Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

УШАНАВАЛІ ХЛЕБАРОБАЎ

Па даўняй традыцыі, ад якой не адышлі і сёлета, у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» справілі свята дажынак. Гэта важкая нагода ўшанаваць хлебаробаў, падзякаваць ім за шчырую працу і ўзнагародзіць матэрыяльна. Дырэктар таварыства Аляксандр Карнічэнка падкрэсліў, што спрацаваў калектыў на ўзроўні. І сапраўды, па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых занялі трэцяе месца ў раёне, па выхадзе збожжа на бала-гектар падзялілі першае месца з агранёманцамі. Намалочана звыш 7,4 тысячы тон збожжа. Усе экіпажы камбайнераў сталі сёлета тысячнікамі. А больш за іншых намалацілі сын і бацька Генадзі Янскія, сярод вадзіцеляў вылучыўся Юрый Зяньковіч. Атрымалі прэміі ўсе работнікі, якія прымалі ўдзел ва ўборачнай кампаніі.

 

ШМАТДЗЕТНЫМ СЕМ’ЯМ

Напярэдадні навучальнага года прафсаюзныя арганізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна аказалі матэрыяльную дапамогу сваім работнікам, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту. Грашовыя сродкі ў суме 44 мільёны 979 тысяч рублёў для набыцця неабходных  для вучобы рэчаў атрымалі 112 сем’яў. Прафкам ААТ «Дзераўное» выдзеліў 38 сем’ям  на гэтыя мэты больш за іншых – 11 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

– На кожнага школьніка ў сям’ю атрымалася па 200 тысяч рублёў, – расказвае старшыня прафкама Галіна Карповіч. – Для дваіх бацькоў, якія працуюць у таварыстве,  гэтая сума павялічвалася ўдвая.

Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу пералічыў з уласнага фонду 4,5 мільёна рублёў. Грошы ўручаны бацькам з 14 сем’яў, у якіх выхоўваецца па чацвёра-пяцёра дзяцей. Шэсць шматдзетных сем’яў атрымалі дапамогу ад галіновага абкама прафсаюза.

 

НА ДОСЛЕДНЫМ ПОЛІ

На палетках прадпрыемства сумесна з фірмай «Аграфоліа», афіцыйным дыстрыб’ютарам нямецкай кампаніі «Рапуль», закладваецца доследнае поле. На невялікіх участках будуць вырошчвацца новыя перспектыўныя замежныя гібрыды рапсу, сарты збожжавых культур, гароху, ільну і шматгадовых траў.  Ужо пасеяна шэсць гібрыдаў азімага рапсу  першага пакалення – «рохан», «ксянон», «дынасці», «сітро», «абакус», «інспірацыён». Дарэчы, апошні гібрыд,  зарэгістраваны сёлета, высокаўраджайны і ўстойлівы да перападу тэмператур. Насенне, угнаенні і сродкі аховы раслін выдзеліла замежная кампанія. Яе прадстаўнікі непасрэдна кантралявалі і ход сяўбы.

– Мы не першы год супрацоўнічаем з гэтай фірмай, – расказвае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Ігар Баброў. – Па дамоўленасці адвялі ў яе распараджэнне каля 20 гектараў. Выгада для нас відавочная: і тэхналогію падшліфуем, і вырашчаны ўраджай збяром.    

Пройдуць выпрабаванне на палетках прыватнага прадпрыемства некалькі сартоў азімай пшаніцы – «скаген», «мулан», «акцёр» і «арктыс». А таксама дыплоідны гібрыд азімага жыта «зу драйв», выведзены для высявання на бедных глебах, гібрыды гароху «агат» і яравога рапсу «мірыкал».

– Наша задача паказаць, наколькі высокія вынікі можна атрымліваць менавіта за кошт якаснага насеннага матэрыялу пры належным доглядзе пасеваў, – расказвае спецыяліст па продажах фірмы «Аграфоліа» Дзмітрый Сіняўскі. – Селекцыя, як вядома, важны этап у дасягненні важкіх ураджаяў.

НОВЫ ПРЭС-ПАДБОРШЧЫК

Услед за новым італьянскім камбайнам ад MASSEY FERQUSON кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства купіла і прэс-падборшчык вытворчасці вышэйназванай фірмы. Гэта ўжо другі прэс на прадпрыемстве, які фарміруе не рулоны, а квадратныя цюкі, – перавозіць і складзіраваць іх зручней. Салома на прадпрыемстве запрасавана на ўсёй уборачнай плошчы. Парупіўся на гэтай рабоце і механізатар Юрый Траццяк, якому даручылі новы прэс. Варта дадаць, што на палетках СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» нядаўна праходзіў выпрабаванні прэс-падборшчык саломы LSB-1270 KUNH падобнай тэхналогіі, толькі айчынных распрацоўшчыкаў.

 

МАРМУРОВАЯ ЯЛАВІЧЫНА

У ААТ «Шашкі» мэтанакіравана займаюцца вырошчваннем кароў мясных парод. У прыватнасці, на ферме ў Падгорнай утрымліваюцца 110 галоў абердзін-ангусаў. Чорныя і бязрогія, яны нагадваюць зуброў. Менавіта так і называюць іх адпачываючыя, якія прыязджаюць на мясцовае возера. Людзі нават падыходзяць да жывёлы, каб зрабіць фотаздымкі.

– Цяляткі знаходзяцца тут на падсосе і вольна пасвяцца разам з каровамі, – расказвае дырэктар Валерый Ільюшэнка. – Яны хутка набіраюць вагу і за лета далі неблагую прыбаўку.  Вырашчанае па такой тэхналогіі мяса ялавічыны называюць мармуровым. А цяляціна, да таго ж, смачная і мяккая. Кожны жадаючы можа набыць у гаспадарцы цяля.  

 

НОВАБУДОЎЛІ І РЭКАНСТРУКЦЫІ

У  ААТ «Вішнявецкі-агра» працягваецца новае будаўніцтва, праводзяцца рэканструкцыі. На МТФ «Вішнявец» узводзіцца новы «клюшачнік» на 200 галоў, у якім будуць утрымлівацца цялушкі. А на МТФ «Мархачоўшчына № 2» пад такія ж мэты вядзецца рэканструкцыя кароўніка – заменены вокны, накрыты дах, выконваюцца бетонныя работы. Працуюць уласная будаўнічая брыгада і наёмныя работнікі. Аб’екты плануецца завяршыць да пачатку зімова-стойлавага перыяду. Для закладкі і належнага захоўвання кармоў узведзена шэсць  сянажна-сіласных траншэй, а ўсяго пабудуюць восем.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *