За пяцігодку вырасла вуліца Міру

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

У чэрвені ў Стоўбцах быў здадзены чарговы шматпавярховы жылы дом – на 60 кватэр, узведзены паводле дзяржзаказу.

Ключы ад кватэр атрымліваюць шчаслівыя навасёлы, а гэта шматдзетныя і іншыя сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 

– На даны момант з 50-цю грамадзянамі дагаворы ўжо заключаны – яны могуць абжываць сваё жыллё, – зазначае дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч.         

Гэты шматкватэрны дом, як і многія іншыя, што з’явіліся ў райцэнтры за апошнія гады, знаходзіцца па вуліцы Міру. Яна прырастае «высоткамі» кожны год. Калі браць адрэзак з 2010 года, то за пяцігодку фактычна і акрэслілася ўся гэтая новая вуліца, а дакладней сказаць – цэлы мікрараён. Прыгожы, сучасны, з развітой інфраструктурай. 

Забудова вялася шпаркімі тэмпамі. Напрыклад, за адзін 2012 год здадзена адразу чатыры шматпавярхоўкі. Сапраўды рэкордным стаў 2013 год, калі на працягу года было ўведзена ў строй пяць дамоў-новабудоўляў. Усяго за пяцігодку ў Стоўбцах пабудаваны 22 шматкватэрныя жылыя дамы, у тым ліку ў 2014 годзе быў узведзены першы ў Мінскай вобласці жылы дом для сацыяльных патрэб (на 24 кватэры). Агулам гэта каля 60 тысяч м кв. жыллёвай плошчы, 1024 кватэры. «Калі браць, што ў кожнай з іх пражывае не менш за тры чалавекі, выходзіць тры тысячы навасёлаў!» – падкрэслівае Мікалай Мармузевіч.    

Не стаялі ўбаку і сельгасарганізацыі раёна. За пяцігодку яны пабудавалі 120 жылых дамоў сядзібнага тыпу (9801 м кв.). Найбольш будавалі ААТ «Дзераўное» (21 дом), ААТ «Жацерава» (17 дамоў), ААТ «Вішнявецкі-агра», ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» (КСУП «Заямнаўскае»), ААТ «Каганец» і СГФ «Аталезь-агра» (ААТ «Жоўты бераг») – па 10 дамоў, ААТ «Рубяжэвічы» (9 дамоў).

Нямала зроблена і ў напрамку індывідуальнай жылой забудовы. За пяць гадоў у Стоўбцах з’явілася 313 новых дамоў. Варта сказаць, што за гэты перыяд у Стоўбцах вырас і новы мікрараён індывідуальнай забудовы – «Усходні».

– У ім запатрабаваны ўсе 65 участкаў. Мікрараён поўнасцю аснашчаны інфраструктурай – водазабеспячэннем, газіфікацыяй, электразабеспячэннем, асфальтаванымі пад’ездамі. Усе гэтыя работы выкананы за дзяржаўны кошт, – адзначае Мікалай Мармузевіч. – Вядуцца работы і адносна стварэння інфраструктуры ў яшчэ адным мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы – «Паўночны-2». Ужо выканана электразабеспячэнне. У гэтым годзе здадзена дзевяць кіламетраў водаправода. Цяпер займаемся пад’ездамі да мікрараёна.

Будаўніцтва інжынерных камунікацый – гэта інвестыцыі, якія змяняюць якасць жыцця людзей і само жыццё вакол нас. За пяць гадоў пабудавана 20 км сетак водазабеспячэння, 6 км – сетак цеплазабеспячэння, 5 км – сетак каналізацыі, 130 км электрасетак і 177,7 км газаправода.      

Нельга не адзначыць, што ў раёне актыўна вядзецца газіфікацыя. З гэтай мэтай жыхары населеных пунктаў аб’ядноўваюцца ў вытворчыя кааператывы і, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 368, дзяржава кампенсуе ім 70 працэнтаў сродкаў, неабходных для будаўніцтва газаправода. За апошнія пяць гадоў з падтрымкай дзяржавы былі газіфікаваны пасёлак Школьны, вёскі Дзераўная, Казейкі, Мікалаеўшчына, Ніўнае, Цеснавая, Куль, Баханы, Барок, Зарэчча. 

У райцэнтры з’явіліся не толькі вуліца Міру, а і іншыя сацыяльна значныя аб’екты. Гэта прыбудовы да гімназіі № 1 і райаддзела міліцыі, першая чарга фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Гарадскі стадыён аздоблены сучасным штучным пакрыццём. Цэнтральная раённая бальніца становіцца пасля рэканструкцыі ўсё больш тэхналагічнай. Сярод узведзеных аб’ектаў вытворчасці – дзве жывёлагадоўчыя фермы («Пагарэлае» ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Вішнявец» у ААТ «Вішнявецкі-агра») і малочнатаварная ферма з даільнай залай «Цеснавая-1» у ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

Каля вярнуцца да шматпавярховага жыллёвага будаўніцтва, то, як адзначыў Мікалай Мармузевіч, у гэтым годзе праектуюцца два жылыя дамы паводле дзяржзаказу – 60-кватэрны і 120-кватэрны. Згодна з планамі, узвядзенне 60-кватэрнага дома мяркуецца пачаць у чацвёртым квартале бягучага года.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *