На прыкладзе стаўбцоўскай бальніцы

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

У вялікую падзею рэспубліканскага маштабу выліўся форум сельскай моладзі, які прайшоў на базе нашага раёна. Сваю лепту ў яго ўнесла цэнтральная раённая бальніца, якая прыняла маладых урачоў сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў рэспублікі і арганізавала работу секцыі па ахове здароўя.  

Уступным словам прывітала маладых спецыялістаў начальнік упраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Наталля Баярская. Наталля Іларыёнаўна зрабіла акцэнты на тым, што маладым у нашай краіне адкрыта дарога прафесійнага і кар’ернага росту і ад іх чакаюць, каб яны ўнеслі свой асабісты ўклад у развіццё аховы здароўя нашай краіны. Як развіваецца медыцынская галіна ў Мінскай вобласці, удзельнікам маладзёжнага форуму было прапанавана паглядзець на прыкладзе стаўбцоўскай раённай бальніцы, кіраўніцтва якой адзначана за актыўную работу па рэканструкцыі і мадэрнізацыі аддзяленняў, за ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, вопыт работы з кадрамі і ўкараненне сучасных тэхналогій дыягностыкі і лячэння.  

Медыцынская ўстанова сустрэла гасцей добраўпарадкаванай тэрыторыяй з клумбамі ружаў, гасціннымі плакатамі-расцяжкамі, адноўленымі пасля рамонту памяшканнямі, выставай вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога і кулінарнага мастацтваў.

Удзельнікам форуму былі паказаны медыцынскія кабінеты, стацыянарныя аддзяленні і іншыя лячэбна-прафілактычныя памяшканні, якія за апошнія некалькі месяцаў карэнным чынам змяніліся – капітальна адрамантаваны і ўкамплектаваны новай мэбляй і абсталяваннем. Аб інавацыях яскрава расказвалі падрыхтаваныя ў сучасным стылі стэнды ў фае паліклінікі. А яшчэ – экскурсія, якую правялі па бальніцы і паліклініцы намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Людміла Някрылава і загадчыца паліклінікі Алена Падалянчык. Удзельнікі форуму першыя ўбачылі новае аддзяленне прафілактыкі, якое прыступіла да работы адразу ж пасля форуму. Яно размешчана побач з рэгістратурай і абсталявана максімальна зручна для таго, каб выконваць свае функцыі даўрачэбнага абследавання наведвальнікаў бальніцы. Пераварот, у добрым сэнсе слова, ажыццёўлены ў рабоце рэгістратуры райпаліклінікі. Уся работа аўтаматызавана – з дапамогай камп’ютара вядуцца картатэка пацыентаў, папярэдні запіс і выдача талонаў на прыём да ўрачоў, рэгістрацыя выклікаў урачоў на дом. Устаноўлены адпаведныя праграмы для падрыхтоўкі справаздач. Завершаны работы па ўкараненні інтэрнэт-рэгістратуры, што дае магчымасць запісацца на прыём да ўрача праз сетку інтэрнэт на сайце talon.by. Аўтаматызавана работа рэгістратуры стаматалогіі. Ва ўсіх амбулаторыях устаноўлена праграма АИС «Урач агульнай практыкі». Падключаны да інтэрнэту 12 сельскіх лячэбна-прафілактычных устаноў. Створана электронная пошта для ўсіх іх. Цэнтральная раённая бальніца мае сайт www.scrb.by. Лакальная сетка ахоплівае аддзяленне стацыянара, рэгістратуру, аптэку, аддзяленне прамянёвай дыягностыкі, хірургічнае, гінекалагічнае, дзіцячае, неўралагічнае, рэанімацыйнае аддзяленні і аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі. Падключана і выкарыстоўваецца відэаканферэнц-сувязь.

Удзельнікі форуму наведалі рэанімацыйнае аддзяленне, радзільнае, дзе цяпер заканчваюцца рамонтныя работы. Маштаб зробленага іх уразіў. Маладыя спецыялісты рэспублікі азнаёміліся з работай хірургічнага і траўматалагічнага кабінетаў паліклінікі пасля рамонту, а таксама кабінетаў аталарынголагаў. Аб аб’ёмах праведзеных работ скажуць такія лічбы. За шэсць месяцаў бягучага года выканана будаўнічых і рамотных работ на суму тры мільярды рублёў, на 598 мільёнаў рублёў закуплена новага медыцынскага абсталявання.

Сустрэча маладых спецыялістаў з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы Святланай Глебка адбылася ў актавай зале. З дапамогай відэаслайдаў яна раскрыла вопыт стаўбцоўскай бальніцы па замацаванні кадраў. У гэтым годзе калектыў медыкаў раёна папоўніўся 18 урачамі, чатырма – з вопытам работы, якія пераехалі ў Стоўбцы з іншых лячэбна-прафілактычных устаноў. Прыступілі да работы восем урачоў-інтэрнаў. Усяго ў раён за 2015 год прыбылі 33 спецыялісты сярэдняга медыцынскага персаналу. Было расказана аб мерапрыемствах па замацаванні маладых спецыялістаў – аб забеспячэнні жыллём, кампенсацыі расходаў на арэнду жылля, надбавак да акладаў і іншых формах матэрыяльнага стымулявання працы маладых спецыялістаў. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі былога будынка стаматалогіі ў інтэрнат для маладых спецыялістаў. Пачаты рамонт дамоў для медыцынскіх работнікаў у Цеснавой і Шашках.

Прыгожым момантам форуму была дэманстрацыя вопыту настаўніцтва на прыкладзе хірургічнага аддзялення райбальніцы. Апладысментамі, прызнаннем заслуг, павагай і пашанай былі сустрэты былыя і цяперашні загадчыкі хірургічнага аддзялення: Генадзь Сяліцкі з больш чым 40-гадовым стажам работы хірургам, Уладзімір Рачко, стаж работы якога скаладае 35 гадоў, цяперашні загадчык хірургічнага аддзялення, кандыдат медыцынскіх навук Ігар Яхнавец. Гэтыя дастойныя  людзі сталі сапраўдным упрыгажэннем урачыстасці. Дзякуючы шчодрай перадачы вопыту, уменню арганізаваць работу, падтрымцы маладых урачоў, стварэнню спрыяльнага мікраклімату ў хірургічным аддзяленні райбальніцы склаўся выдатны калектыў спецыялістаў, сярэдні ўзрост якіх  крыху больш за 30 гадоў. Гэта вельмі адметная з’ява ў сферы аховы здароўя Мінскай вобласці і нават у рэспубліцы. Кіраўніцтвам і райбальніцы, і хірургічнага аддзялення ўсебакова падтрымліваецца жаданне маладых хірургаў спецыялізавацца ў пэўным накірунку, павышаць свой прафесійны ўзровень. Андрэй Дудзінскі прайшоў курсы перападрыхтоўкі па траўматалогіі, Націк Гусейнаў навучаецца ў клінічнай ардынатуры па хірургічнай анкалогіі, Яўген Крайнік прайшоў курсы перападрыхтоўкі па ўралогіі.

З трыбуны сваімі ўражаннямі падзяліўся з калегамі хірург Андрэй Дудзінскі, які прыбыў па размеркаванні ў стаўбцоўскую бальніцу ў 2011 годзе. Ён з радасцю расказаў, што за гэтыя гады не толькі набыў вопыт урачэбнай практыкі, але і са сваёй жонкай, таксама ўрачом, паспелі пабудаваць дом, у якім рыхтуюцца ў хуткім часе справіць наваселле.

Вопытам работы, арганізацыяй адпачынку маладых спецыялістаў падзяліўся ўрач агульнай практыкі з Валожынскага раёна Віктар Міхалевіч.

У планах ажыццяўлення наватарстваў маладых спецыялістаў і наогул усіх удзельнікаў гэтай урачыстасці ўразіла практыка кансультавання ў рамках тэлемедыцыны – у рэжыме анлайн праводзяцца кругласутачныя кансультацыі са спецыялістамі абласной клінічнай бальніцы, а пры патрэбе – і  са спецыялістамі спецыялізаваных медыцынскіх цэнтраў. З дапамогай камп’ютара адпраўляюцца рэнтгенаўскія здымкі, электракардыяграмы. Вось які крок наперад зрабіла медыцына нават у раённых цэнтрах! Што датычыць інавацый, варта адзначыць, што Стаўбцоўская бальніца першая ў Мінскай вобласці сярод раённых пачала практыкаваць укараненне імплантантаў у стаматалогіі. Асвоена пратэзаванне тазасцегнавых суставаў – у гэтым годзе праведзена ўжо восем такіх хірургічных аперацый. Агучаны і іншыя высокатэхналагічныя аператыўныя ўмяшальніцтвы, вопыт укаранення новых тэхналогій. Высокую ацэнку атрымала работа клінічнай лабараторыі, якая з’яўляецца міжраённай. Плануецца, што пасля заканчэння рамонту статус міжраённага атрымае і радзільнае аддзяленне. Застаюцца ў сіле планы па стварэнні міжраённага траўматалагічнага аддзялення, праводзіцца для гэтага арганізацыйная работа.

Аб тым, якія ўражанні пакінулі ва ўдзельнікаў форуму наведванне стаўбцоўскай бальніцы і азнаямленне з новымі накірункамі работы медыцынскай установы, у бліц-інтэрв’ю нашай газеце расказваюць маладыя спецыялісты вобласці.

Павел Рыбалка, фельчар-лабарант, Мінскі раён:

–       Як лабаранту мне вельмі цікава было пазнаёміцца з работай клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Мяне ўразіла, што яна абслугоўвае і суседнія раёны, выконваюцца такія віды лабараторных даследаванняў, якія ў іншых раённых бальніцах выконвае абласная лабараторыя. Уражвае і сама бальніца –  аснашчанасцю і прывабным сучасным выглядам.

Вераніка Клімовіч, урач агульнай практыкі, Дзяржынскі раён:

–       Гэты форум мне асабіста дарагі тым, што ёсць магчымасць сустрэцца з калегамі, пазнаёміцца. Што датычыць наведвання стаўбцоўскай бальніцы, то мяне ўразіла ўсё. Для раённай бальніцы такі ўзровень – проста шыкоўна. Працаваць тут адно задавальненне.

У гэты ж дзень маладыя ўрачы наведалі Нававёскаўскую ўрачэбную амбулаторыю, дзе на працу заступіла малады ўрач агульнай практыкі Вольга Бурак.

Пасля азнаямлення з аб’ектамі медыцыны галоўны ўрач Святлана Глебка правяла з удзельнікамі маладзёжнага форуму гутарку за круглым сталом, падчас якой яны маглі атрымаць адказы на ўсе свае пытанні і пацікавіцца, якія вакансіі чакаюць урачоў у гэтай медыцынскай установе.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: гасцінная сутрэча ўдзельнікаў форуму; начальнік упраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля Баярская першая прывітала гасцей; галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка і яе намеснік Людміла Някрылава запрашаюць на экскурсію па бальніцы; з работай рэгістратуры знаёміць загадчыца паліклінікі Алена Падалянчык; настаўнікі моладзі – хірургі Ігар Яхнавец, Уладзімір Рачко і Генадзь Сяліцкі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *