У «Фрэор Рэфрыгерайшн» адкрыты новы цэх

Нумары Прадпрымальніцтва Факты, падзеi, людзi

Для многіх нашых чытачоў  больш успрымальным і «прыземленым» стане замежны брэнд «Фрэор Рэфрыгерайшн», калі яны даведаюцца, што асначэнне новага ў нашым горадзе магазіна гандлёвай маркі «Еўраопт» ажыццёўлена сучаснымі халадзільнымі вітрынамі, маразільнымі і халадзільнымі камерамі, якія выраблены на заказ на гэтым стаўбцоўскім прадпрыемстве.

Для нас была нагода пабыць на «Фрэор Рэфрыгерайшн» у сувязі з такой вытворчай падзеяй – здачай у эксплуатацыю новага цэха. Урачыстая прэзентацыя яго адкрыцця адбылася падчас наведвання Стоўбцаў журналістамі  рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі ў ходзе выязной прэс-канферэнцыі з удзелам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры.

На сучасны момант гэтае беларуска-літоўскае прадпрыемства з’яўляецца вядучым вытворцам халадзільнага абсталявання для аб’ектаў гандлю ў Беларусі і дэманструе сучасныя інавацыйныя тэхналогіі ў вобласці прамысловага холаду.

Калі ўзяць да ўвагі лічбы, што аб’ём экспарту складае 55 працэнтаў ад усёй выпушчанай прадукцыі, то смела можна сказаць, што вага гэтага завода важкая і за межамі нашай краіны – халадзільнае абсталяванне закупляюць Расійская Федэрацыя і Казахстан. Тэпмы росту экспарту да ўзроўню мінулага года склалі 220 працэнтаў. Аднак гэтая лічба не ўспрымаецца ў найвышэйшай ступені дырэктарам СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» Юрыем Звыцэвічам. Такі аб’ём экспарту далі заказы мінулага года. Крызісная эканамічная сітуацыя на рынку суседніх краін унесла змены ў попыт, рэзка скараціўся рынак спажывання. Гэта выклікана змяншэннем аб’ёмаў уводу гандлёвых аб’ектаў, прыпынена будаўніцтва. Такое адчуваецца не толькі на расійскім, але і на айчынным рынку: напрыклад, колькасць уведзеных у строй новых гандлёвых аб’ектаў сеткі «Еўраопт» у 2015 годзе ў параўнанні з папярэднімі скарацілася ўдвая.

Эканамічная сітуацыя на прадпрыемстве характэрная не толькі гэтымі ваганнямі на сусветным рынку, але і ўласнай вытворчай праграмай. Будаўніцтва новага вытворчага цэха адняло нямала абаротных сродкаў, патрабавала сур’ёзных капіталаўкладанняў. Затое цяпер прадпрыемства перамясціла да сябе тыя ўчасткі, якія да гэтага працавалі на арэндных плошчах суседняй Аграмашзапчасткі. У новым вытворчым цэху ажыццяўляецца канвеерная зборка гатовай прадукцыі. Уведзены да гэтага першы цэх цяпер задзейнічаны на вытворчасці паўфабрыкатаў.

Прадпрыемства актыўна працуе па імпартазамяшчэнні камплектуючых матэрыялаў. Тыя імпартныя камплектуючыя, якія магчыма замяніць, цяпер выпускаюцца на айчынных прадпрыемствах па спецыяльных заказах «Фрэор Рэфрыгерайшн». Такім чынам, прадпрыемства «вырошчвае» падрадчыкаў, якія па заказах робяць новую прадукцыю ў Беларусі.

За кошт аптымізацыі пашыраная вытворчасць укамплектавана тымі ж працоўнымі рэсурсамі, якія ёсць на прадпрыемстве. А вось з уводам новага цэха аб’ёмы выпушчанай прадукцыі можна падвоіць.

Пастаўкі халадзільнага абсталявання  СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн» апошняга часу маюць такую геаграфію – новыя гіпермаркеты у Гродне і Віцебску, гіпермаркет на станцыі метро «Магілёўская» ў Мінску, гіпермаркет гандлёвай сеткі «Прастор» у мікрараёне сталіцы «Каменная Горка».

Не самая спрыяльная эканамічная сітуацыя на расійскім рынку, можа здарыцца, адкрые новыя адрасы збыту прадукцыі ў працэсе пошукаў спажыўцоў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: дырэктар Юрый Звыцэвіч; умела працуе слесар  Павел Шпіль;  асвойвае абсталяванне новага цэха аператар станкоў  Андрэй Казей.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *