З паэтычным натхненнем – у Шчучын

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

Музыкай, песнямі і лірычнымі радкамі з вершаў беларускіх паэтаў сустрэў нашу дэлегацыю горад Шчучын, дзе 6 верасня адбылося свята беларускага пісьменства. Настаўнікі і вучні нашай школы расцанілі як вялікі гонар запрашэнне прыняць удзел у гэтым рэспубліканскім свяце. Пакланіцца роднаму слову, беларускім песням, паслухаць выступленні артыстаў і пісьменнікаў выйшаў увесь горад.

На сцэне Шчучынскага раённага Дома культуры адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Паэзія роднай зямлі» ў рамках дзіцячага свята «Вясёлка дзяцінства». Сярод узнагароджаных была і вучаніца трэцяга класа нашай школы Таццяна Рамэйка. Яна, як і ўсе іншыя пераможцы, чытала верш пра нашу радзіму, мову, багатую духоўную спадчыну.

З захапленнем і цікавасцю мы наведалі шматлікія выстаўкі і творчыя праекты, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. Сярод іх такія, як «Слова клікала да Перамогі» – падпольныя і партызанскія газеты ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выставачныя праекты, прысвечаныя творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў ваенныя гады, «Дарогамі вайны».

Адбылася прэзентацыя новых кніг беларускіх пісьменнікаў пад агульнай урачыстай назвай «Бацькаўшчына светлая мая».

Шчучыншчына з’яўляецца радзімай нашай славутай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Мы з задавальненнем сфатаграфаваліся ля помніка Алаідзе Пашкевіч, якая пакінула нам такі запавет: «Думаць усюды аб народзе. Родны край усюды сніць».

На свяце было шмат тэматычнай сувенірнай прадукцыі майстроў Гродзенскай вобласці. Адбыліся і майстар-класы па традыцыйных народных рамёствах: ткацтве, саломапляценні, ганчарстве, кавальстве, выцінанцы.

Агульная атмасфера была проста цудоўная, здавалася, што адбылося яднанне музыкі, слова, людзей і прыроды.

Свята сапраўды натхніла нас і зачаравала словам нашым, беларускім, такім блізкім і родным. У нашай школе прайшоў конкурс чытальнікаў «Гучы, паэтычнае слова», таксама прысвечаны 70-годдзю Перамогі і Году моладзі. Члены дэлегацыі, якія наведалі Шчучын і пабачылі ўрачыстасці на свае вочы, падзяліліся ўражаннямі з калегамі і вучнямі школы.

На здымках: пераможца рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў Таццяна Рамэйка са сваёй настаўніцай Рамуальдай Дубінец; фота ля помніка Цётцы.

Аліна ЧЭРНІК, Хрысціна РУСАН, вучаніцы 11 класса Рубяжэвіцкай сярэдняй школы

 

ЛЮБОЕ ЗАХАПЛЕННЕ ЎВАСОБІЦЦА ВА ЎМЕННЕ

Як зрабіць самую сумную справу цікавай і святочнай, а кожны дзень размаляваць яркімі фарбамі? Адказ просты: трэба знайсці захапленне, якое дазволіць раскрыць сябе, свае эмоцыі і пачуцці! Дзяцінства – найлепшы час для пазнання сваіх здольнасцяў, для пошуку заняткаў, якія не толькі цікавыя і займальныя, але і будуць карысныя ў далейшым самастойным жыцці. Дапамагчы вызначыцца з выбарам і быў закліканы Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які прайшоў ва ўстанове адукацыі «Стаўбцоўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».

Тыдзень умясціў у сабе масу розных мерапрыемстваў, галоўная мэта якіх – прыцягнуць як мага больш дзяцей і падлеткаў да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, пазнаёміць дзяцей і бацькоў з дзейнасцю установы, а таксама растлумачыць важнасць правільнай арганізацыі вольнага часу. Гасцям прапаноўвалі выставы, творчыя майстэрні, майстар-класы, гульнявыя і канцэртныя праграмы, прэзентацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах.

Традыцыйнае свята адкрыцця тыдня сабрала сяброў і расчыніла свае гасцінныя дзверы для юных, творчых, захопленых хлопчыкаў і дзяўчынак. Удзельнікі свята падарожнічалі па выставах выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе змаглі выбраць сабе занятак  даспадобы. Прайшлі майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі цэнтра і прэзентацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах. У інтэлектуальна-забаўляльнай праграме «Інтэлектуальны разнабой» навучэнцы прадэманстравалі свае творчыя, танцавальныя, інтэлектуальныя, спартыўныя ўменні.

Святочны настрой на працягу тыдня падтрымлівалі гульнявыя праграмы. Госці з цікавасцю прымалі ўдзел у гульнях, конкурсах, віктарынах. Кожнаму жадаючаму была дадзена магчымасць убачыць вынікі работы сваіх равеснікаў, пагутарыць з педагогамі, паўдзельнічаць у майстар-класах.

Закончыўся тыдзень выставай-прэзентацыяй работ «Галактыка творчасці» і канцэртна-забаўляльнай праграмай «Калі ўсім весела», дзе ўдзельнікі акунуліся ў цудоўны свет творчасці, фарбаў і дзіцячых фантазій.

Вось такія цікавыя мерапрыемствы напоўнілі праграму тыдня ў Стаўбцоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Дзеці былі галоўнымі гасцямі і ўдзельнікамі свята. Яны змаглі пазнаёміцца з рознымі відамі творчасці і, спадзяёмся, выбраць занятак, які спадабаўся.

Галіна ЖУКАВА, культарганізатар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *