Восень славіць лесаводаў

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

Кляцішчанскае лясніцтва Стаўбцоўскага доследнага лясгаса славіцца сваімі працоўнымі дынастыямі, пасекай і цяплічнай гаспадаркай, дзе вырошчваюцца дэкаратыўныя саджанцы-экзоты.

Нягледзячы на тое, што гэтае лясніцтва – адно з самых аддаленых, размешчана сярод пушчы за 60 км ад райцэнтра, за сёлетні сезон ім было рэалізавана насельніцтву і арганізацыям больш за 1,5 тысячы штук саджанцаў-экзотаў. Розныя віды туй, ядлоўцу, самшыту і т. п. аздабляюць сваёй зелянінай не толькі наш раён, а і іншыя, суседнія. Увішнымі рукамі сезоннай рабочай Тэрэзы Салацкай узнімаюцца тут і сеянцы хваёвых і мяккаліставых парод дрэў.

– Дзве цяпліцы прыстасаваны для ўкаранення культур, яшчэ дзве, большых памераў, – для іх дарошчвання, – знаёміць з гаспадаркай вопытны ляснічы, карэнны пушчанец Аркадзь Панамароў. Калісьці гэта была яго ініцыятыва, цяпер гэта – яго гордасць.

Кляцішчанскае лясніцтва, адно з трох у лясгасе, можа пахваліцца і сваёй пасекай. Нязменна на працягу многіх гадоў на ёй шчыруе сямейная дынастыя Васіля і Алены Парашчукоў. У гэтым годзе кляцішчанскія пчаляры адкачалі амаль 1,5 тоны мёду.

Разам з падсобнай развіваецца ў лясніцтве і асноўная вытворчасць. Бухгалтар Ірына Юрэц красамоўна засведчыла гэта лічбамі. З пачатку года лесаводамі нарыхтавана больш за 5 300 м3 драўніны. Акрамя таго, пасаджана 15 га лясных культур і на такой жа плошчы праведзена іх дапаўненне, на плошчы 18 га ажыццёўлены догляд дрэўцаў. Дзялянкі маладнякоў, на якіх праведзены работы, перавысілі плошчу 70 га. На 60 га лес ачышчаны ад захламленасці. Высечана 7 км квартальных прасекаў і інш.

– Спраўляемся з усімі планавымі заданнямі.  Садзім лес, ахоўваем. Апошняе спякотнае лета абышлося без пажараў – наша лясная ахова несла дзяжурствы, – тлумачыць Аркадзь Панамароў і запрашае ў лес, на дзялянкі, дзе лесаводы займаюцца звычайнымі паўсядзённымі справамі.

Разам з ляснічым і маладым майстрам лесу Аляксеем Аўласовічам скіроўваем на лесагаспадарчую дарогу (дарэчы, на тэрыторыі лясніцтва плануецца будаўніцтва яшчэ адной). Абапал – стромкі лес, напоўнены нязвычнай для восені празрыстасцю паветра. Для Аляксея, ураджэнца Віцебшчыны, Стаўбцоўшчына стала блізкай за чатыры гады працы. Нядаўна хлопец згуляў вяселле з мясцовай дзяўчынай. Ён мае дыплом Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа, у планах – атрымаць яшчэ адзін, аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы. «У лясную прафесію я прыйшоў фактычна школьнікам, пасля дзявятага класа, і не расчараваўся ў ёй», –прызнаецца Аляксей. З яго хваткай за дзень накручвае па лесе на матацыкле 130–150 км!

А вось і дзялянка па нарыхтоўцы дробнатаварнай дзелавой драўніны. Здалёк чуваць гукі пілы, стук сякераў. Сюды падцягнуты вагончык, у якім рабочым можна абагрэцца, схавацца ад дажджу. Трактарыст Мікалай Капціловіч увіхаецца на вывазцы.

– Да абеду ўжо падцягнуў 20 м3 драўніны, – з ахвотай уступае ў размову Мікалай Мікалаевіч. – Трактар з гідраманіпулятарам у мяне новы, ды і суха тут, лёгка працуецца.

Мікалай Капціловіч, як і майстар лесу Аляксей Аўласовіч, вылучаны сёлета калектывам лясніцтва для ўшанавання з нагоды прафесійнага свята. Яны запрошаны на ўрачыстае мерапрыемства, якое арганізуе Стаўбцоўскі доследны лясгас.

Напэўна, дастойных у Кляцішчанскім лясніцтве можна назваць значна больш. З такой думкай згаджаецца і ляснічы. За прыкладам далёка хадзіць не трэба. Адна з лесанарыхтоўчых брыгадаў працуе пад кіраўніцтвам Анатоля Нікалаенкі. У лясніцтве Нікалаенкаў не зблытаеш ні з кім, хаця іх тут трое – браты Анатоль, Яўген і Леанід. Чацвёртая – Алена, жонка Анатоля, працуе памочнікам ляснічага. Такая разгалінаваная дружная дынастыя шчыруе ў пушчанскім краі. Побач з Нікалаенкамі працуюць браты Мінцелі – Вячаслаў і Віктар. Вячаслаў – вальшчык, не раз прымаў удзел у спаборніцтвах сярод вальшчыкаў лясгаса. Віктар працуе на не менш адказным участку – на дзялянках догляду маладняку. Іосіф Ліпніцкі і Алег Трасцянка (брыгадзіры), леснікі Леанід Бразоўскі, Аляксандр Лукашэвіч, Баляслаў Бразоўскі і Аляксандр Янушэвіч, лесарубы Міхаіл Палянскі і Валянцін Курош – усе імкнуцца да таго, каб выканаць дзённую норму, прынесці ў сям’ю прыстойны заробак.

Для кляцішчанскіх лесаводаў любая пара года – працавітая і клопатная, з адметнай прыгажосцю і назіраннямі, напоўненая таямніцамі жывога свету. У сваіх родных мясцінах яны з любоўю заўважаюць кожную краску і сцежку, след асцярожнага звера. З дня ў дзень яны імкнуцца да таго, каб гэтае багацце засталося і наступным пакаленням.               

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: гаспадыня цяпліцы – Тэрэза Салацкая; ляснічы Аркадзь Панамароў; Мікалай Капціловіч працуе на новым трактары з гідраманіпулятарам;  малады майстар лесу Аляксей Аўласовіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *