Пошта ў Горках

Нумары Соцыум

Вялікая нагрузка цяпер кладзецца на паштальёнаў – ідзе падпісная кампанія на чацвёрты квартал бягучага года.

Не выключэнне і паштовае аддзяленне Горкі, дзе чатыры вёскі абслугоўвае фактычна адзін паштальён – Данута Марчык. Жыхары Горак, Савоняў, Жацерава і Раёўшчыны добра ведаюць і цэняць Дануту Валянцінаўну. Усё сваё свядомае жыццё яна прыносіць у дамы вяскоўцаў свежыя газеты і часопісы, аказвае ім розныя сучасныя паслугі. Так склалася, што ў дастаўцы перыёдыкі Дануце Валянцінаўне аказвае дапамогу і начальнік аддзялення – Алена Рокаш. Калектыў аддзялення невялікі – на даны момант складаецца ўсяго з двух чалавек, таму без узаемавыручкі ніяк не абысціся.

Большасць падпіскі афармляе Данута Марчык дома ў людзей, што вельмі зручна. Паштальён заходзіць да іх і вечарам, не шкадуючы асабістага часу.

Сярод падпісных выданняў нязменным поспехам карыстаецца раённая газета. «Пры плане 76 экзэмпляраў падпіска на «Прамень» фактычна дасягае сотні экзэмпляраў», – гаворыць Алена Рокаш. Як правіла, людзі ў гэтых мясцінах цікаўныя, дапытлівыя, таму выпісваюць і абласную газету, рэспубліканскія выданні. Сярод актыўных падпісчыкаў – сям’і Саматыя з Жацерава і Меляшкевічаў з Раёўшчыны, Людміла Калішэвіч з Горак, Яніна Душкевіч з Савоняў. Рэкордная колькасць газет і часопісаў, да двух дзясяткаў выданняў, ідзе ў дамы Іны Іванец, Клаўдзіі Кожыч, Ларысы Гіраеўскай.

У сезон на пошту з самай раніцы спяшаюцца дачнікі – яны набываюць перыядычныя выданні ў розніцу. Наведвальнікамі запатрабаваны і іншыя паслугі. Балазе, спектр іх – самы шырокі, мала чым адрозніваецца ад «асартыменту» гарадскога паштовага аддзялення.

– Попытам карыстаюцца розныя плацяжы (разлічыцца за тавар можна і з дапамогай банкаўскай пластыкавай карткі), адпраўленні першага класа, экспрэс-пошта, пасылкі лінейкі «Камфорт». Вельмі добра пайшла паслуга «Па пуці» – з яе дапамогай у сезон вяскоўцы адпраўлялі блізкім і знаёмым ягады, – расказвае пра паштовыя будні Алена Рокаш.

Алена Міхайлаўна 17 гадоў адпрацавала бухгалтарам у мясцовай гаспадарцы, а пяць гадоў таму «перакваліфікавалася» ў работніка пошты. З камп’ютарам  яна на «ты», сваіх кліентаў ведае добра, таму працэс адаптацыі быў нядоўгім. І з першых дзён людзі выказалі ёй давер. Абавязкова пытаюцца яе парады, выбіраючы пакупку ці паслугу: «А як ты думаеш, Алена Міхайлаўна?» Ёй прыходзіцца ўсё паспяваць, каб не пакрыўдзіць людзей і каб яны выйшлі з пошты ў добрым настроі. Цяпер, калі ў аддзяленні ўкараняецца  новая паслуга –  гандаль таварамі праз каталог, асабісты прыклад Алены Рокаш асабліва відавочны. Калі яна заказала для сваёй сям’і коўдру з авечай воўны ці набор ільняных ручнікоў, то тут жа ў яе «пайшлі» заказчыкі акурат на гэты тавар. Працавітая сям’я Рокашаў вядомая ў тутэйшых ваколіцах і ўвогуле на Стаўбцоўшчыне і тым, што неаднойчы брала ўдзел і была пераможцай конкурсаў «Уладар сяла», «Лепшы сельскі падворак».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *