Не толькі футбол

Нумары Спорт

«Мы разам!» – сама назва грамадзянска-патрыятычнай акцыі гаворыць аб многім. Увасабляецца яна ў мерапрыемствах Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. І ў падтрымцы сродкаў масавай інфармацыі. Прытым не толькі ў асвятленні правядзення злётаў, канцэртных выступленняў, сустрэч. А і з непасрэдным удзелам журналістаў. Як гэта выдатна робяць супрацоўнікі самых папулярных студый тэлебачання – АНТ, «Беларусь-1», «Беларусь-2».

Калектыў Агульнанацыянальнага тэлебачання, у саставе адначасова і футбалістаў, і артыстаў, парадаваў у мінулую нядзелю стаўбчан. Першым нумарам у праграме аб’яўленага спартыўна-канцэртнага свята стаяў футбол. І хіба сярод усіх праяў, што аб’ядноўваюць нацыю, нельга паставіць такую масавую, папулярную спартыўную гульню?!

Сімвалічна, што своеасаблівым прывітаннем адкрыў свята Анатоль Длускі. І паўтаралі за спеваком бадай усе гледачы: «Яго вялікасць футбол…». І далей пра тое, што перамогамі спартсмены ўслаўляюць нашу родную Беларусь. Шчырыя словы прагучалі і ад Тэнгіза Думбадзэ, рэпартажаў якога з розных кантынентаў чакаюць тэлегледачы. Пабываў ён і ў «гарачых кропках», і таму асабліва пранікнёна гучаць словы тэлежурналіста, што трэба берагчы мір, шанаваць сваю краіну, рабіць усё магчымае для яе моцы і працвітання. Папулярныя журналісты, грамадскія дзеячы, яны і выдатныя спартсмены, але аб гэтым пазней.

Гасцей цёпла вітаў старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў. Ён адзначыў, што акцыі, якія праходзяць у нашым раёне, згуртоўваюць многія калектывы. А ўсталяванню здаровага ладу жыцця садзейнічае развіццё матэрыяльнай базы для заняткаў фізкультурай і спортам. Так, з пачатку года функцыянуюць тэнісныя, більярдныя залы фізкультурна-аздараўленчага комплексу. А з увядзеннем у строй сёлета другой чаргі ФАКа з плавальным басейнам, залай гульнявых відаў спорту адкрыюцца магчымасці для трэніровак спартсменаў і ўмацавання здароўя насельніцтва. Абнаўляецца і футбольны стадыён «Юнацтва».

І вось галоўны суддзя спаборніцтваў, арбітр першай катэгорыі Валерый Ілюшын, якога ў раёне ўсе ведаюць як начальніка аддзела па надзвычайных сітуацыях, дае свісток на пачатак матча. Займаюць свае месцы на полі бакавыя арбітры – суддзя міжнароднай катэгорыі, ён жа дырэктар ДЮСШ Сяргей Жук, а таксама Васіль Жыбуль, які абслугоўвае сустрэчы рэспубліканскага і абласнога футбольных пяршынстваў. Наша судзейская школа футбола, якой можна ганарыцца!

Аб’яўляюцца саставы камандаў, і пасля кожнага прозвішча гучаць апладысменты. Такіх знакамітых людзей ведаюць многія, бо хто ж не глядзіць тэлеперадачы?! Капітан каманды АНТ Тэнгіз Думбадзэ, таксама згаданы ўжо Анатоль Длускі, акцёры Яўген Булка, Васіль Раінчык, спевакі Сяргей Мінскі, Альберт Скараход, тэлевядучы спартыўных праграм Аляксей Багдановіч. І нарэшце прафесійныя футбалісты. Сяргей Гурэнка, які мае ў паслужным спісе выступленні і за нацыянальную зборную Беларусі, і за клубы, шырока вядомыя ў Еўропе – італьянскі «Рома», маскоўскі «Лакаматыў». Віталь Ледзянёў выступаў і ў вядучых камандах рэспублікі, і, як зазначыў каментатар, нейкі час у саставе стаўбцоўскага «Нёмана».

Відныя людзі і ў нас. На вастрыі атакі першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колесень, дырэктар ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Васіль Лаўрышчук, начальнік раённых электрасетак Вадзім Качановіч. Разам з вопытнымі таварышамі і іх маладзейшыя партнёры. І нашы, і госці – усе ўмеюць гуляць у футбол.

Лік адкрылі мінчане. З паса Тэнгіза Думбадзэ трапны ўдар нанёс Дзмітрый Кулінковіч. Адну за другой вострыя атакі праводзяць футбалісты каманды АНТ. Вось выходзіць на ўдарную пазіцыю Ілья Міціч, пра якога каментатар адзначыў, што дзякуючы яму састаў каманды інтэрнацыянальны, бо гэты супрацоўнік  тэлестудыі па нацыянальнасці серб. Накал матча нарастае, але выдатна дзейнічае наш варатар Вадзім Уставіч. І вось вострая атака на вароты мінчан, Андрэй Шпадарук радасна ўскідвае рукі – 1:1.

Госці стараюцца падтрымаць сваё рэнамэ. На полі выдзяляецца каржакаваты, з сівізной у валасах Тэнгіз Думбадзэ. Відаць, як ён накіроўвае напрамак атак і сам нястомна бяжыць да чужых варот. Ледзянёў аддае дакладны пас, і Думбадзэ зноў выводзіць мінчан наперад – 2:1.

Наш Уладзімір Клімовіч пад радасныя воклічы гледачоў робіць лік роўным – 2:2.

Напружаная барацьба? На полі – так, але каментатар Юрый Зінчанка выдатна ўзяў на сябе звыклую ролю шоумена. У мікрафон, літаральна з бегавой дарожкі, дакладна інфармуе гледачоў аб працэсе гульні, называе прозвішчы. Але на поўным сур’ёзе робіць гэта з тонкім гумарам, часам з «падколкай». Выходзіць і смешна, і весела, і нікому не крыўдна.

«Футбол – гэта менш, чым  жыццё», – папярэджваюць асабліва засяроджаных у вядомай песні пра Марадону. І сапраўды, футбол – сацыяльная з’ява, нацыянальны гонар. Усё гэта так, але ж гэта і проста гульня, асабліва калі яна таварыская. І эксцэнтрычны каментатар міжволі расслабляе напружанасць гледачоў, калі лік становіцца ўжо 4:2 на карысць гасцей. Ён і падбадзёрвае мясцовых футбалістаў. І вось ужо Андрэй Шпадарук забівае трэці гол, а літаральна за хвіліну да канца гульні, з адзінаццаціметровага, прызначанага за грубую гульню, наш капітан робіць лік нічыйным – 4:4. Але, як было дамоўлена, у выпадку нічыйнага зыходу ў асноўны час, прызначаюцца яшчэ пенальці. З адзінаццаціметровай адзнакі Яўген Булка, які старанна адпрацаваў на полі абаронцам, і тут можа міжволі, а можа апраўдваючы сваю знакамітую гумарную ролю, б’е значна вышэй варот. Праўда, перавага ў канчатковым выніку засталася за мінчанамі, але, як падвёў рахунак каментатар, «перамагла дружба!».

Потым была і абяцаная канцэртная праграма. Ёй асабліва захапляліся ўжо прадстаўніцы цудоўнай паловы, якіх таксама было шмат на трыбунах. Радавалі песнямі, выступаючы прама на футбольным полі, крыху астыўшыя ад гарачага паядынку, тыя ж Анатоль Длускі, Альберт Скараход, Сяргей Мінскі. «Дзякуй!», «Прыязджайце яшчэ!» – скандзіравалі гледачы на стадыёне «Юнацтва».

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *