Людзі свае, як родныя

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Гэты здымак зроблены падчас урачыстага віншавання Валянціны Кожыч з юбілейным днём нараджэння. Кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт райспажыўтаварыства выказалі руплівай працаўніцы цёплыя словы і ўручылі прыгожы вазон і канверт.

Простаму сельскаму прадаўцу такое ўшанаванне прынесла нямала прыемных момантаў і стала стымулам і надалей працаваць так, каб быць у ліку лепшых працаўнікоў сістэмы спажывецкай кааперацыі.

Валянціна Кожыч абслугоўвае жыхароў вёскі Баханы. Гэта яе родная вёска, тут жывуць бацькі. І ўсе астатнія людзі для яе, як родныя. Яна гаворыць, што ў многім у няпростых умовах работы сельскім прадаўцом яе і падтрымлівае павага людзей, якія адносяцца да яе вельмі прыязна. У гэтым аддаленым населеным пункце Заямнаўскага сельсавета засталося няшмат пастаянных жыхароў. Многія дамы сталі дачамі для гараджан. І з дачнікамі Валянціна Вячаславаўна знайшла агульную мову, усіх ужо добра ведае. Менавіта яны ажыўляюць гандаль у летні сезон: фарбуюць дамы, рамантуюць будынкі. На заказ сельскі  магазін прывозіць ім будаўнічыя матэрыялы. Ёсць патрэба – машына даставіць тавар да самага дома. 

Мы гаворым з Валянцінай Кожыч не толькі пра яе работу за прылаўкам. Размова і пра тое, як абжываюцца ў сучасны момант маладыя сем’і ў вёсцы. З мужам яны рэканструявалі просты вясковы дом, які дастаўся ім у спадчыну ў суседняй вёсцы Слабада. Многае зрабілі і працягваюць рабіць сваімі рукамі, эканомяць, разлічваюць сямейны бюджэт. Сумесныя клопаты, праца разам, жаданне стварыць сваё ўтульнае гняздзечка змацоўваюць сям’ю. Сынок-чацвёртакласнік ходзіць у Коласаўскую сярэднюю школу. Арганізаваны падвоз аўтобусам дзяцей са Слабады на вучобу і назад.

Чалавек удзячны і аптымістычны ва ўсім умее знайсці плюсы. Валянціна Кожыч не гаворыць нам пра невялікую зарплату вясковага прадаўца, а адзначае з прыемнасцю тое, што рэжым работы сельскага магазіна з 10 да 15 гадзін дазваляе ёй як належыць адправіць дзіця ў школу, сустрэць яго, яшчэ застаецца час да позняга вечара, каб управіцца з работай на сельскім падворку.

У райспажыўтаварыстве, якое адчувае праблему кадраў вясковых прадаўцоў, гавораць, што такія спецыялісты, маладое пакаленне, на вагу золата. Валянціна Кожыч імкнецца апраўдаць давер кіраўніцтва і абслугоўваць аднавяскоўцаў якасна, каб і яны цанілі прадаўца.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *