Для калектыўнай бяспекі

Афіцыйна Нумары Тэма тыдня

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся з рабочым візітам у Таджыкістане, дзе прыняў удзел у Сесіі калектыўнай бяспекі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якая прайшла ў Душанбэ.

Лідары краін АДКБ на пасяджэнні ў вузкім складзе дамовіліся аптымізаваць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым заявіў 15 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

«Мы дамовіліся, што, калі трэба, падкарэкціруем у бліжэйшы час нашы статутныя дакументы і аптымізуем нашу арганізацыю. Прычына таго – сітуацыя, што абвастраецца, на граніцах вакол дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Значыць, гэта арганізацыя становіцца самай запатрабаванай арганізацыяй на постсавецкай прасторы», – сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, агульнымі для ўсіх краін-саюзніц застаюцца знешнія рызыкі і пагрозы. «Выклікаюць апасенні ўзрастаючы  ўзровень экстрэмізму, уплыў міжнародных тэрарыстычных груповак. Сёння мы сутыкаемся з эскалацыяй напружанасці ў зонах тлеючых канфліктаў, адкрытымі ваеннымі дзеяннямі і з’яўленнем новых ачагоў нестабільнасці, у тым ліку паблізу нашых граніц. Як вынік – гібель людзей, разбурэнне дзяржаў, збядненне народаў і беспрэцэдэнтныя патокі бежанцаў і нелегальных мігрантаў», – канстатаваў Прэзідэнт краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падчас сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты комплексна разгледзелі найбольш важныя напрамкі развіцця АДКБ і скарэкціравалі планы работы на будучыню.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы патрабуе ўмацавання ваеннай магутнасці і механізмаў крызіснага рэагавання. Аб гэтым заявіў 15 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў бліжэйшы час трэба нарасціць некаторыя элементы ваеннага складніка, а менавіта, вызначыцца з рэгіянальнымі сістэмамі ППА, міратворчымі сіламі.

«Сёння пры планаванні далейшай работы арганізацыі трэба зыходзіць з існуючых рэсурсаў, ставіць максімальна канкрэтныя задачы, якія вынікаюць з рэальнай ацэнкі знешніх і ўнутраных пагроз», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта Беларусі, паскорыўшы работу над Стратэгіяй калектыўнай бяспекі, АДКБ зможа забяспечыць фарміраванне адзіных поглядаў на абарону сваіх інтарэсаў. «Укараненне агульных стандартаў абароннай прадукцыі, аснашчэнне воінскіх кантынгентаў АДКБ уніфікаваным узбраеннем і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем дадуць магчымасць значна ўмацаваць ваенны патэнцыял арганізацыі», – лічыць кіраўнік краіны. Ён са шкадаваннем заўважыў, што па гэтых пытаннях апошнім часам «мы шмат гаворым, але мала чаго зрабілі». Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кіраўнікі дзяржаў павінны няўхільна і бездакорна выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай частцы, асабліва наконт аснашчэння.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што патрэбны і прадуманыя дыпламатычныя меры. Паводле яго слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі рэгіянальнымі і міжнароднымі структурамі па бяспецы павінна быць адным з асноўных сродкаў у нарошчванні патэнцыялу АДКБ як аўтарытэтнай арганізацыі, у павышэнні ўзроўню даверу і зніжэнні напружанасці ў рэгіёне і цэлым свеце.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў бягучым годзе даволі эфектыўна прадоўжана каардынацыя знешнепалітычнай дзейнасці арганізацыі, што ў асноўным датычыцца работы Савета міністраў замежных спраў. Акрамя таго, адпрацаваны пытанні прымянення Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, аказана ваенная падтрымка саюзнікам матэрыяльнымі і іншымі сродкамі, атрымліваюць дадатковую прапрацоўку на міждзяржаўным узроўні механізмы сумеснага процідзеяння новым выклікам і пагрозам.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў поспехаў Арменіі, якая прымае эстафету старшынства ў арганізацыі, і пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да мэт і прынцыпаў Дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Мы гатовы і далей да супрацоўніцтва з дзяржавамі-членамі ў развіцці саюзніцкіх адносін ва ўсіх сферах забеспячэння міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі», – падкрэсліў Прэзідэнт краіны.

БелТА

 

ДРУГІ БЕЛАРУСКІ КАСМІЧНЫ АПАРАТ

Беларусь плануе запусціць Беларускі касмічны апарат БКА-2 у космас у 2017 годзе. Аб гэтым заявіў 15 верасня старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў.

Ён растлумачыў, што нядаўна НАН Беларусі падпісала дагавор з карпарацыяй «Раскосмас» аб стварэнні такога апарата. «Гарантавана можна сказаць, што мы знаходзімся на стадыі актыўнай распрацоўкі. Калі да гэтага вяліся перагаворы, былі сумненні, мы ўдакладнялі пазіцыі па фінансаванні, камплектаванні, электроніцы, то цяпер ужо дакладна вызначыліся: будзем запускаць спадарожнік з расійскімі калегамі», – дадаў старшыня Прэзідыума НАН.

Паводле слоў Уладзіміра Гусакова, лятальныя апараты БКА і БКА-2 будуць знешне падобныя, аднак будуць мець прынцыповае адрозненне ў начынцы, у прыватнасці, у распазнаванні. «Калі ў цяперашнім спадарожніку  двухметровае распазнаванне, то ў новым плануецца меншае за метр (субметровае)», – сказаў ён.

Новы лятальны апарат будзе мець на борце электроніку беларуска-расійскай вытворчасці і валодаць больш высокай надзейнасцю.

Як паведамлялася, у канцы жніўня расійская карпарацыя УНДІЭМ і НАН Беларусі падчас міжнароднага авіяцыйна-касмічнага салона МАКС-2015 падпісалі пагадненне аб распрацоўцы і наступнай эксплуатацыі касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі высокага распазнавання – БКА-2.

Раней Расія і Беларусь стварылі сумесную расійска-беларускую наземную інфраструктуру кіравання беларускім (БКА) і расійскім («КАНОПУС-В») касмічнымі апаратамі і сістэму прыёму і апрацоўкі інфармацыі, што атрымліваецца з іх.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *