Колас і ўраджай

Нумары Спорт

Балельшчыкам, якія сабраліся ў Дзераўную на матч «Нёман-Агра» з чэрвеньскім «Коласам», можна было б парэкамендаваць наступныя слоган (гучнае скандзіраванне) ці банар (спартыўнай тэрміналогіяй – транспарант): «Вітанне «Коласу» на зямлі Коласа!». З падтэкстам, зразумела: мы вас паважаем, ды сваіх ачкоў не аддадзім.

Можна толькі здагадвацца, якім быў намер у нашых футбалістаў, але чарговыя тры ачкі ў выніку былі запісаны на рахунак гасцей. «Колас» выйграў з лікам 2:0, і цяпер з 43 баламі ўзвышаецца ў турнірнай табліцы першынства Міншчыны. У наступных камандаў – «ДЮСШ-4» з Маладзечна і ФК «Валько» (Дзяржынскі раён) – адпаведна 39 і 36 ачкоў. Далей ідуць ФК «Старыя Дарогі» і «Лівадзія-Юні», таксама з Дзяржыншчыны, якія маюць 34 і 32 ачкі. І з салідным адставаннем размясціліся «Нёман-Агра», «Забудова-Буд» і «Вілія» – ва ўсіх камандаў, што дзеляць з шостага па восьмае месцы, набытак з 27 ачкоў.

Такія вось рэаліі. Усё больш растаюць у восеньскім тумане надзеі на прызавое месца стаўбчан. Хаця б у сярэдзіне затрымацца…

Дзеля справядлівасці скажам, што з «Коласам» нашы гулялі не ў самым моцным саставе. Прыгадаем, што адначасова, у той жа нядзельны дзень, вопытныя футбалісты «Нёман-Агра» былі задзейнічаны ў матчы зборнай Стаўбцоўскага раёна з камандай Агульнанацыянальнага тэлебачання. Напомнім, што капітан каманды стаўбчан Андрэй Шпадарук  забіў у гэтай сустрэчы тры галы.

І калі трэнер «Нёмана-Агра» скарыстаў магчымасць у гэтай гульні задзейнічаць дзеля набыцця вопыту юных футбалістаў, то вельмі правільна. Імкнуцца да чэмпіёнства са сваімі хлопцамі, якія гатовы праявіць увесь энтузіязм, а не з абыякавымі гастралёрамі, больш надзейна. І вопытныя, калі пастараюцца, могуць пакласці на лапаткі любога саперніка.

Нездарма на рахунку нашай каманды 71 мяч, праведзены ў матчах абласнога першынства, 18 галоў забіў Дзмітрый Даўбейка.

Каманда «Колас»з Чэрвеня толькі сёлета выбілася ў лік лідараў. У нашых вопыту значна больш. Толькі б збіраць ураджай ды рыхтавацца да новага засеву.

Ф.ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *