Падзеі і здарэнні

Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі трое маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ксенія Пашко, Філіп Бянько і Соф’я Баранава.

Зямны шлях закончыўся для 14-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у Мікалаеўшчыне. У дзве гадзіны ночы загарэўся хлеў аднаго з жыхароў. Прычына здарэння высвятляецца. Матэрыялы перададзены ў раённы аддзел Следчага камітэта.

Міліцыяй зарэгістраваны 123 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны 16 крымінальных спраў, у сямі з іх устаноўлены падазраваемыя. З тэрыторыі міні-рынку па вуліцы Сацыялістычнай у Стоўбцах выкрадзены чатыры камеры відэаназірання. Зламыснік разбіў манітор інфакіёска, размешчанага ў гандлёвай зале магазіна «Забота». На падворку стаўбчанкі злодзей наведаўся ў гаспадарчую пабудову, гараж і на гарышча дома, адкуль вынес 15 рулонаў металічнай сеткі, сілавы шматжыльны электрапровад, сталярныя інструменты і іншае. У Наваколасаве злачынны замах зроблены на два склады, якія належаць грамадзянам, – з іх прапалі 300 літраў дызельнага паліва, бензапіла. З участка сялянскай фермерскай гаспадаркі «У Нёмана», размешчанай паблізу Цвіркаў, выкапана 11 кустоў ружаў.

Суд пазбавіў волі на два гады 24-гадовага новасвяржаніна, які ўчыніў крадзеж мабільнага тэлефона, а таксама, выкарыстоўваючы чужую банкаўкую картку, зняў грошы.  Аштрафаваны на 3 600 000 рублёў і 54-гадовы жыхар Янкавічаў – за самавольнае будаўніцтва дома з гаспадарчымі пабудовамі. За невыкананне прадпісання санітарнай службы пакараны штрафам у памеры 540 000 рублёў дырэктар прыватнага прадпрыемства «Гном-сэрвіс».

ДАІ выявіла 273 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць нецвярозых вадзіцеляў (у тым ліку дзве маладыя жанчыны) і 12 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў. Здарылася сем дарожных аварый. На шчасце, у іх ніхто не пацярпеў. У Шашках  нецвярозы вадзіцель аўтамабіля ГАЗ з’ехаў у кювет і наехаў на апоры электраперадач. З 15-га па 25-га верасня на дарогах раёна праходзіць прафілактычная акцыя  «Час стаць прыкметным». ДАІ заклікае пешаходаў і веласіпедыстаў абазначаць сябе падчас руху ў цёмны час сутак святлоадбівальнымі элементамі, абсталёўваць веласіпеды і гужавыя павозкі светлавымі прыборамі. Вадзіцелям неабходна быць уважлівымі, асабліва паблізу населеных пунктаў.

«Хуткая» выязджала да хворых 195 разоў, у прыватнасці, чатыры сігналы паступілі да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *