Форум сельскай моладзі

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

10-11 верасня на Стаўбцоўшчыне, на базе аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі, прайшоў І Рэспубліканскі форум сельскай моладзі. Яго ганаровымі гасцямі сталі маладзёжныя дэлегацыі з шасці рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі – Тамбоўскай, Курганскай, Курскай, Новасібірскай, Арэнбургскай абласцей і Краснаярскага краю. 

Арганізатарамі форуму выступілі Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Мінскі абласны камітэт грамадскага аб’яднання «БРСМ», Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і тры раённыя выканаўчыя камітэты – Стаўбцоўскі, Нясвіжскі і Дзяржынскі. На базе прадпрыемстваў і ўстаноў гэтых раёнаў-суседзяў для больш чым трох сотняў удзельнікаў форуму была арганізавана работа наступных секцый: «Сельская гаспадарка», «Адукацыя», «Ахова здароўя», «Культура», «Моладзь». Яны знаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі, інавацыямі і напрацоўкамі ў розных сферах народнай гаспадаркі і дзяржаўна-грамадскай дзейнасці.

На Стаўбцоўшчыне  працавала секцыя «Ахова здароўя». Сваімі дасягненнямі і вопытам работы дзялілася цэнтральная раённая бальніца і, у прыватнасці, Нававёскаўская амбулаторыя. Загадвае гэтай сельскай установай малады спецыяліст і, дарэчы, дэлегат форуму Вольга Бурак. Разам з Вольгай у ліку дэлегатаў ад нашага раёна былі чацвёра прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі – бухгалтар ААТ «Рочавічы» Уладзімір Рапецкі, галоўныя інжынеры ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзмітрый Махіна і ААТ «Жацерава» Дзяніс Скачко, галоўны аграном ААТ «Шашкі» Святлана Талстая, двое прадстаўнікоў адукацыі – педагог Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Алёна Міцкевіч і педагог Засульскай школы Вольга Буцько.

– Для правядзення форуму была выбрана тэрыторыя Стаўбцоўскага раёна, – зазначыла начальнік аддзела па справах сям’і і моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Вольга Шыбко. – Стаўбцоўскі і Нясвіжскі раёны – лідары ва ўкараненні тэхналогій земляробства, валавым зборы збожжа. Акрамя таго, тут рэалізуюцца значныя праекты ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, маладзёжных ініцыятыў.

Аздараўленчы лагер імя Я. М. Чайкі (належыць Мінаблгазу) з яго сучаснай інфраструктурай, узроўнем добраўпарадкаванння  стаў дастойнай пляцоўкай для правядзення форуму. А яшчэ – міжволі ён падарыў магчымасць маладым людзям  акунуцца ў атмасферу дзяцінства, знаёміцца і абмяркоўваць свае праблемы ў нефармальнай абстаноўцы – на свежым паветры, ля кастра. Восеньскае надвор’е шчодра спрыяла гэтаму. Як пажартавалі арганізатары форуму, яны ўнеслі «прагноз надвор’я» ў каштарыс выдаткаў, таму ўсё атрымалася.          

У прывітанні ўдзельнікам І Рэспубліканскага форуму сельскай моладзі  намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Сірэнка  зазначыў: «Органы ўлады звяртаюць увагу менавіта на сельскую моладзь, таму што ў Мінскай вобласці, асноўнай жытніцы нашай краіны, яна складае 40 працэнтаў насельніцтва. Мы бачым яе патэнцыял і вагу тых праблем, якія яе хвалююць».  Звяртаючыся да моладзі, старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў выказаў перакананне, што вёска закладвае фундамент усіх нашых перамог і дасягненняў (сёлета раёну асабліва ёсць аб чым сказаць: намалочаны рэкордны ўраджай, дасягнута рэкордная ўраджайнасць), што ў раёне створаны ўсе ўмовы, каб заставацца на вёсцы жыць, ствараць сем’і. Начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пшанічная падкрэсліла асаблівасць кожнага дня бягучага года, аб’яўленага ў нашай краіне Годам моладзі: «Форум дае магчымасць звярнуць увагу на моладзь, а ёй самой заявіць пра сябе».

На форуме адбылося плянарнае пасяджэнне на тэму «Устойлівае развіццё сельскіх тэрыторый у сучасных умовах», а таксама прэзентацыя праекта «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі» з удзелам навукоўцаў і практыкаў.

Дыялог са старшынёй аблвыканкама

Насычаным выдаўся першы дзень форуму, але і праграма другога аказалася не менш цікавай і плённай. Да дэлегатаў далучыліся шматдзетныя сем’і Мінскай вобласці – удзельнікі конкурснай праграмы абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла». Яны прыехалі з розных раёнаў разам са сваімі імправізаванымі падворкамі.  Побач з імі раскінуліся і «падворкі» нашых двух прадпрыемстваў – філіяла «Стоўбцы» ААТ «Мінскі мясакамбінат» і філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», якія прапаноўвалі прадэгусціраваць сваю прадукцыю. Усё гэта надало форуму жывы сельскі каларыт, які дапоўнілі народны гумар і песні. Ацаніў іх дасціпнасць і старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, кіраўнікі іншых службаў і ведамстваў, якія прыбылі на запланаваны ў рамках форуму «Адкрыты дыялог» з моладдзю.  

Сустрэча адразу настройвала на шчырую нефармальную размову – ладзілася яна вакол кастра. Удзельнікі зручна  ўладкоўваліся на шырокіх лавах, займалі месцы на прыстасаваных цюках з саломы. Улічваючы агульны маладзёжны настрой, Сямён Шапіра прапанаваў:  «А без мікрафона нам будзе размаўляць лепш». Гэтую ідэю моладзь падтрымала. 

Якія пытанні яе хвалявалі? Адно з першых – перспектывы будаўніцтва дзіцячых садкоў. Губернатар даў надзею, што сітуацыя ў бліжэйшыя гады палепшыцца (у Мінскай вобласці будуць здадзены да канца бягучага года пяць дзіцячых садкоў, у наступным годзе плануецца будаўніцтва сада і ў Стоўбцах). На  пытанні адукацыйнага характару адказы даваў намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык. 

Ад сям’і паступіла пытанне аб пакупцы каровы: як набыць яе ў гаспадарцы з растэрміноўкай плацяжу,  у лік будучага заробку. Старшыня аблвыканкама адрэагаваў на яго вельмі станоўча, з вясковай цеплынёю. Адзін з удзельнікаў выказаў сваю прапанову – аб выдзяленні моладзі льготнага крэдыту для набыцця аўтамабіля.  Узнімалася пытанне добраўпарадкавання пад’ездаў да вуліц, над чым, безумоўна, павінны рупіцца і органы мясцовай улады, і самі людзі.

Маладыя эканамісты з сельгаставарыстваў Мінскай і Гродзенскай абласцей узнімалі пытанні больш глабальныя. Да прыкладу, адносна будаўніцтва ў гаспадарках новага жылля, дыспарытэту цэн на прадукцыю сельскай гаспадаркі і прамысловасці, коштаў на збожжа, забеспячэння гаспадарак глебаапрацоўчымі агрэгатамі.

– Дом каштуе цяпер адзін мільярд рублёў, таму мы думаем над тым, як гаспадаркам будаваць новыя дамы, – адзначыў Сямён Шапіра. – Перавагай сяльчан заўсёды было тое, што ім выдзялялі бясплатнае жыллё. У горадзе такіх умоў няма.

Быў названы паказальны прыклад агракамбіната «Сноў», дзе кіраўніцтва адкрыла Дом маладога настаўніка. Падобным чынам можа паступіць любая гаспадарка: калі адрамантаваць пусты будынак, можна даць дах  над галавой і настаўніку, і ўрачу,  і культработніку, і іншаму маладому спецыялісту, запатрабаванаму на вёсцы.  Размова закранула і прыватызацыю жылля на вёсцы.

Адносна коштаў на збожжа губернатар параіў маладым калегам кіравацца рыначнымі падыходамі, эканамічнымі разлікамі. Адзін з варыянтаў – пусціць збожжа, атрыманае звыш дзяржзаказу, на корм жывёле і атрымаць рэнтабельную прадукцыю – малако. За гэтыя сродкі можна развівацца. «У тым ліку і будаваць дамы для сваіх работнікаў», – заўважыў Сямён Шапіра.

«Пытанне ўкамплектаванасці сельскіх клубаў сучасным абсталяваннем – не да мяне, – пераадрасаваў яго Сямён Шапіра кіраўнікам райвыканкамаў, галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. – Бюджэт Мінскай вобласці размяркоўваецца паміж раёнамі прапарцыянальна».  

Слухаючы нашу моладзь, старшыня Мінскага аблвыканкама пажартаваў: «Мы не толькі абмяняліся думкамі, а і кадравыя пытанні вырашылі». Маецца на ўвазе, што сярод удзельнікаў форуму нельга не заўважыць перспектыўны кадравы рэзерв, здольны папоўніць праз пэўны час рады кіраўнікоў. А дэлегацыі расіян падзякавалі Сямёну Шапіру за гасціннасць і, уручаючы сувеніры, «прынялі» ў члены Расійскага саюза сельскай моладзі — аб’яднання, аналагічнага нашаму БРСМ.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *