Выбар маладых: за квітнеючую Беларусь!

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

ШТО МНЕ ДОРАГА Ў МАЁЙ КРАІНЕ?

Такое пытанне мы задалі маладым людзям і атрымалі адказы, якія даюць права зрабіць вывад, што моладзі Беларусі неабыякавае будучае краіны.

Вольга Яўсейчык, стаўбчанка:

–       Самае дарагое для любой краіны – гэта мірнае спакойнае жыццё, што ўсяляе ўпэўненасць. Для мяне, як чалавека праваслаўнага, вельмі важна тое, што ёсць стасункі дзяржавы і Царквы, супрацоўніцтва ў важных накірунках развіцця нашай краіны, як у духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення. Мне дорага тое, што сёння чалавек можа спавядаць сваю веру, няма прыгнятання. Мне хацелася б, каб у такім накірунку і развівалася наша дзяржава.

Юрый Бабіла, тэхнік-тэхнолаг:

–       Самае каштоўнае, што я магу адзначыць, – гэта спакой, парадак, дысцыпліна, якія пануюць у нашай краіне. Гэта абавязковая ўмова развіцця дзяржавы. Я жанаты чалавек, маю дваіх дяцей. Зразумела, жадаю для іх шчаслівай будучыні. Лічу, што сёння кожны чалавек можа дабіцца ажыццяўлення сваёй мары, калі ён не гультай. Важна і тое, каб кожны нёс адказнасць за сваю жыццёвую пазіцыю, за сваю сям’ю, а ў канчатковым выніку – і за сваю краіну.

Марыя Смолка, цырульнік:

–       Хачу адзначыць тое, што наша краіна клапоціцца аб усіх сваіх дзецях, што сацыяльная палітыка накіравана на тое, каб абараніць і дзяцей-сірот, і дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Я сама яшчэ ўчарашняя студэнтка. Таму блізка ўспрымаю такія станоўчыя моманты, як развіццё сувязяў з іншымі краінамі ў адносінах да маладзёжных ініцыятыў: нашы беларускія юнакі і дзяўчаты вучацца ў замежных навучальных установах, а замежныя – у нашых. Ёсць і ішыя формы ўзаемадзеяння, і гэта выдатна.

Арцём Карасевіч, вучань 10 класа СШ № 2 г. Стоўбцы:

–       У Беларусі вельмі маляўнічая прырода, у нас чыста і прыгожа, наша Айчына па праву можа лічыцца развітой еўрапейскай краінай. Лічу, што ў беларускай моладзі добрыя перспектывы. Любы малады чалавек можа развіць свае таленты, добрыя спецыялісты патрэбны ў розных сферах. Можна выбраць любую прафесію, важна ўбачыць у сабе талент і пры старанні дабіцца ажыццяўлення сваёй мары.

Анжаліка Скорбеж, тэхнолаг харчовай прамысловасці:

–       У мяне гэты год асаблівы. Я прыступіла да выканання сваіх абавязкаў як малады спецыяліст. Гэта стварае асаблівы жыццёвы настрой, дні запоўнены работай, жаданнем унікнуць у сваю прафесію. Што датычыць будучага маёй краіны, то мне хацелася б, каб маладыя людзі абераглі сябе ад захаплення наркаманіяй, алкагалізмам і іншых негатыўных момантаў, якія азмрочваюць жыццё кожнага асобна ўзятага чалавека, а ў выніку – і жыццё краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

 

ТРЫМАЙСЯ СВАЙГО БУДУЧАГА

Адна з актуальных грамадскіх функцый, даручаных маладому бухгалтару ААТ «Рочавічы» Уладзіміру Рапецкаму, – быць назіральнікам на выбарчым участку на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 11 кастрычніка.

Уладзімір – чалавек актыўны, дзелавіты, член БРСМ, таму не першы раз працуе на выбарах назіральнікам. Прыкладна чатыры гады таму ён прыехаў у гаспадарку па размеркаванні. Родам з горада Гродна, а Стаўбцоўшчына была для яго незнаёмым краем. З чаго пачаў? З жадання дзейнічаць, знаёміцца з калегамі. Найперш зрабіў прапанову на раённым злёце, каб у маладых спецыялістаў была магчымасць часцей сустракацца, аб’ядноўвацца агульнымі культурнымі і спартыўнымі пачынаннямі. Тады Уладзіміра выбралі ў склад раённага савета маладых спецыялістаў.

Гэтымі днямі Уладзімір Рапецкі быў сярод дэлегатаў форуму сельскай моладзі «Сельская моладзь – праблемы і перспектывы», удзельнікаў якога гасцінна прымала Стаўбцоўшчына. Разам з ім дэлегатамі ад раённай арганізацыі БРСМ былі таксама абраны Вольга Бурак, Вольга Буцько, Алёна Міцкевіч, Дзмітрый Махіна, Дзяніс Скачко і Святлана Талстая. Гэтыя маладыя людзі жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці, але прадстаўляюць розныя галіны народнай гаспадаркі, таму ў кожнага ёсць свае думкі і развагі наконт будучага, перспектывы.

У размове напярэдадні форуму Уладзімір Рапецкі падзяліўся: «Мяне хвалюе пытанне замацавання моладзі на вёсцы. Будзе яе больш – весялей і цікавей будзе жыць».

– Уладзімір, вы пасля таго, як адпрацавалі па размеркаванні, не з’ехалі, засталіся ў гаспадарцы. Што трымае вас, чалавека гарадскога, на вёсцы?

 – Па-першае, не такі я ўжо і гарадскі, як усе думаюць. У вёсцы мае карані – бабулі, дзядулі. Калі заканчваўся час працы па размеркаванні, гаспадарка выдзеліла мне новы «прэзідэнцкі» дом. Мая нявеста таксама працуе ў гаспадарцы – заатэхнікам. Работа падабаецца. Раней паступаў у Акадэмію пры Прэзідэнце, але не паступіў – не хапіла працоўнага стажу. Не так даўно мне паабяцалі – «рэзерв кадраў» будзем накіроўваць на вучобу.

– На ваш погляд, што неабходна, каб моладзь, як і вы, палюбіла вёску?

– Увага патрэбна з боку кіраўніцтва. Каб цябе ацанілі як спецыяліста. Матэрыяльны аспект важны – які заробак. Ну, і сацыяльны іграе не меншую ролю – жыллё, развіццё ў вёсцы інфраструктуры і т. п.

 – Як маладыя паляпшаюць свой дабрабыт?

– Як у вёсцы без гаспадаркі?.. Без агарода?.. Гэта – наша падспор’е. Яшчэ штомесяц атрымліваем ад дзяржавы, як маладыя, даплату.      

Відавочна, што асабісты прыклад Уладзіміра Рапецкага можа служыць своеасаблівым адказам на пытанне: «Як замацаваць моладзь на вёсцы?»        

 

ДЭБАТЫ НА «ВЫБІРАЙ.BY

Маладзёжны праект «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!» прызваны стаць адкрытай дыскусійнай пляцоўкай для моладзі Стаўбцоўшчыны.

Пра гэты актуальны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, як і пра многія іншыя, якія заслугоўваюць увагі маладых, расказала на пачатку новага навучальнага года старшакласнікам СШ № 2 г. Стоўбцы першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. Выканала і прыемную місію – за шматгадовае і плённае супрацоўніцтва ўручыла Грамату РК ГА БРСМ сакратару пярвічнай арганізацыі школы Яне Клімовіч, Падзяку – дырэкцыі школы.

Дзякуючы грамадскай рабоце старшакласнікі другой стаўбцоўскай школы сталеюць, набываюць грамадзянскасць і ў будучым папаўняюць лік актыўных членаў нашага грамадства. З-за недасягнення неабходнага ўзросту яны пакуль не маюць права прыйсці на выбарчыя ўчасткі, аднак ужо сёння рыхтуюцца да гэтага адказнага моманту. На ўроках гісторыі і грамадазнаўства, факультатывах, падчас круглых сталоў яны вучацца абмяркоўваць і выказваць уласную думку, спасцігаюць ролю маладзёжнага руху ў развіцці краіны і сваім жыцці, фарміруюць светапогляд і жыццёвую пазіцыю.  

Напярэдадні выбараў Прэзідэнта краіны ў школьнай і працоўнай моладзі ёсць магчымасць прыняць удзел у маладзёжным праекце «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!». Расказвае Анастасія Калодзінская:

– Ад маладых грамадзян і іх выбару ў многім залежыць будучае нашага раёна, нашай рэспублікі ў цэлым. Толькі актыўны ўдзел у жыцці краіны, водгук на ўсе падзеі, ініцыятыва карысных пачынанняў здольны дапамагчы вызначыць грамадзянскую пазіцыю, аб’яднацца ў адзіным памкненні будаваць будучае.

Дэбаты праходзяць паэтапна – ад прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі – на першым этапе – да абласных цэнтраў, горада Мінска і ўзроўню рэспублікі. Каб матываваць здаровае саперніцтва, пераможцы кожнага этапу становяцца ўдзельнікамі дэбатаў наступнага ўзроўню.

Новы праект па сутнасці з’яўляецца працягам адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучае». Асноўная тэматыка дыскусійных пытанняў на адкрытых дэбатах заключаецца ў самой назве праекта – «Выбірай.by!». Выбар моладзі – гэта стабільнасць і працвітанне Беларусі, асабісты ўдзел кожнага ў развіцці рэспублікі, жаданне і ўменне працаваць на карысць грамадства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *