Зноў госціць фестываль

Духоўная і гістарычная спадчына Нумары

Абвестка аб тым, што ў Стоўбцах чарговы раз пройдзе фестываль праваслаўнай культуры «Кладезь», многіх абрадавала. Выставачны павільён на пляцоўцы каля рэстарана «Нёман» прымае і многіх наведвальнікаў.

На ўрачыстым адкрыцці фестывалю благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык адзначыў, што такое царкоўна-грамадскае мерапрыемства садзейнічае адраджэнню праваслаўнай культуры ў Беларусі, служыць духоўна-маральнаму выхаванню і асвеце. Айцец Аляксандр выказаў удзячнасць мясцовым уладам за зацікаўленасць, вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні як самога фестывалю, так і выставы.

Звяртаючыся да арганізатараў фестывалю і ўсіх удзельнікаў урачыстага адкрыцця духоўна-асветніцкай праграмы, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль звярнула ўвагу на тое, што такія мерапрыемствы  выконваюць вялікую ролю ў аздараўленні нашага грамадства, праводзяцца яны ў рамках падпісанага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнымі структурамі і Беларускай Праваслаўнай Царквой у розных накірунках дзейнасці. Святлана Анатольеўна заклікала стаўбчан і жыхароў раёна прыходзіць на выставу, якую падрыхтаваў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр, сем’ямі, браць сваіх дзяцей. Тут можна выбраць падарунак для душы, які парадуе як дарослых, так і дзяцей. Фестываль праваслаўнай культуры «Кладезь» нясе промні святла, дабра, міласэрнасці і ўмацоўвае ў праваслаўнай веры.

Святлана Жыбуль падзякавала прадстаўнікам манастыра за змястоўную духоўна-асветніцкую праграму і нагадала, што ў рамках фестывалю  праходзяць шматлікія мерапрыемствы.

 Кожны вечар на тэрыторыі выставы служацца малебны аб здароўі перад іконай з часцінкай мошчаў святога велікамучаніка і цаліцеля Панцеляймона.

Сястра Наталля падзякавала прадстаўнікам улады, стаўбчанам за цёплы прыём, звярнула ўвагу на тое, што павільён Свята-Елісавецінскага манастыра прапануе духоўную літаратуру, аўдыя- і відэа- прадукцыю. Наведвальнікі выставы могуць набыць іконы і царкоўныя рэчы для дома. Прыцягваюць увагу прыгожыя вырабы манастырскіх майстэрняў, якія адраджаюць праваслаўныя традыцыі ў ювелірным і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Сродкі, якія будуць ахвяраваны наведвальнікамі выставы за набытыя рэчы, пойдуць на далейшае развіццё святой абіцелі, на будаўніцтва манастырскіх храмаў – у гонар прападобнага Сергія Раданежскага і свяціцеля Іаана Шанхайскага, а таксама на завяршэнне будаўніцтва  Дома паломніка і выставачнага цэнтра.

Заўсёднымі атрыбутамі экспазіцыі з’яўляюцца манастырскія хлеб, мёд, зборы лячэбных траў, прыгатаваныя з малітвай і любоўю. Кожны выходзіць з выставы з намерам зайсці сюды і заўтра, каб сагрэцца любоўю, святлом міру, дабра, малітвы і прыемнымі набыткамі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *