Спартыўныя перыпетыі

Нумары Спорт

НА ГАЛІНОВЫХ СТАРТАХ

Вальшчык лесу лесапункта Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Ігар Калінін і майстар лесу Апечкаўскага лясніцтва  Вячаслаў Біруля былі ўключаны ў каманду Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання для ўдзелу ў летняй рэспубліканскай спартакіядзе працаўнікоў лясной гаспадаркі.

Спартыўныя спаборніцтвы прайшлі ў горадзе Калінкавічы Гомельскай вобласці і сабралі каманды ўсіх шасці абласцей.

Спартсмены Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання выступілі дружна, з высокімі вынікамі. Каманда ўзяла серабро алімпіяды, а па асобных відах – дартс, стральба з лука, лёгкаатлетычны крос – золата.

Спартакіяда стала спартыўным святам, дзе лесаводы рэспублікі маглі не толькі паспаборнічаць, але і разам адпачыць. Надвор’е гэтаму паспрыяла.

 

ЭХ, ДАРОГІ!

У чарговым туры абласнога першынства па футболе каманда «Нёман-Агра» ўступіла ФК «Старыя Дарогі» з лікам 0:2.

Зноў нашы футбалісты кідаюць сваіх прыхільнікаў са спёкі ў холад. Дзве запар перамогі з двухзначным лікам, і  зноў – паражэнне. І не будзем удакладняць, што, маўляў, папярэднія апаненты з кагорты аўтсайдараў – ФК «Капыль» і ФК «Нясвіж» – замыкаюць турнірную табліцу. У рэшце рэшт пасля стаўбцоўскай галавамыйкі – 2:12 – камандзе  ДЮСШ-4 з Маладзечна, якая прэтэндуе на чэмпіёнскі тытул, капыляне ўступілі мінімальна – 1:2. І ўвогуле не з дваровымі камандамі мы сапернічаем – ва ўсіх і пэўнае майстэрства, і свой гонар. Таму не будзем прыніжаць папярэдні здабытак нёманцаў. Але зноў жа, перамога з любой перавагай ацэньваецца ў футболе трыма ачкамі, паражэнне, зразумела – нулём.

Такім чынам, «Нёман-Агра» не зрушыў са свайго шостага месца. На рахунку стаўбчан засталося 27 ачкоў, у бліжэйшых сапернікаў – маладзечанцаў, старадарожцаў, камандаў з дзяржыншчыны ФК «Валько» і «Лівадзія-Юні» – адпаведна па 36, 34, 33 і 32 ачкі. Далекавата даганяць прэтэндэнтаў на прызавыя месцы. І ўжо практычна недасягальная пазіцыя лідараў – каманды «Колас» з Чэрвеня. «Колас» – наш наступны сапернік.  І не варта загадзя апускаць рукі. Прыкласці толькі ўменне, праявіць волю да перамогі і, вядома, пажадаць удачы.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *