Фантазіі дружнай сям’і Сабалеўскіх

Захапленні Нумары Факты, падзеi, людзi

Калі праязджаеш па цэнтральнай вуліцы аграгарадка Шашкі, то немагчыма не звярнуць увагу на прысядзібны ўчастак мясцовых жыхароў Сабалеўскіх.

Тэрыторыя ля дома, на якім прымацавана шыльда «Дом узорнага парадку», маляўніча і з густам аздоблена. Чаго тут толькі няма! Вочы разбягаюцца. І ўсё гэта зроблена рукамі майстравога гаспадара. 

– Ідэя стварыць на ўчастку куток для душы ўзнікла даўно, – расказвае Раман Станіслававіч. – Спачатку ўсе трыццаць сотак у нас былі заняты пад агародам. У асноўным вырошчвалі бульбу і клубніцы. Калі палепшыўся дабрабыт, пачалі думаць, як навесці прыгажосць у двары. Глядзелі, як гэта робяць людзі, чыталі кнігі. І паступова кветкі, кусты, газоны метр за метрам заваёўвалі месца пад сонцам. Атрымалася сапраўдная зона адпачынку, дзе можна расслабіцца пасля напружнай працы. На ўсё гэта патрачана нямала сіл, але мне вельмі падабаецца.

Гаспадар гаворыць, што першымі ў справу пайшлі старыя  пласцінкі, якімі абгарадзілі клумбу. Затым кветкі размясціліся ў металічных чанах. Увасабляючы ў рэальнасць крылаты выраз «Мой дом – мая крэпасць», Раман Станіслававіч паставіў на газоне самаробныя макеты-пушкі. Неўзабаве насупраць дзвярэй вырасла  альтанка, а побач – невялічкае азярцо з фантанам і перакінутым драўляным мосцікам. Калодзеж-журавель, хатка Бабы Ягі з фігурай гаспадыні. Манекены дзяўчынкі і юнака, якіх заўжды апранаюць па сезоне і шмат чаго іншага.  Можна сказаць, што трапляеш у казку. І ўсё гэта варта ўбачыць сваімі вачыма.

– З’явіліся ўнукі, зараз ужо маем чацвярых, і тады падумаў пра куточак, дзе малыя маглі б бавіць вольны час, – працягвае гаворку Раман Сабалеўскі.  – І пабудаваў церамок. Там можна пасядзець, паляжаць, пачытаць, паслухаць радыё. Зрабіў з вялікага бервяна і паставіў побач стол і тры крэслы. Атрымалася цудоўная кампазіцыя.

У Рамана Станіслававіча ёсць майстэрня, дзе ён праводзіць нямала часу. Там устаноўлены дрэваапрацоўчыя станкі. Такім чынам, з дрэва ён усё робіць сам. Расказвае, што з дзяцінства падабалася майстраваць, захапляўся разьбой па дрэве, выпілоўваў лобзікам.

– Я самавучка, а вось сына свайго прыахвоціў да гэтай справы, – працягвае гаворку Сабалеўскі. – Калі Алегу быў яшчэ  годзік, купіў яму сталярны набор.  З маленства ён навучыўся трымаць малаток. Затое цяпер ва ўсім мне дапамагае. Мы з ім і арэлі зрабілі. Зяці і нявестка таксама ўносяць свае прапановы. Разам іх затым увасабляем. А жонка  камандуе агародам. Загад у яе кароткі – трава там расці не павінна.

Дарэчы, Святлана Іванаўна і кветкі даглядае. А вось садзіць іх сам гаспадар. Раман Станіслававіч – настаўнік. Выкладае біялогію і хімію. У свой час быў дырэктарам Шашкоўскай сярэдняй школы. Працуе філолагам і яго жонка.

Фантазія дружнай сям’і Сабалеўскіх бязмежная. І адна з самых цікавых адметнасцяў афармлення двара – ілюмінацыя. На каталіцкія, праваслаўныя Каляды і на Новы год па перыметры дома і двара ўспыхваюць і гараць сотні рознакаляровых агеньчыкаў. Высвечваецца, які год надышоў, а таксама яго, так бы мовіць, эмблема – сёлета каза.

– Жывём на галоўнай вуліцы, – тлумачыць сэнс арыгінальнай задумы Раман Станіслававіч, – побач аўтобусны прыпынак, дзе пастаянна збіраецца нямала людзей. Можна сказаць невялічкі «вакзал». Таму хочацца, каб ва ўсіх людзей, хто ў дарозе, таксама адчувалася свята.

За творчы падыход і арыгінальнасць у навагоднім афармленні дома жыхару аграгарадка Шашкі Раману Сабалеўскаму аб’яўлена падзяка старшыні райвыканкама Юрыя Горлава.

На здымку: гаспадар Раман Сабалеўскі (злева) з жонкай Святланай, унукам Кірылам і сынам Алегам адпачываюць у сваім двары.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *