Падтрымаць імідж дзяржавы

Афіцыйна Нумары Тэма тыдня

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 верасня заяўку Нацыянальнага алімпійскага камітэта на ўдзел у XXXI летніх Алімпійскіх гульнях.

Старт XXXI Алімпійскім гульням будзе дадзены менш як праз год, і тут выступяць лепшыя беларускія прадстаўнікі ў летніх відах спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Гэта будзе вельмі сур’ёзны экзамен для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны, – сказаў Прэзідэнт. – Кожны спартсмен і трэнер павінен разумець, што заваяванне медаля – гэта не толькі яго асабістыя памкненні. Уся краіна з асаблівым хваляваннем, з заміраннем сэрца будзе сачыць за выступленнем нашай каманды».

«Нельга забываць, што спорт – гэта дух нацыі, а паспяховае выступленне на міжнародных спаборніцтвах – гэта велізарны прэстыж дзяржавы», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў алімпійцам яркіх перамог і дастойна прадставіць Беларусь на сусветнай арэне, прымножыўшы яе славу. «Мы верым у вас, мы шчыра спадзяёмся, што майстэрства, мэтанакіраванасць дадуць магчымасць пакарыць алімпійскія вяршыні», – адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, 22 верасня Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе пачэсных гасцей штаб-кватэры НАК Беларусі. Была высаджана алімпійская алея. У мерапрыемстве прынялі ўдзел чэмпіёны і прызёры гульняў, сярод якіх Дар’я Домрачава, Антон Кушнір, Вікторыя Азаранка і іншыя. Кіраўнік дзяржавы пасадзіў дрэва на алімпійскай алеі, затым нефармальна пагутарыў са спартсменамі і трэнерамі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае высокі аўтарытэт беларускага спорту ў сусветнай алімпійскай сям’і. На гэты факт ён звярнуў увагу 22 верасня падчас наведвання Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Звяртаючыся да спартсменаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што іх перамогі – прадмет асаблівага гонару беларускага народа. «Пра беларусаў цяпер гавораць як пра маладую, спартыўную нацыю, якая дынамічна развіваецца. Гэта пытанне не толькі іміджу дзяржавы, але і яе будучыні», – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы з задавальненнем заўважыў, што здаровы лад жыцця і рэгулярныя заняткі спортам усё больш становяцца прывычнымі для жыхароў краіны. Паводле яго слоў, беларускі спорт уносіць істотны ўклад у пашырэнне нацыянальных інтарэсаў у знешняй палітыцы. «Поспехі ў спартыўнай сферы прыкметна садзейнічаюць пазнавальнасці Беларусі, пашырэнню міжнароднага супрацоўніцтва», – адзначыў Прэзідэнт.

«Сёння гавораць: спорт па-за палітыкай. Спорт – гэта самая вялікая палітыка», – падкрэсліў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што некаторыя вялікія спартсмены, выступаючы ў сродках масавай інфармацыі, скардзяцца, што на іх аказваецца залішні націск грамадскасці. Кіраўнік дзяржавы заклікаў спартсменаў адэкватна ўспрымаць гэта. «На любога спартсмена заўсёды аказваўся націск, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Вы вялікія, вы выступаеце сярод роўных».

«Калі вы, дасягнуўшы такой вышыні, трапляеце пад крытыку ў сродках масавай інфармацыі, ну што ж, цярпіце і пераадольвайце гэты націск. На вас націскаюць не таму, што вы дрэнныя, а таму, што вашы перамогі – гэта больш, чым палітыка», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў свеце Беларусь асацыіруецца з імем Дар’і Домрачавай. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што спартсмены такога ўзроўню моцна «ўманціраваны ў палітыку», «з гэтага пачынаецца ўвесь дыялог на самым высокім узроўні».

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад беларускіх спартсменаў выступлення на Алімпіядзе-2016 у Рыа-дэ-Жанэйра на ўзроўні, адэкватным укладзеным сілам і сродкам. Аб гэтым ён заявіў падчас наведвання Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што маючыя адбыцца летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра будуць сур’ёзным экзаменам для кожнага атлета і трэнера, для ўсёй спартыўнай галіны.

«Цяпер у нас у гэтай сферы робіцца фактычна ўсё, што патрабуецца. Нам вельмі не проста даецца кожны рубель, які мы туды накіроўваем. Таму беларускі народ мае права разлічваць на належную аддачу», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што чакае ад спартсменаў заваяванняў хаця б такой колькасці медалёў, якая была на папярэдніх буйных стартах. «І вы гэта зрабіць можаце. Таму рыхтуйцеся вельмі сур’ёзна, – сказаў беларускі лідар. – Мы за вас за ўсіх перажываем. Таму не аддавайце сваё!»

«Інакш што гэта за барацьба, калі вы выходзіце на дыван, загадзя прайграўшы паядынак?» – дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бліжэйшы час на яго ўзроўні будзе праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных абмеркаванню праблем у спартыўнай галіне.

«Вашы абавязацельствы – добра выступіць на Алімпіядзе. Калі нешта трэба – гаварыце загадзя, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мы пабудавалі шмат спартыўных аб’ектаў, і яны павінны быць задзейнічаны для таго, каб ад гэтага была карысць».

БелТА

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *