім часе паставяць туды бычкоў. У гэтай справе надзейны памочнік дырэктара – яго намеснік па жывёлагадоўлі Людміла Качановіч. На першым плане і якасць малака, у верасні не менш за 70 працэнтаў плануецца адгружаць перапрацоўшчыкам гатункам «экстра».

Для паляпшэння захаванасці кармоў і іх якасці пабудаваны дзве сянажна-сіласныя траншэі на Залужскай ферме і адна ў Драздах. Дзве траншэі ў Скамарошках у стадыі мантажу і адну ў Ператоках узвядуць за кошт уласных сродкаў.

Каб збалансаваць рацыёны па пажыўных рэчывах, набылі кормараздатчык-змешвальнік кармоў. Ужо завершана рэканструкцыя пад склад камбікармоў былога памяшкання кармацэха на МТФ «Скамарошкі».

– Будзем займацца паляпшэннем генетычнага патэнцыялу дойнага статка, – дзеліцца планамі Уладзімір Жукаў. – Мяркуем набыць семя і вырошчваць кароў джэрсейскай пароды, якія даюць самае тлустае малако. –  Я прыхільнік укаранення ў вытворчасць усяго новага, перадавога, бо трэба паднімаць жывёлагадоўлю на вышэйшы ўзровень.

Кадры, як вядома, вырашаюць усё. З прыходам на МТФ «Ператокі» новага брыгадзіра Людмілы Жарко  павялічыліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы і склалі звыш 700 грамаў. Тут ёсць усе магчымасці атрымліваць кілаграмовыя прывагі. Сярод малочнатаварных фермаў лідзіруе сёлета па паказчыках калектыў МТФ «Залужжа», дзе брыгадзірам працуе Юрый Крупец. Лепшы вынік па надоях ад каровы мае аператар машыннага даення гэтай фермы Іна Дзядовіч, якая ўжо перасягнула шасцітысячны рубеж.

 – У нашым таварыстве згуртаваны калектыў, зладжана працуюць усе службы і падраздзяленні. Удзячны людзям за разуменне і падтрымку. А таксама майму папярэдніку Іосіфу Меляшкевічу за тое, што падабраў у свой час выдатную каманду аднадумцаў. Упэўнены, што з такімі шчырымі работнікамі і спецыялістамі мы здолеем выканаць намечанае.

Надзея БАТАЛКА

На здымках: намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі; дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў; вынікі працы на МТФ «Скамарошкі» з даяркамі Валянцінай Макась, Ірынай Барсуковай, Таццянай Бойка, Ліліяй Лагачовай, брыгадзірам фермы Леанідам Крупцом, даяркай Наталляй Ідт, тэхнікам-асемянатарам Валянцінай Адамовіч, даяркамі Таццянай Солтан, Валянцінай Шабуня і Валянцінай Лявонцьевай падводзіць намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Людміла Качановіч (у цэнтры); добры настрой у вадзіцеля Ігара Капшая; ладзяцца справы ў перадавога механізатара Дзмітрыя Сагайдакевіча; вопытны араты Казімір Дамброўскі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *