Дні верасня

Нумары Соцыум

ЗАДАВАЛЬНЕННЕ

Такі жывы настрой, гарэзлівасць у жыхаркі Яблынаўкі Тамары Віцько не толькі на святы, але і ў будні. Ва ўсім жыццёвае задавальненне. Многае яна ўмее, многае паспявае. Падворак, не гаворачы аб добраўпарадкаванай кватэры, – прыклад парадку, чысціні, ландшафтнага дызайну, умелага садаводства. Не абыходзіцца без яе ўдзелу і ні адно выступленне мясцовых артыстаў, дзе Тамара Іванаўна прыкметны завадатар.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

БУДУЧЫНЯ ПАЧЫНАЕЦЦА З МАРЫ

Пад такой назвай выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла альбом работ конкурсу дзіцячай творчасці. Пад агульнай вокладкай сабраны арыгінальныя малюнкі юных мастакоў Беларусі і Расіі, якія бралі ўдзел у праведзеным газетай «Зорька» творчым конкурсе. Альбом быў прэзентаваны на 23-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-ярмарцы. У ліку сааўтараў-афарміцеляў альбома і выхаванцы Шашкоўскай народнай студыі «Раніца» дзіцячай школы мастацтваў. У асобным раздзеле кнігі-альбома прадстаўлены шэсць малюнкаў юных мастакоў з Шашкоў. Работы шасцігадовых Аляксандра Халюты, Вікі Прыбытка і Тані Янкоўскай – «Цішыня», «Чакаю прынца» і «Птушка шчасця», васьмігадовых Ксеніі Сахар, Алёны Калкоўскай і Адрыяна Лебядзевіча – «Я мару, што лета ўсё ж такі будзе!», «Радужны настрой» і «Вясеннія кветкі з цукеркамі».

Выхаванцы студыі, якая працуе на працягу дваццаці пяці гадоў, – нязменныя ўдзельнікі міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых конкурсаў, дзе іх малюнкі прызнаюцца лепшымі.  Выдатны прыклад пераймання для хлопчыкаў і дзяўчынак студыі – яе кіраўнік, педагог-мастак Святлана Калкоўская. Святлана Канстанцінаўна таксама пастаянны ўдзельнік-пераможца конкурсаў народных майстроў.

Пр

 

ПРОМНІ АСВЕТНІЦТВА

Тыдзень беларускага пісьменства праходзіў у нашай школе цікава, запамінальна, непаўторна. У бібліятэцы аформлена кніжная выстава «Промні асветніцтва». Мы зрабілі экскурсію ў школьны музей «Стаўбцоўшчына літаратурная», дзе адбылася прэзентацыя вуснага часопіса «Шэдэўры беларускай культуры». Усё гэта праходзіла пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Іванаўны Дзямянка. Вучні старэйшых класаў паглядзелі экранізацыі па творах Івана Мележа «Людзі на балоце» і Васіля Быкава «Знак бяды». Потым усе разам абмяркоўвалі іх, спрачаліся.

Прайшоў конкурс малюнкаў у пачатковых класах на тэму «Я – беларус маленькі», які правяла настаўніца Ірына Іванаўна Бець. Заключным акордам тыдня стала інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?» на тэму «Вытокі першапісьменства».

Тыдзень у школе даў нам яшчэ раз зразумець, што трэба з любоўю і павагай адносіцца да роднага слова, бо гэта моўная квецень. Кнігі – караблі думак. Будзем чытаць родную літаратуру, моцна любіць  Беларусь нашу мілую.

Ганна АРЫКА, вучаніца Дзераўнянскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *